У Лідзе, Горадні, Ваўкавыску разганяюць пратэсты
У Лідзе сілавікі жорстка разагналі людзей у горадзе. Мужчын білі дубінкамі, ёсьць затрыманыя.
Менск. Дзясяткі тысяч чалавек каля стэлы
На праспэкце Пераможцаў ужо каля 50 тысяч удзельнікаў. Падыходзіць усё больш людзей. Часьцей за ўсё выгукваюць «Трыбунал», «Забастоўка».
Тым часам людзі ідуць па праспэкце Незалежнасьці.
У Горадні — адзінкавыя затрыманьні
У Горадні сілавікі ў чорным і ў вайсковай форме расчысьцілі Савецкую вуліцу ад людзей: адбыліся адзінкавыя затрыманьні, некаторых зьбівалі. Большасьць людзей схавалася ў дварах, сышлі і сілавікі.
Хутка каля сотні чалавек вярнуліся на Савецкую вуліцу, яны стаяць на плошчы пляскаюць у ладкі і скандуюць «Жыве Беларусь».
Аднаго гарадзенца з Савецкай забрала «хуткая дапамога». Што зь ім дакладна здарылася, пакуль не вядома.
У Лідзе сілавікі ўжылі сьлезацечны газ
Менск: пратэстоўцы павярнулі на Машэрава
Перад стэлай Марш павярнуў на праспэкт Машэрава. У калёне дзясяткі тысяч чалавек.
У Магілёве сілавікі зноў блякавалі цэнтар гораду
Ля пляцовак, на якіх заклікалі сабрацца прыхільнікаў перамен, стаяць мікрааўтобусы з амапаўцамі.
Свабодзе паведамілі пра двух затрыманых у сквэры на праспэкце Міру, каля філярмоніі — у адным зь месцаў збору. Па затрыманьні група зь дзясятка чалавек разышлася. Як і ў мінулыя нядзелі, транспарт не спыняецца на прыпынку насупраць гарвыканкаму. Там паставілі пост ДАІ і эвакуатар.
Патрулі на пешаходнай вуліцы Ленінскай асаблівую ўвагу зьвяртаюць на бел-чырвона-белыя колеры ў мінакоў. Тым, хто ідзе зь бел-чырвона-белымі парасонамі, прапануюць іх згарнуць. Падобная абстаноўка — у Кастрычніцкім раёне гораду. Пляцоўка каля Лядовага палаца, дзе праводзілі агітацыйныя мітынгі прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта, цяпер пад «аховаю» амапаўцаў. Зь імі стаіць мікраааўтобус.
Менск: частка пратэстоўцаў ідзе па Зыбіцкай
З бубначамі, пад воклічы «Забастоўка» яшчэ адна калёна крочыць па вуліцы Зыбіцкай у Менску.
Горадня: пасьля затрыманьняў на Савецкай гарадзенцы гуляюць у цэнтры
Гарадзенцы пайшлі гуляць па цэнтры гораду.
Тым часам каля вуліцы і плошчы Савецкай і каля моладзевага цэнтру зноў пачаліся затрыманьні.
Менск: калёна на праспэкце Незалежнасьці
Менск: у бок Машэрава едуць вадамёты і спэцтэхніка
Па вуліцы Казлова ў бок праспэкту Машэрава едзе спэцтэхніка і вадамёты.
Тым часам у раёне стэлы міліцыя праз мэгафон папярэджвае ўдзельнікаў шэсьця пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Менск: калёна з Багдановіча ідзе на Нямігу
Калёна пратэстоўцаў дайшла да вуліцы Багдановіча і павярнула ў бок Нямігі. У пратэстоўцаў зьявілася новая крычалка: «Лучшая поправка — Сашина отставка».
Празь нейкі час пратэстоўцы зноў вырашылі разьвярнуцца і пайсьці на плошчу Бангалор.
Горадня: на Савецкай застаюцца каля сотні пратэстоўцаў
Каля сотні чалавек працягваюць стаяць на Савецкай вуліцы ў Горадні. Скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».
Падчас маршу на Савецкай вуліцы зьнік доктар гістарычных навук, прафэсар Алесь Краўцэвіч. Ён не выходзіць на сувязь. Імаверна, яго затрымалі.
Затрыманьні ў Магілёве
У Магілёве на пешаходнай вуліцы Ленінскай затрымліваюць людзей. Як паведамляюць відавочцы, каля трох дзясяткаў мінакоў паспрабавалі арганізаваць калёну. Да яе хутка накіраваліся сілавікі, пад'ехалі аўтазакі. Колькасьць затрыманых пакуль не вядомая. Кажуць, што зь людзьмі абыходзіліся жорстка.
Паводле «Белсату», у цэнтры таксама затрымалі некалькі жанчын. Людзі гуляюць па пешаходнай вуліцы Ленінскай, там жа дзяжураць сілавікі.
У Гомлі затрымалі сына журналісткі, які проста ішоў па горадзе
У Гомлі затрымалі сына журналісткі Алены Германовіч Алега. Малады чалавек ня ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, проста ішоў па цэнтры гораду. Непадалёк ад цырку да яго падышлі міліцыянты. Цяпер Алег у Цэнтральным РАУС Гомля.
Менск: каб не затрымалі, мужчына пераплыў раку
На скрыжаваньні вуліц Карла Маркса і Янкі Купалы мужчына, каб пазьбегнуць затрыманьня, кінуўся ў раку і пераплыў яе, паведамляе Tut.by.
Затрыманьні ў Берасьці
Сярод затрыманых сёньня ў Берасьці — 63-гадовая Алена Гнаўк, якая на мінулым тыдні выйшла на волю пасьля 18 дзён арышту, піша Tut.by.
Праваабаронцам вядомыя імёны першых затрыманых
Праваабаронцам «Вясны», якія зьбіраюць сьпісы затрыманых 25 кастрычніка па ўсёй Беларусі, пакуль вядомыя прозьвішчы 18 затрыманых у Менску, Берасьці, Гомлі, Горадні, Лідзе, Рэчыцы, Пінску. Сьпіс дапаўняецца.
Горадня: новая хваля затрыманьняў
Менск: калёна сілавікоў выехала на сустрэчную паласу
Гомель: пэнсіянэркі спрачаюцца з амапаўцамі
У Гомлі людзі сабраліся ў сквэры Кірылы Тураўскага, туды ж прыйшоў АМАП. Пэнсіянэркі разгарнулі сьцяг футбольнага клюбу «Лівэрпуль» і пачалі спрачацца з амапаўцамі, якія заклікалі іх разыходзіцца.