«Такім чынам, сябры, гэта ўсё ж адбылося — хоць і на некалькі месяцаў пазьней, чым мы думалі. KYKY заблякаваны на тэрыторыі Беларусі рашэньнем Міністэрства інфармацыі. Мы не маркоцімся, бо ведаем: вы разьбіраецеся ў ВПНах і сучасных трафіках лепш, чым дзяржаўныя міністэрствы — у блякаваньнях. Мы працягнем працаваць, хай гэта і клопатнае дзелца!», — напісала рэдакцыя Kyky.
Сайт ужо «пераехаў» на новы адрас: цяпер ён знаходзіцца на дамэне KYKY.media.
Праблемы ў онлайн-часопіса пачаліся пасьля затрыманьня 27 жніўня дырэктара рэклямнага агенцтва Vondel / Hepta і сузаснавальніка Kyky Аляксандра Васілевіча. У чым яго вінавацяць, дагэтуль невядома. Ён пад вартай. Праваабаронцы прызналі Васілевіча палітвязьнем.
У той дзень у офісе агенцтва супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю правялі ператрус. Зь ператрусам таксама прыйшлі дахаты і да дырэктара часопіса Сашы Раманавай. Пасьля гэтага дырэктар, галоўны рэдактар і частка рэдакцыі Kyky часова выехалі з краіны. 1 верасьня стала вядома пра блякаваньне рахунку кампаніі «Мінт-Мэдыя», якая працуе над онлайн-часопісам Kyky.org. Рэдакцыя паведаміла, што такое рашэньне прыняў ДФР КДК.
Тыдзень таму, 2 сьнежня, у Беларусі заблякавалі сайт «Медиазона. Беларусь». Сёньня рэдакцыя атрымала тлумачэньне прычынаў. У лісьце гаворыцца, што прычынай забароны доступу на тэрыторыі Беларусі стаў «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкаю», і згадваецца забарона каналу NEXTA Live.