Эвалюцыю вобразу Сьвятланы Ціханоўскай ад траўня, калі яе ўпершыню пабачылі ў ЦВК, да кастрычніка, калі яна сустракаецца на роўных з сусьветнымі лідэрамі, абмяркоўваюць сьпявачка, вакальны іміджмэйкер Марына Шукюрава (Руся) з Кіева і экспэртка ў гісторыі моды Даніела Каляда зь Лёндана. Дыскусію паглядела і пракамэнтавала сама Сьвятлана Ціханоўская.
Глядзіце дыскусію на відэа цалкам.
Тут фрагмэнты дыскусіі
Сьцісла
Даніела Каляда:
- На месцы многіх сусьветных брэндаў, ня толькі беларускіх, я прапанавала б Сьвятлане супрацоўніцтва ўжо цяпер. Ня трэба чакаць модных адкрыцьцяў і эўрапейскага палітычнага стылю ад жанчыны, якая раней не была ні палітыкам, ні грамадзкім дзеячам. Кожны недагляд — гэта недагляд яе піяр-каманды.
- У Сьвятланы, адрозна ад Лукашэнкі, вельмі чалавечы вобраз. Яна жанчына, якую іншыя жанчыны ў Беларусі могуць уявіць сабой. І ёй ня трэба адзявацца дорага, модна, стылёва, каб быць той жанчынай, якая прывядзе беларусаў да свабоды.
Марына Шукюрава (Руся):
- На пачатку палітычнай кар’еры ў Сьвятланы стыль стасункаў быў даволі пабытовы, а ў апошніх запісах яна гаворыць мерна, з паўзамі, моцна, грудным голасам.
- Яна цяпер мае важкі капітал у палітыцы менавіта таму, што яна — ня штучна зроблены палітык, а жывая жанчына, якую жыцьцё паставіла ў такую сытуацыю, калі немагчыма было зрабіць іншы выбар. Яе палітычную фігуру ў будучыні будуць аналізаваць як фэномэн Сьвятланы Ціханоўскай, якая з маці ператварылася ў палітыка.
«Я б зьмяніла шпільку, гэта падкрэсьліла б яе шчыкалатку, бо Сьвятлана ў цудоўнай форме»
— «Годна выглядае, урэшце ня сорамна», — прыкладна так камэнтуюць беларусы фота і відэа з сустрэчаў Сьвятланы Ціханоўскай з сусьветнымі лідэрамі. Даніела, ведаю, што вы прааналізавалі эвалюцыю вобразу Сьвятланы Ціханоўскай ад траўня да кастрычніка, калі яна практычна штодня мае сустрэчы з сусьветнымі лідэрамі. Якія вашыя назіраньні і высновы?
Даніела Каляда: Людзі рыхтуюцца да такіх роляў гадамі, пасьлядоўна ствараюць імідж, стараюцца выбудоўваць пэўную ідэнтычнасьць і долю пазнавальнасьці ў выбары сваіх вобразаў. Сьвятлане прыйшлося зрабіць гэты рывок за рэкордна кароткія тэрміны. Таму да яе іміджу трэба падыходзіць з двух ракурсаў — кананічнага абмеркаваньня, аналізу яе вобразу, і з гледзішча сытуацыі, у якой яна апынулася.
Вельмі складана судзіць жанчыну, у якой муж у турме, а яе самую гвалтоўна вывезьлі з краіны, за пэўную долю непрадуманасьці ці неахайнасьці вобразу, які мы бачым у яе раньніх выступах. На той момант выбар адзеньня перад Сьвятланай не стаяў і ня мусіў стаяць на першых пазыцыях, ёй трэба было вызначыцца з асабовай і палітычнай роляй, якую яна мела на сябе ўзяць.
Таксама ня трэба чакаць модных адкрыцьцяў і эўрапейскага палітычнага стылю ад жанчыны, якая раней не была ня толькі палітыкам, яна не была і грамадзкай дзяячкай. І кожны недагляд — гэта не яе недагляд, а яе піяр-каманды.
Калі глядзець на нядаўнія вобразы Сьвятланы ў яе эўрапейскім туры, то прагрэс відавочны. Відаць, што яна ня толькі стала апранацца больш адпаведна сваёй ролі, але і што стала бліжэй да таго, каб сфармуляваць гэтую ролю для сябе і адпавядаць ёй.
