Пра гэта Digital Report расказалі прадстаўнікі некалькіх гандлёвых кампаній, якія плянавалі продаж новых кансоляў.
Па іх словах, Microsoft ня стаў сэртыфікаваць прадукцыю на дзяржаўным узроўні, што можа сьведчыць пра адсутнасьць плянаў на продаж і гарантыйную падтрымку.
Пры гэтым патлумачыць, якія менавіта санкцыі не дазваляюць амэрыканскай кампаніі гандляваць у Беларусі, у Microsoft не змаглі.
Першую партыю кансоляў Xbox Series у Беларусь паставіла прыватная кампанія «Патио», якая працуе пад брэндам «5 элемэнт». Сэртыфікацыю праводзілася самастойна ў якасьці асобнай партыі. Гэта значыць, што для дастаўкі новых кансоляў сэртыфікацыю давядзецца паўтарыць.
Магчыма, у беларусаў хутка зьнікне магчымасьць купляць лічбавыя копіі гульняў у краме Microsoft, мяркуе крыніца. Зрэшты, гэта робіцца ня столькі з-за санкцый, колькі з-за новай стратэгіі, калі Xbox павінен прысутнічаць толькі на рынках, якія прызнаюцца амэрыканскай карпарацыяй.
Яшчэ падчас запуску Xbox One кампанія вяла перамовы зь беларускім бізнэсам на аказаньне паслуг тэхнічнага абслугоўваньня. Меркавалася, што беларусы змаглі б зьвяртацца да прадстаўніка Microsoft, які забясьпечваў бы гарантыйны рамонт і абслугоўваньне кансоляў. Але перамовы замарозілі і сэрвісны цэнтар не запрацаваў.
У плянах Microsoft была прэзэнтацыя афіцыйнага Xbox у Беларусі ў 2021 годзе і арганізацыя плацяжоў у краме гульняў у рублях. Але пляны могуць быць адкладзеныя праз складаную палітычную сытуацыю ў краіне.
Пытаньне афіцыйнай прысутнасьці Xbox Series у Беларусі будзе вырашацца летам наступнага году.