Магчыма, улады разьлічваюць, што псыхалягічная стома, пандэмія і ўзмоцненыя рэпрэсіі спыняць рэгулярныя акцыі пратэсту. А значыць, «сілавікі» змогуць адпачыць і «залізаць раны». Але, хутчэй за ўсё, да традыцыйных нядзельных маршаў дададуцца новыя формы пратэсту, якія зробяць больш складаным масавы «хапун» мірных грамадзянаў.
Сьцісла
- Ноў-хаў з мноствам адначасовых пратэстаў у мікрараёнах і дварах да канца не ацэненае самімі беларусамі.
- Галоўны супраціў адбываецца «на месцах»: там, дзе грамадзянін у штодзённым жыцьці сутыкаецца зь дзяржаўнай машынай.
- Калі б у рэвалюцыйнага працэсу зьявіўся ачольнік ці ачольніца, хай сабе і сымбалічныя, пратэставы рух атрымаў бы другое дыханьне.
Пратэст як Шлях
У беларускага рэвалюцыйнага працэсу ёсьць мэта — зьмена сыстэмы. Але няма канкрэтных задач — кшталту «захапіць масты, тэлеграф і вакзалы».
Беларускае паўстаньне — гэта шлях, бо, зьмяняючы сыстэму, зьмяняюцца самі людзі. Калі казаць пра вонкавыя праявы пратэсту, то ў ахопленай пратэстамі Беларусі 2020 году нарадзілася сваё ноў-хаў — акцыі ў мікрараёнах. Сутнасьць у тым, што ў ХХІ ст. захопліваць цэнтар гораду зусім не абавязкова. Сымбалізм пратэсту ў самім пратэсьце, і карцінка, якая адлюстроўвае сымбаль, разносіцца па сацсетках і тэлеграм-каналах імгненна.
Пратэст у мікрараёнах як ноў-хаў
Ноў-хаў зь мікрараёнамі і дварамі да канца не ацэненае самімі беларусамі. Бо на самым пачатку пратэставага руху грамадзтву было вельмі важна прадэманстраваць самому сабе колькасьць людзей. І калі грамадзяне ўбачылі сотні тысяч пратэстоўцаў па ўсёй Беларусі, то адбыўся псыхалягічны пералом. Бо ўсе ведаюць, што колькасьць на вуліцах трэба памнажаць мінімум на дзесяць, каб уявіць усіх пратэстава настроеных.
«Я ўпершыню стаўся / сталася часткай большасьці грамадзтва» — гэты матыў гучыць у многіх выказваньнях людзей, і, мяркую, адчуваньне большасьці дае тыя самыя невераемныя сілы ісьці супраць гумовых куляў і сьвятлашумавых гранатаў, ведаючы, што можна трапіць пад крымінальны перасьлед.
Перафарматаваньне пратэсту
У канцы жніўня падавалася, што ўладныя эліты мусяць убачыць, што Лукашэнка як палітык выйшаў на фінішную прамую, а таму, каб зьберагчы сыстэму, варта яго адхіліць ад улады. Але эліты вырашылі: «няхай ідзе як ідзе». Праз тры месяцы супрацьстаяньне грамадзян з Лукашэнкам перайшло ў стадыю пажару на тарфяніку, то бок, ні вайны, ні міру. А такі стан можа цягнуцца досыць доўга. Таму пратэсты, хутчэй за ўсё, чакае перафарматаваньне.
У Тэлеграме стварылі каналы пад агульнай шапкай «Глаза Минска». Чатыры асобныя чаты па геаграфіі беларускай сталіцы: поўнач, поўдзень, захад і ўсход. Там валянтэры ў рэжыме нон-стоп публікуюць зьвесткі пра перасоўваньне «сілавікоў», найперш у мікрараёнах, дзе рэгулярна ладзяцца ланцугі салідарнасьці, міні-шэсьці і проста дваровыя імпрэзы.
Зь перапісак у дваровых чатах я раблю выснову, што на зімовы пэрыяд рыхтуюцца альтэрнатывы нядзельным маршам. Мэта — зьменшыць магчымасьці для масавых хапуноў. А таксама зрабіць задачы «сілавікоў» цяжкавыканальнымі. Адна справа — у цэнтры сканцэнтравацца, іншая — бегаць па расьцярушаным пратэсьце ў двухмільённым горадзе.
Лідэрства пратэсту на сымбалічным узроўні
Яшчэ з прачытанага ў сацсетках я заўважыў, што людзі ўсё больш разумеюць, што галоўны супраціў адбываецца «на месцах»: там, дзе грамадзянін у штодзённым жыцьці сутыкаецца зь дзяржаўнай машынай.
А яшчэ гучыць ухваленьне нядаўняга закліку Сьвятланы Ціханоўскай да ўсебеларускага страйку.
Прынцып «тысяча па тысячы» — тысяча акцый па тысячы чалавек кожная — тактычна ўдалы падыход. І трываць ён можа таксама доўга. Але.
Калі б у рэвалюцыйнага працэсу зьявіўся ачольнік ці ачольніца, хай сабе і сымбалічны, пратэставы рух атрымаў бы другое дыханьне.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.