На сустрэчу з прэзыдэнткай Славаччыны Сьвятлана надзела чорную сукенку 3/4 з дэкальтэ. Адсутнасьць гузікаў пад горла, якія часта зьяўляліся ў яе вобразах, дапамагла ёй разьняволіцца і стварыла больш упэўнены вобраз. Наступным разам я б зьмяніла шпільку, гэта падкрэсьліла б яе шчыкалатку, бо яна ў цудоўнай форме. Я лічу, што грэх гэтым не карыстацца.
Я б параіла ёй прыгледзецца да вобразаў такіх жанчын-палітыкаў, як Геле Торнінг-Шміт (былая прэмʼер Даніі) або Нікала Стэрджэн (першы міністар Шатляндыі), якія спалучаюць у сабе бездакорны стыль, жаноцкасьць і ролю моцнай жанчыны на чале ўраду. Гэта калі даводзіць вобраз да ідэалу.
«З архетыповай фігуры маці і сястры, апякункі Сьвятлана зрабілася сапраўды барацьбітом, змагаром, з дакладнымі думкамі»
— Давайце пагаворым пра мову і прамовы Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яна пазьбягала журналістаў, не пачувалася ўпэўнена і ў інтэрвію, і ў прамовах, бо яна звычайны чалавек і проста ня мела такога досьведу раней. Цяпер жа Сьвятлана ўпэўнена прамаўляе, гатовая да якіх-хаця пытаньняў журналістаў. Марына, вы пэўны час дапамагалі сябрам каманды Віктара Бабарыкі рыхтавацца да публічных выступаў. Як бы вы ацанілі эвалюцыю выступаў Сьвятланы, таго, як яна трымаецца, як прамаўляе?
Марына Шукюрава: Фігура Сьвятланы выклікае ў мяне найвялікшую павагу і захапленьне. Так хутка пераскочыць з ролі маці, жанчыны, якая апякуецца сямʼёй, так хутка апынуцца ў ролі жанчыны-палітыка, якая сустракаецца з сусьветнымі лідэрамі, — гэта вялікі стрэс. Я разумею, наколькі цяжка гэта зрабіць.
Мая прафэсія — вакальны іміджмэйкер — нарадзілася на сутыкненьні палітычных тэхналёгіяў і валоданьня голасам. Калі чалавек ідзе на выбары, псыхоляг вызначае, які архетып максымальна карэктны для гэтага палітыка, і, грунтуючыся на гэтым, выбудоўвае стыль адзеньня, паводзіны, як чалавек сябе ставіць у прасторы, як рухае рукамі і што адбываецца з голасам. Былі дасьледаваньні, у выніку якіх высьветлілася, што 37% нашай трансьляцыі вобразу самога сябе належаць голасу, таму, як гучыць нашае цела. Заўважна, што Сьвятлана працуе зь нейкім прафэсіяналам. Я прааналізавала шэраг выступаў Сьвятланы і магу сказаць, які быў архетып на пачатку яе палітычнай карʼеры і які цяпер.
Напачатку быў архетып маці, якая апякуецца сямʼёй. Голас гучаў крыху фальцэтны. У інтэрвію для BBC 8 чэрвеня быў вельмі павольны тэмп. Гэта была Сьвятлана-маці, Сьвятлана-сястра, клапатлівая, зь мяккім голасам. Ня толькі голас, але і сама структура паведамленьняў — разьняволенасьць, словы-паразыты, няўстойлівыя канструкцыі.
Цяпер, калі мы зьвернем увагу на апошнія запісы Сьвятланы, мы чуем, што голас з галавы перайшоў у грудзі. Грудны голас — гэта голас кампэтэнцыі. Калі чалавек у палітыцы, у бізнэсе ці проста выбірае шлях дасягненьня кампэтэнтнага вакальнага іміджу, тады голас павінен гучаць у грудным рэгістры.
На пачатку палітычнай карʼеры стыль стасункаў у Сьвятланы быў даволі пабытовы, а ў апошніх запісах яна гаворыць мерна, з паўзамі, моцна, грудным голасам: «Дарагія беларусы (паўза). Сёньня ў тайне ад народу Лукашэнка правёў сваю інаўгурацыю». І ў гэтым вакальным вобразе мы чуем кампэтэнтнасьць, вялікую волю, характар. Я дакладна ведаю, што гавару, які думкі трансьлюю, да чаго заклікаю.
І асноўная зьмена — гэта тое, што з архетыповай фігуры маці і сястры, апякункі Сьвятлана зрабілася сапраўды барацьбітом, змагаром, з дакладнымі думкамі пра тое, што рабіць, куды ісьці і што ўвогуле адбываецца. Гэта для беларусаў вялікая падтрымка.
Раней у голасе было шмат субтону, цяпер гэта грудны «альфа»-голас. Зьмянілася таксама прасодыя голасу і інтанацыя кропкі, цяпер голас паведамляе: «Я ведаю, што кажу».
— Сапраўды, нават падчас вельмі цяжкай псыхалягічна для яе размовы з мужам з турмы яна стрымлівала сьлёзы і прамаўляла ўпэўнена і вельмі дакладна.
— Размову Сьвятланы з мужам было вельмі балюча глядзець. Я б хацела выказаць найвялікшую маральную падтрымку Сьвятлане. Я заўважыла, што яна пачала ўпэўнена кіраваць сваімі эмоцыямі і праз голас таксама. Бо наша псыхічнае самаадчуваньне і тое, як мы вакальна праяўляем свае пачуцьці, характар, ідэнтычнасьць, — усё ўзаемазьвязана. Калі гаворыш грудным голасам, спакойна, мерна, то адчуваеш сябе больш сабрана, чым калі голас лётае «летуценна», як у студэнткі. Тут ёсьць вялікая праца над сабой. Я зычу Сьвятлане надалей разьвівацца, і ўсе беларусы гэта бачаць і падтрымліваюць.
«Ад дыктатара мы чакаем дарагіх гарнітураў з бронекамізэлькамі, а ад хатняй гаспадыні, сяброўкі мы чакаем адзеньня, якое надзелі б самі»
— На сустрэчах на высокім узроўні дзейнічае пратакол — стыль і тып адзеньня абгаворваецца. Цяжка ўявіць дэкальтэ, ці кароткую спадніцу, ці занадта вузкія нагавіцы ў мужчын-палітыкаў. З другога боку, я бачу сусьветны трэнд адыходу ад падкрэсьленай прыгажосьці і дагледжанасьці. Тая ж Гілары Клінтан на пасадзе дзяржаўнага сакратара ЗША часам прынцыпова ня ўкладвала валасы і абмяркоўвала важныя палітычныя рэчы, сабраўшы валасы ў просты хвосьцік і зь мінімумам касмэтыкі. Крыстын Лягард, экс-кіраўніца Міжнароднага валютнага фонду, прынцыпова адмовілася фарбаваць сівыя валасы. Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьлівае, што яна не прафэсійны палітык і гаворыць з палітыкамі чалавечай мовай. Даніела, наколькі яе натуральнасьць адпавядае сусьветным трэндам? Ці яна ўсё ж вонкава цалкам адпавядае традыцыйнаму вобразу эўрапейскага палітыка?
Даніела Каляда: На гэты момант мы бачым пэўны прагал, яе палітычная ідэнтычнасьць яшчэ фармуецца, і разам зь ёю фармуецца стыль. Вобразы, прыдатныя для сусьветнай палітычнай сцэны і для беларускіх рэаліяў, розныя. Для беларусаў яна адпачатку мела вобраз жанчыны, якая ўстала на абарону свайго мужчыны; яна магла б быць вашай суседкай, вашай сяброўкай, зноў жа настаўніцай вашых дзяцей, яна была зразумелая беларускаму народу.
Як напісалі ў New York Times, яны была хатняй гаспадыняй, якая пайшла супраць дыктатара. Гэта ад дыктатара мы чакаем дарагіх гарнітураў, сьпісаных зь дзяржаўнага бюджэту, з бронекамізэлькамі нават на сустрэчы ў СІЗА КДБ. А ад хатняй гаспадыні, сяброўкі мы чакаем адзеньня, якое надзелі б самі. Я перакананая, што калі б правялі апытаньні фокус-групаў, большасьць беларусаў была б задаволеная, як яна выглядала і раней, і цяпер.
З другога боку, мы бачым Сьвятлану на сусьветнай палітычнай арэне, а тут існуюць пэўныя правілы. Гэта актывіст можа зьявіцца ў вольным стылі адзеньня, і яму гэта будзе даравальна, але палітыка мы асацыюем з афіцыйным і строга вывераным стылем. Памылкі палітыка ў выбары адзеньня асуджаюцца, і цяпер Сьвятлане трэба больш увагі аддаваць свайму выгляду. Міжнародная палітыка не зважае на асабістыя і нацыянальныя перажываньні.
Што да натуральнасьці, я лічу, што гэта выбар кожнага, калі мы жывем у эпоху бодыпазытыву і прыняцьця сябе. Было б глупствам факусавацца на макіяжы або прычосцы. Субʼектыўна я б хацела бачыць Сьвятлану з распушчанымі ўкладзенымі валасамі і зь лёгкім макіяжам, але гэта не адыгрывае ніякай ролі ў яе барацьбе за свабодную Беларусь. Мне здаецца, што людзям у гэты момант значна важнейшыя яе дзеяньні, а ня тое, як яна выглядае. Асуджаць і разьбіраць яе вобразы мы пачнём тады, калі нашых людзей перастануць біць на вуліцах і гвалтаваць у турмах.
У Сьвятланы, адрозна ад Лукашэнкі, вельмі чалавечы вобраз. Яны жанчына, якую іншыя жанчыны ў Беларусі могуць уявіць сабой. І ёй ня трэба адзявацца дорага, модна, стылёва, каб быць той жанчынай, якая прывядзе беларусаў да свабоды.
Марына Шукюрава: Сьвятлана пачынае пачувацца палітыкам і гучаць як палітык. Але галоўнае пераўтварэньне і прызнаньне сябе знакавай палітычнай фігурай адбудзецца ў момант, калі Сьвятлана ўнутрана пагодзіцца з гэтым рашэньнем, адчуе, што так, я — палітык, я ведаю гэта пра сябе і згодная з гэтым. Тады і голас, і імідж ужо ніколі ня стануць такімі, якімі былі да выбараў.
«Сьветлая жанчына, наш сымбаль рэвалюцыі, які вядзе да новай Беларусі»
— Франак Вячорка, дарадца Сьвятланы, казаў мне ў інтэрвію, што ў яе мове зусім няма палітычных штампаў і клішэ, адрозна ад многіх палітыкаў, і яна кожную прамову прапускае празь сябе. Як мне Франак расказаў, напрыклад, прамову на ўручэньні ўзнагароды GLOBSEC-2020 яна цалкам сама напісала, і гэта была моцная прамова. Марына, а ці ёсьць што Сьвятлане ўдасканаліць, зьмяніць у маўленьні, у прамовах? Магчыма, ёй сапраўды варта заставацца самою сабой?
Марына Шукюрава: На гэты момант ня варта гэтаму аддаваць шмат увагі, бо ў Сьвятланы і так выдатна ўсё атрымліваецца. Сапраўды, зьнік хатні голас, мы чуем жанчыну-палітыка з кампэтэнтным голасам, які цьвёрда выкладае пазыцыі, апавядае пра пляны і бачаньне сытуацыі. Яна ніколі не рыхтавалася быць палітычнай фігурай і цяпер мае важкі капітал у палітыцы менавіта таму, што яна — ня штучна зроблены палітык, а жывая жанчына, якую жыцьцё паставіла ў такую сытуацыю, калі не было як зрабіць іншы выбар.
Цяпер яна — палітычная постаць, і ў будучыні яе шмат хто будзе аналізаваць як фэномэн Сьвятланы Ціханоўскай, якая з маці пераўтварылася ў палітыка. Сьветлая жанчына, наш сымбаль рэвалюцыі, які вядзе да новай Беларусі.
«На гэты момант можна абмяркоўваць толькі Сьвятлану Ціханоўскую і Марыю Калесьнікаву з гледзішча розных вобразаў беларускай рэвалюцыі»
— Марыя Калесьнікава ў ліпені ў інтэрвію Свабодзе расказвала, што калі прынялі рашэньне стварыць абʼяднаны штаб, яна, Вераніка Цапкала і Сьвятлана Ціханоўская пайшлі разам на шопінг, каб лепей пазнаёміцца. Даніела, што б вы сказалі пра стыль знакамітай тройкі?
Даніела Каляда: Адрозна ад сваіх касьцюмаў, самі Калесьнікава, Ціханоўская і Цапкала ніколі не дапаўнялі адна адну, у іх не было мэты стварыць гарманічны вобраз з трох жанчын, якія эстэтычна былі б падобныя ці, наадварот, кантраставалі б для дасягненьня патрэбнага эфэкту. Яны былі розныя, з розных выбарчых кампаніяў, з розных індустрыяў, з рознымі асабістымі поглядамі. І на момант выбараў іхнае адзінства як асобаў, а не як вобразаў адыграла патрэбную ролю для падтрыманьня народнага адзінства. На гэты момант можна абмяркоўваць толькі Сьвятлану Ціханоўскую і Марыю Калесьнікаву з гледзішча розных вобразаў беларускай рэвалюцыі.
Марыя візуальна больш сугучная дзяўчатам, якія выходзяць у «ланцугі салідарнасьці», яе чырвоная памада і бел-чырвона-белыя элемэнты ў адзеньні ўвасабляюць дух рэвалюцыі. Сьвятлана Ціханоўская дэ-факта зьяўляецца нашым прэзыдэнтам, яе роля больш практычная, а вобраз больш строгі і надзейны, хоць і ня вывераны дарэшты. Вераніка Цапкала, на маю думку, выпала з кантэксту бягучай рэвалюцыі, яе заявы «Настоящему времени» пра гераізм Пуціна выкрасьлілі яе са сьпісу жанчын, цікавых беларусам, у што б яна ні была апранутая.
Што да Сьвятланы Ціханоўскай, я ўпэўнена, што ў ходзе яе прасоўваньня ў сусьветнай палітыцы і фармаваньня палітычнай ідэнтычнасьці мы ўбачым цэльныя вобразы, годныя ролі прэзыдэнта сучаснай Беларусі. На месцы многіх сусьветных брэндаў, ня толькі беларускіх, я прапанавала б Сьвятлане супрацоўніцтва ўжо цяпер. Беларусь — гэта адзіная краіна з выключна мірнай рэвалюцыяй, і я спадзяюся, што Сьвятлана будзе першай жанчынай — прэзыдэнтам свабоднай Беларусі. І роля ў стварэньні такога вобразу была б неацэнная для якога-кольвек брэнду.
— Марына, што б вы параілі Сьвятлане дзеля ўдасканаленьня беларускай мовы, якою яна валодае, але ня часта карыстаецца?
Марына Шукюрава: Трэба максымальна паглыбіць сябе ў моўны кантэкст. Больш нічога не дапаможа, ніякае чытаньне слоўнікаў ці прагляд на ноч сэрыялаў па-беларуску. Не, проста трэба максымальна апынуцца ў кантэксьце. Проста сказаць: так, сябры, зь сёньняшняй раніцы ўся мая каманда размаўляе выключна па-беларуску, я хачу ведаць беларускую больш дасканала. Магчыма, такое рашэньне было б добрым у такой сытуацыі.
Ціханоўская: Жыцьцё прымушае вучыцца ўсяму вельмі хутка
Сьвятлана Ціханоўская паглядзела дыскусію і адказала экспэрткам.
— Стыліста як такога ў мяне няма. Калі я ў Вільню прыехала, у мяне зусім нічога не было з сабой. Мне дапамаглі набыць адзеньне. Становішча абавязвае крыху зьмяніць стыль. Хатняй гаспадыні, мамусі не патрэбныя касьцюмы. Ты ж не паедзеш да спадарыні Мэркель у звычайнай майцы. Усе павінны разумець, што гэта ўсяго толькі абалонка. Гэта нічога ня значыць. Галоўнае, з чым ты едзеш на гэтыя афіцыйныя сустрэчы. Вельмі мяне расчуліла меркаваньне, што над маім голасам, над маёй манерай гаварыць працуюць. На жаль, не. Няма ў мяне такога.
— Самі працуеце над гэтым?
— Я не працую. Жыцьцё прымушае вучыцца ўсяму вельмі хутка. Самастойна. Дзякуй за такую перадачу. Слушна там казалі, што я не магу на гэтую тэму зараз гаварыць, хаця, можа, гэта і цікава. Але ня той час. Можа, калі-небудзь раскажу. Пагаворым пра гэта за гарбатай, калі пераможам, Але не цяпер.
— Экспэрткі гаварылі, што беларускія і сусьветныя брэнды маглі б зрабіць для вас калекцыю адзеньня. Ці былі такія прапановы?
— У мяне зьявілася дзьве сукенкі беларускага брэнду HONAR. Я яшчэ не пасьпела іх адзець. Мне вельмі прыемна, што ў нас такія прыгожыя сукенкі шыюць.
— Ці маеце штосьці ў адзеньні зь беларускай сымболікай, у бел-чырвона-белых колерах?
— Так. Чырвоны для мяне крыху агрэсіўны колер, трэба дадаваць да яго іншы колер. Бел-чырвона-белы парасон мне беларускія жанчыны падарылі. Такі ж парасон мы падарылі Ангеле Мэркель. І сьцяг-значок, вышыты беларускімі жанчынамі.