Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы начальнік СІЗА № 1, так званай Валадаркі, Алег Алкаеў у інтэрвію Свабодзе тлумачыць, чаму сілавікі будуць надалей выконваць загады і што адбываецца ў турмах. Паводле яго, «можна хоць год па 100 тысяч выходзіць і адчуваць сябе нацыяй», але гэта не паўплывае на людзей у чорным.
Глядзіце размову на відэа цалкам.
Сьцісла
- У нас атрымліваецца так — чым бліжэйшая міліцыя да народу (паставыя, АМАП), тым менш яны адукаваныя.
- У мой час у турме на 90% сядзелі злачынцы з даказанай віной. Цяпер вельмі шмат невінаватых людзей за кратамі.
- Гэтыя «касманаўты» ў сілу свайго выхаваньня і адукацыі ня ў стане адрозьніць рэальнага злачынцу ад узбуджанага чалавека.
- На Валадарцы ў мой час было 2020 спальных месцаў, але бывала, што і па 4 тысячы сядзелі. Таму і Жодзінскую турму пабудавалі, каб разгрузіць менскі ізалятар.
- Міліцыянты як глядыятары. Тыя хіба ад любові да спорту выходзілі на рынг? У іх была залежнасьць.
- На бок народу пераходзяць палкáмі, батальёнамі. Пакуль гэтага ня будзе. