У Фэдэральнай гандлёвай камісіі лічаць, што Facebook займаецца сыстэматычнай ліквідацыяй канкурэнтаў, набываючы малыя і пэрспектыўныя кампаніі, як гэта адбылося ў выпадку з Instagram ў 2012 годзе і з WhatsApp ў 2014 годзе.
Паводле генэральнага пракурора штату Нью-Ёрк Лэтышы Джэймс, Facebook «карыстаецца сваёй манаполіяй для ліквідацыі больш дробных супернікаў і душачы канкурэнтаў за кошт звычайных карыстальнікаў».
Прадстаўнікі Facebook назвалі дзеяньні ўладаў «рэвізіянізмам» і заявілі, што ўрад карае паспьяховы бізнэс, нагадаўшы, што менавіта FTC некалькі гадоў таму выдала кампаніі дазвол на куплю Instagram і WhatsApp.
Антыманапольныя пазовы супраць Facebook сталі другім раўндам дзеяньняў ураду, накіраваных супраць тэхналягічных гігантаў, паведамляе «Голас Амэрыкі». Так у кастрычніку сёлета Міністэрства юстыцыі падало пазоў супраць Google за злоўжываньне дамінуючым становішчам у галіне онлайн-пошуку і рэклямы ў інтэрнэце. Паводле абвінавачаньня ў зацісканьні канкурэнтаў пад сьледзтвам Кангрэсу і фэдэральных уладаў знаходзяцца таксама кампаніі Amazon і Apple.
Камісія у 2019 годзе аштрафавала Facebook на 5 мільярдаў даляраў за парушэньне прыватнасьці дадзеных карыстальнікаў і ўвяла новыя кантрольныя правілы і абмежаваньні ў дачыненьні да кампаніі. Найбуйнейшы штраф, які FTC некалі накладала на тэхналягічныя кампаніі, не зрабіў заўважнага ўплыву на дзейнасьць Facebook.
Facebook — найбуйнейшая сацыяльная сетка ў сьвеце, якая налічвае каля 2,7 мільярда карыстальнікаў. Рынкавы кошт кампаніі ацэньваецца на 800 мільярдаў даляраў, генэральны дырэктар кампаніі Марк Цукербэрг уваходзіць у топ-5 найбагацейшых людзей у сьвеце.
За апошнія 15 гадоў Facebook паглынуў, акрамя Instagram і WhatsApp, прыкладна 70 кампаній. За Instagram кампанія заплаціла мільярд даляраў. На той момант у праграмцы для публікацыі фатаграфій і кароткіх відэаролікаў было каля 30 мільёнаў карыстальнікаў, яна не прыносіла прыбытку. Цяпер Instagram карыстаюцца больш за мільярд чалавек па ўсім сьвеце. Празь некалькі гадоў Facebook набыў мэсэнджэр WhatsApp за 19 мільярдаў даляраў.