Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біскуп Віцебскі заклікаў перагледзець справу і вызваліць арыштаванага ксяндза Вячаслава Барка


Ксёндз Вячаслаў Барок
Ксёндз Вячаслаў Барок

Адміністрацыйную справу арыштаванага на 10 сутак пробашча парафіі сьвятога Язафата Кунцэвіча ў Расонах ксяндза Вячаслава Барка павінна быць перагледжана, а самога яго належыць адпусціць.

Такое меркаваньне выказаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у адмысловым паведамленьні, апублікаваным на партале Рымска-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі.

Каталіцкі герарх зьвярнуў увагу на той факт, што ксёндз Вячаслаў быў абвінавачаны ў «прапагандзе нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі». «Асновай для судовага працэсу стала публікацыя на асабістай старонцы сьвятара ў адной з сацыяльных сетак плякату палітычнага зьместу, які, у адпаведнасьці з перакананьнем ксяндза Вячаслава і аўтара пляката, мае антыфашысцкую накіраванасьць, — адзначыў біскуп Буткевіч. — Суду сьвятар растлумачыў, што ён выступае «супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму» і што згаданы плякат быў ім разьмешчаны як выраз «пратэсту супраць гвалту ў краіне».

Наўпроставы лінк

Па словах біскупа Віцебскага, у яго «складваецца ўражаньне, што тлумачэньні» арыштаванага сьвятара «не былі прынятыя судом да ўвагі». «У выніку ксяндзу Вячаславу Барку быў вынесены абвінаваўчы прысуд, зь якім сьвятар не пагадзіўся і зь якім не магу пагадзіцца таксама і я, таму што ксяндза Вячаслава фактычна абвінавацілі ў тым, супраць чаго ён сам выступаў», — падкрэсьліў кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі.

«У сувязі з гэтым выказваю сваё засмучэньне і лічу, што гэтая справа павінна быць перагледжана з улікам меркаваньня незалежных экспэртаў, а таксама дадзеных ксяндзом Вячаславам тлумачэньняў, зь якіх вынікае адсутнасьць у яго намеры прапаганды нацысцкай сымболікі або атрыбутыкі, у чым яго беспадстаўна абвінавачваюць, вынікам чаго павінна стаць зьняцьце абвінавачваньняў і неадкладнае вызваленьне сьвятара », — дадаў біскуп Буткевіч.

Ён прызнаў, што людзі маглі па-рознаму ўспрыняць «плякат палітычнага зьместу» на асабістай старонцы сьвятара ў сацсетцы, таму папрасіў прабачэньня «у тых, у каго падобнае выклікала нэгатыўную рэакцыю». Разам з тым герарх запэўніў, што ў Барка не было намераў прапагандаваць нацысцкую сымболіку.

Напярэдадні арышт ксяндза Вячаслава Барка пракамэнтаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Адзначыўшы, што гэта ўжо другі каталіцкі сьвятар, які ў гэтыя дні будзе знаходзіцца за кратамі (30 лістапада на 10 сутак арыштавалі грэка-каталіцкага сьвятара Віталя Быстрова), герарх заявіў, што ў Беларусі назіраецца актывізацыя рэпрэсій у адносінах да каталіцкага касьцёлу.

«Мы адкрыта выступаем супраць любога граху, супраць гвалту, супраць падману і фальшу, супраць рэпрэсій, супраць ціску і запалохваньня, супраць зьневажаньня чалавечай годнасьці, таму што кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Божага, — напісаў біскуп Касабуцкі. — Мы молімся за мір, згоду, салідарнасьць і адзінства беларускага народу. Але хтосьці лічыць усё гэта праявай экстрэмізму, распальваньнем варажнечы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG