29 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра МУС, ім стаў Іван Кубракоў. Былы міністар Юры Караеў стаў памочнікам Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці.
У міліцыі з 1995 году, пачынаў участковым
Іван Кубракоў нарадзіўся ў вёсцы Малінаўка на Магілёўшчыне. У Менску скончыў спэцыяльную сярэднюю школу МУС і Акадэмію МУС. Службу ў міліцыі пачынаў з 1995 году, з 2001 году працаваў участковым інспэктарам Цэнтральнага РУУС. Затым — старшым участковым інспэктарам аддзела аховы правапарадку і прафіляктыкі ўпраўленьня ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску, які пасьля ўзначаліў.
Кіраваў Заслаўскім аддзелам Менскага РУУС.
У 2015 годзе пайшоў на павышэньне: сьпярша працаваў намесьнікам начальніка галоўнага ўпраўленьня — начальнікам упраўленьня аховы правапарадку галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС.
Намесьнік начальніка менскай міліцыі
У 2016 годзе Іван Кубракоў стаў другім чалавекам у менскай міліцыі — працаваў намесьнікам начальніка ГУУС Менгарвыканкаму, адказваў за грамадзкую бясьпеку. Увесну 2017 году Іван Кубракоў яшчэ знаходзіўся на гэтай пасадзе; на гэты час прыпалі пратэсты, зьвязаныя з «дэкрэтам аб дармаедах». Тады, 25 сакавіка 2017 году, у Менску адбыўся жорсткі разгон пратэстоўцаў, на вуліцы вывелі вялікую колькасьць тэхнікі, якой раней ніхто ня бачыў.
Тады людзі ўпершыню ўбачылі вадамёты і сыстэмы «Рубеж», якія актыўна пачалі выкарыстоўвацца ў 2020 годзе супраць пратэстоўцаў. У траўні 2017 году Кубракоў адправілі ў Віцебск, дзе ён узначаліў міліцыю Віцебскай вобласьці.
Генэрал-маёр, начальнік менскай міліцыі
У 2018 годзе Івану Кубракову прысвоілі званьне генэрал-маёра, а ўжо праз год ён узначаліў менскую міліцыю. У жніўні гэтага году Іван Кубракоў трапіў у санкцыйны сьпіс Літвы, Латвіі і Эстоніі, яму забаронены ўезд у гэтыя краіны, бо «сваімі дзеяньнямі падтрымліваў гвалтоўнае задушэньне мірных пратэстаў».
Выказваўся аб правакацыях і зброі супраць дэманстрантаў
15 кастрычніка ў эфіры АНТ Іван Кубракоў выказваўся і аб прымяненьні зброі супраць дэманстрантаў, але назваў гэта «крайняй мерай», «калі ўжо немагчыма выканаць пастаўленую задачу».
У цэлым, калі прааналізаваць ягоныя заявы аб дэманстрантах, Кубракоў выказваўся больш мякка, чым ягоны папярэднік Караеў.
Яшчэ ў жніўні ён казаў аб «правакацыях», якія нібыта рыхтуюць дэманстранты.
Выказваўся пра футбол і алькаголь
У 2014 годзе ў Барысаве прайшоў матч паміж Беларусьсю і Ўкраінай (0:2), тады затрымалі каля 30 заўзятараў за майкі з Пагоняй ды іншую атрыбутыку, некаторыя заўзятары з Украіны былі асуджаныя на суткі ў Беларусі. Тады Іван Кубракоў заяўляў, што «матч прайшоў спакойна», але з дакорам заўважаў, што Беларускую фэдэрацыю футболу за яго аштрафавалі на 18 тысяч эўра.