Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва нарвэскай кампаніі — імпартэра калійнай солі асудзіла падаўленьне правоў чалавека ў Беларусі


Мітынг пратэсту ў Салігорску з удзелам шахтароў «Беларуськалію». Жнівень 2020 году
Мітынг пратэсту ў Салігорску з удзелам шахтароў «Беларуськалію». Жнівень 2020 году

Прадстаўнікі кампаніі Yara сустрэліся з нагоды рэпрэсій і звальненьняў на «Беларуськаліі» з амбасадарам Беларусі.

Гендырэктар кампаніі Yara Свэйн Тора Холшэр выступіў з асуджэньнем уціску правоў чалавека і правоў працоўных у Беларусі.

У заяве парушэньні правоў чалавека называюцца непрымальнымі для кампаніі, якая зьяўляецца адным з буйных пакупнікоў салігорскіх калійных угнаеньняў у Беларускай калійнай кампаніі.

Yara падтрымлівае асуджэньне Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека фактаў парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

«Зьяўляючыся доўгатэрміновым партнэрам адной з найбуйнейшых беларускіх кампаній, Yara ў апошнія месяцы імкнулася да пазытыўных зьменаў празь цесны і рэгулярны дыялёг з вышэйшым кіраўніцтвам БКК і «Беларуськалію». Пры падтрымцы розных зацікаўленых бакоў, перш за ўсё Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП), а таксама Нарвэскай канфэдэрацыі прафсаюзаў і Industri Energi, і ў цесным дыялёгу з нарвэскім фондам па правах чалавека Rafto, падыход кампаніі Yara заключаецца ў тым, каб аказваць уплыў праз сваю пастаянную прысутнасьць».

У верасьні генэральны дырэктар кампаніі Yara асабіста наведваў Салігорск, «каб патлумачыць, якое значэньне кампанія надае этычным паводзінам сваіх дзелавых партнэраў».

«Нягледзячы на нашы пастаянныя намаганьні, накіраваныя на зьмяненьне сытуацыі праз дыялёг, мы не назіраем значнага паляпшэньня сытуацыі для працаўнікоў «Беларуськалію». Асаблівую заклапочанасьць выклікаюць шматлікія паведамленьні аб звальненьнях рабочых, якія мірна выкарыстоўвалі свае дэмакратычныя правы».


«Цяперашняя сытуацыя для Yara непрымальная. Я вельмі выразна выклаў пазыцыю Yara ў размовах з шэрагам зацікаўленых бакоў, у тым ліку з амбасадарам Беларусі ў Скандынавіі Дзьмітрыем Мірончыкам. Нам неабходна ўбачыць неадкладнае і істотнае паляпшэньне ўмоў і ўзаемаадносін з працоўнымі калектывамі «Беларуськалію», спыненьне рэпрэсій, паляпшэньне ўмоў аховы працы», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Нарвэская кампанія Yara — найбуйнейшы ў сьвеце пакупнік мінэральных угнаеньняў. Беларусь для Yara — адна зь дзевяці краін, дзе тая купляе ўгнаеньні.

Упершыню заклапочанасьць сытуацыяй у Беларусі і выкананьнем правоў салігорскіх шахцёраў Yara выказала 15 верасьня. Візыт дэлегацыі адбыўся 18 верасьня.

Страйкам «Беларуськалію» неаднаразова заяўляў пра перасьлед уладамі і кіраўніцтвам прадпрыемства работнікаў, якія выказвалі нязгоду з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў, у тым ліку шляхам удзелу ў вулічных акцыях і страйках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG