Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Foreign Policy: Лукашэнка губляе ляяльнасьць службаў бясьпекі


Менск, 8 лістапада 2020 г.
Менск, 8 лістапада 2020 г.

Каб утрымаць уладу ў сваіх руках, Аляксандру Лукашэнку трэба дзьве рэчы: падтрымка Расеі і ляяльнасьці беларускіх службаў бясьпекі.

Гэтак лічаць аўтары артыкулу ў амэрыканскім выданьні Foreign Policy Ўлад Кобец, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру International Strategic Action Network for Security і Дэйвід Крэймэр, дасьледчык інстытуту Маккейна і былы памочнік дзяржсакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша-малодшага.

Паводле іх, сярод службаў бясьпекі Беларусі зьяўляюцца прыкметы таго, што дні лукашэнкаўскага рэжыму падыходзяць да канца.

«Дэзэртырства ў шэрагах міліцыі і службаў бясьпекі можа зьмяніць хаду падзей. Калі тыя, каму Лукашэнка аддае загады ўжываць жорсткія мэтады супраць удзельнікаў пратэстаў, усьведамляюць, што гэтыя загады няправільныя, і перастануць іх выконваць, тады рэжым абрынецца, як картачны домік. І цяпер зьявіліся прыкметы таго, што менавіта гэта і адбываецца», — гаворыцца ў артыкуле.

Паводле аўтараў, адток асабовага складу з МУС Беларусі і іншых сілавых органаў пачаўся яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі і працягваецца да гэтага часу.

Зьвесткі, якія апынуліся ў руках International Strategic Action Network for Security, сьведчаць, што тэмп дэзэртырства ў МУС Беларусі дасягнуў піку пасьля фальсыфікацыі выбараў і выкарыстаньня грубай сілы супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. У канцы жніўня ў галоўны аддзел кадраў міністэрства было пададзена больш за 300 рапартаў аб няяўцы афіцэраў на працу. Страты пэрсаналу працягнуліся ў верасьні, а затым рэзка скарацілася.

Колькасьць супрацоўнікаў галоўнага ўпраўленьня МУС у Менску скарацілася на 18%, гаворыцца ў артыкуле. У Цэнтральным РУУС Менску, страта кадраў дасягнула 29%. Многія з тых, хто сышоў з працы ў органах, з тых часоў атрымліваюць фінансавую і маральную падтрымку ад беларускай дыяспары.

Шэраг дзейных і былых працаўнікоў розных праваахоўных органаў прызналі, што Лукашэнка незаконна чапляецца за ўладу. Яны аб’ядналіся ў арганізацыю пад назвай «By_Pol». Гэта сетка афіцэраў МУС, памежнай службы, пракуратуры і КДБ. Усе яны ўсталі на бок людзей на вуліцах супраць Лукашэнкі. Аўтары заўважаюць, што гэтыя людзі «ня хочуць весьці вайну супраць уласнага народу, сяброў і семʼяў». І да іх далучаецца ўсё больш новых перабежчыкаў.

Алег Талярчук звольніўся з Генэральнай пракуратуры Беларусі. Ён адзін з такіх афіцэраў.

«Я хачу падтрымаць мужных беларусаў, якія былі рэпрэсаваныя», — сказаў ён.

Талярчук і шэраг іншых высокакваліфікаваных спэцыялістаў нядаўна сышлі з Генэральнай пракуратуры ў знак пратэсту супраць жорсткай расправы над людзьмі на вуліцах. Да іх далучаецца ўсё большая колькасьць лекараў і мэдыкаў, якія лячылі пацярпелых ад рук міліцыі, гаворыцца ў артыкуле. Сярод доказаў былі агнястрэльныя раненьні галавы і іншых частак цела, адкрытыя раны ў грудной клетцы, пашкоджаньні ад выбухоўкі, нажавыя раненьні, тэрмальныя і хімічныя апёкі, сьляды катаваньняў і траўмы пасьля выбухаў сьвятлашумавых гранатаў.

Заахвочваньне яшчэ большай колькасьці беларускіх праваахоўнікаў далучацца да By_Pol і падтрымка рэгістрацыі злачынстваў павінны стаць галоўным прыярытэтам беларускай апазыцыі і Захаду, лічаць аўтары артыкулу. Гэта можна зрабіць, аказваючы фінансавую дапамогу тым, хто адмовіўся ад сваёй працы, а таксама даючы гарантыі бясьпекі ў абмен на паказаньні супраць злачынцаў. Калі гэты рух дасягне піку, Лукашэнка застанецца без сілаў, якія б яго падтрымлівалі. Калі ня будзе больш каму выконваць яго брутальныя загады, ён страціць здольнасьць захоўваць уладу ў сваіх руках без уварваньня Расеі, заключаюць аўтары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG