Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў калёнцы для Washington Post паведаміла, што наведае сталіцу ЗША на інаўгурацыйным тыдні


Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Швэцыю.
Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Швэцыю.

Сьвятлана Ціханоўская разьлічвае, што амэрыканскі Сэнат прыме Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі да канца гэтага году. Пра гэта яна напісала ў калёнцы для газэты Washington Post.

18 лістапада дакумэнт ухваліла Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША і перадала ў Сэнат гэтага заканадаўчага органа.

Як піша Ціханоўская, законапраект пашырыць кола тых, хто можа трапіць пад санкцыі ў адпаведнасьці з заканадаўствам ЗША за саўдзел у рэпрэсіях. У той жа час ён акажа падтрымку незалежным СМІ і тэхналёгіям для абыходу дзяржаўнай цэнзуры. «Доступ да інфармацыі — самая моцная зброя, якую мы маем. Спробы Лукашэнкі здушыць свабодны паток інфармацыі і схаваць свае жорсткія рэпрэсіі ня могуць застацца без адказу», — заявіла палітык.

«Мы ўдзячныя Эўрапейскаму Зьвязу і ЗША за іх рашучую маральную і тэхнічную падтрымку, — падкрэсьліла Ціханоўская. — Мы цэнім намаганьні цяперашняй амэрыканскай адміністрацыі, якая нядаўна пашырыла санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў у нашай краіне. Я асабіста ўдзячная намесьніку дзяржсакратара Стывэну Бігану за сустрэчу са мной і гатоўнасьць дапамагчы беларускаму дэмакратычнаму руху».

Ціханоўская таксама адзначыла, што за апошні месяц ЭЗ увёў санкцыі ў дачыненьні да 59 беларускіх чыноўнікаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі, але, паколькі беларускі народ працягвае выходзіць на вуліцы, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я і эскаляцыю гвалту з боку дзяржавы, ёсьць неабходнасьць ва ўзмацненьні міжнароднай падтрымкі. «Дзеяньні Кангрэсу ў Вашынгтоне дадуць дадатковы эфэкт, падахвочваючы Брусэль даць уласны рашучы адказ», — лічыць палітык.

Яна паведаміла, што плянуе наведаць сталіцу ЗША на інаўгурацыйным тыдні (18-24 студзеня 2021 году; Джо Байдэн прынясе прысягу прэзыдэнта 20 студзеня), каб «асабіста падзякаваць цяперашняй адміністрацыі за дапамогу народу Беларусі». «У той жа час я спадзяюся на разьвіцьцё трывалых адносін з новай адміністрацыяй, каб палегчыць пераход Беларусі да дэмакратыі», — адзначыла Ціханоўская.

3 сьнежня Сьвятлана Ціханоўская афіцыйна заявіла пра гатоўнасьць узначаліць краіну ў пераходны пэрыяд.

Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі быў прадстаўлены кангрэсмэнам Крысам Сьмітам, які зьяўляецца таксама аўтарам папярэдніх актаў аб дэмакратыі ў Беларусі ад 2004, 2006 і 2011 гадоў. Прапанова аб пераглядзе Акту аб дэмакратыі была ўхваленая без пярэчаньняў.

Акт пашырае паўнамоцтвы прэзыдэнта ЗША да ўвядзеньня новых санкцыяў у дачыненьні да краіны, у тым ліку ў сувязі «са спрэчнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 года і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўраду».

«Прэзыдэнт можа накласьці візавыя санкцыі ў дачыненьні да любога замежніка, які зьяўляецца сябрам ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 году, зьяўляецца дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, зьяўляецца службовай асобай Саюзнай дзяржавы ці зьяўляецца расейскім фізычнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэннях правоў чалавека, зьвязаных з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі», — гаворыцца ў тлумачэньні да законапраекту.

Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўтрымлівае таксама наступныя палажэньні:

  • заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
  • прызнае Каардынацыйную раду, створаную зь ініцыятывы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
  • заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
  • падтрымлівае імкненьне беларускага народа да свабоды веравызнаньня;
  • прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
  • недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША па «непрызнаньні ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
  • заклікае да распрацоўкі стратэгіі ЗША па разьвіцьці тэле- і радыёвяшчаньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктара.

Каб законапраект уступіў у сілу, яго павінен ухваліць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG