22 кастрычніка каля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці ў Менску на акцыю пратэсту пад назвай «Марш людзей з (не)абмежаванымі магчымасьцямі» сабраліся людзі з інваліднасьцю — прыхільнікі перамен.
Гэта ўжо другі марш людзей з інваліднасьцю ў Менску, першы адбыўся тыдзень таму, 15 кастрычніка, і доўжыўся крыху больш за дзьве гадзіны. Яго ўдзельнікі дайшлі ад Чырвонага касьцёла да ГУМа.
Сёньня ўдзельнікі акцыі прыйшлі з кветкамі, бел-чырвона-белымі сьцягамі і стужачкамі, плякатам з надпісам «Скованные одной цепью, связанные одной целью».
Да касьцёла прыйшоў і вядомы грамадзкі актывіст, 83-гадовы паэт Ян Грыб.
Валянтэры прывезьлі да касьцёла ваду і гарачыя напоі, удзельнікаў акцыі частавалі печывам.
Неўзабаве ўдзельнікі маршу рушылі па ходніку праспэкта Незалежнасьці.
Дэманстранты пэрыядычна скандуюць «Новыя выбары!», «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!», «Сыходзь!» і іншыя лёзунгі.
Дайшоўшы да сталічнага ГУМу, калёна павярнула і пайшла па вуліцы Леніна, бо падземны пераход вельмі нязручны для людзей з інваліднасьцю, потым – да гатэля «Эўропа» і далей у бок Кастрычніцкай плошчы.
На Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі маршу сталі ў ланцуг. Празь нейкі час дэманстранты разышліся. Агулам акцыя доўжылася каля 2 гадзінаў. Паводле ацэнкі агенцтва БелаПАН, у ёй агулам узялі ўдзел каля сотні чалавек.