Сярод сотняў парушэньняў самымі вызначальнымі ў сваёй справаздачы праваабаронцы прызналі: выключэньні з перадвыбарнай гонкі папулярных кандыдатаў; актыўнае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць Лукашэнкі; адсутнасьць бесстароньніх выбарчых камісій; прымус выбарнікаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні; закрытасьць шэрагу выбарчых працэдур для назіральнікаў.
Увядзеньне ЦВК абмежаваньняў для колькасьці назіральнікаў на ўчастках для галасаваньня прывяло да зрыву назіраньня за ўсімі яго відамі, а таксама за падлікам галасоў. Адзначаецца, што «важныя этапы выбарчай кампаніі прайшлі цалкам непразрыста».
Аўтары дакумэнту падкрэсьлілі, што пры фармаваньні выбарчых камісій выканкамы ўжылі дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазыцыйных партый: з 545 вылучаных імі ў склад участковых камісій увайшлі толькі 6 чалавек (1,1% ад вылучаных). Справаздача падагульняе, што ўсе 484 скаргі ў суды на рашэньні аб утварэньні выбарчых камісій засталіся альбо без задавальнення, альбо без разгляду.
Агітацыя на карысьць Лукашэнкі спалучалася з шырокай кампаніяй дыскрэдытацыі найбольш актыўных альтэрнатыўных кандыдатаў. У этэры тэлевізійных каналаў рэгулярна выходзілі сюжэты са зьвесткамі з крымінальных спраў, якія дыскрэдытавалі такіх кандыдатаў, прадстаўнікоў іх штабоў, у тым ліку выключаных зь перадвыбарнай гонкі Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыку. Для іх дыскрэдытацыі актыўна выкарыстоўваліся і Telegram-каналы.
Па зьвестках Беларускай асацыяцыі журналістаў, перадвыбарчыя звароты кандыдатаў трансьляваліся ў нярэйтынгавы час. Іх прыхільнікі і апанэнты ня мелі магчымасьці абмеркаваць іх зьмест на дзяржаўнай тэлевізіі ці радыё. Выступы кандыдатаў не анансаваліся, а прозьвішчы ў праграмах не падпісвалі. Акрамя таго, інфармацыя пра чарговасьць і час выступу кожнага з кандыдатаў адсутнічала.
Прынятыя на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі меры заахвочваньня ў выглядзе павышэньня пэнсій, пераносу на больш раньні тэрмін іх выплаты зьяўляліся подкупам выбарнікаў.
Праблемаў зазналі і назіральнікі. З 798 назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», акрэдытаваных на выбарчых участках у пэрыяд датэрміновага галасаваньня, толькі аднаму прадстаўніку кампаніі далі магчымасьць назіраць на працягу ўсіх пяці дзён датэрміновага галасаваньня.
З самага пачатку датэрміновага галасаваньня назіральнікі зазнавалі ціск і перасьлед з боку іншых членаў камісій, міліцыі, а некаторыя нават з боку сваіх працадаўцаў.
Шэраг беларускіх грамадзян выбарчага веку ня здолеў прагаласаваць у асноўны дзень, бо не пасьпеў гэтага зрабіць. У Менску, Берасьці і шэрагу іншых гарадоў паведамлялася аб вялікіх чэргах выбарнікаў на ўчастках, на шэрагу ўчасткаў агульная яўка склала болей за 100%. Гэтыя факты яшчэ раз пацьвярджаюць відавочнае перавышэньне яўкі датэрміновага галасаваньня.
Нягледзячы на ў цэлым мірны характар пратэстаў, супраць дэманстрантаў, а таксама выпадковых людзей, якія апынуліся ў месцах сутыкненьня зь сілавымі падразьдзяленьнямі, на працягу 9-12 жніўня ўжывалася непрапарцыйная фізычная сіла, спэцсродкі і ўпершыню ў гісторыі Беларусі сьвятлашумавыя гранаты, вадамёты і зброя — траўматычная, а ў асобных выпадках і баявая.
Міністэрства аховы здароўя паведаміла аб тым, што ў шпіталі з раненьнямі за два дні пратэстаў было дастаўлена больш за 200 чалавек, некалькім патрабаваліся апэрацыі. Але згодна з усімі дадзенымі, якія праваабаронцы атрымалі ад мэдыкаў, толькі ў адным Менску ў пэрыяд з 9 па 21 жніўня ва ўстановы аховы здароўя зьвярнуліся больш за 1200 чалавек. Двое дэманстрантаў у гэты пэрыяд загінулі ў выніку прымяненьня зброі.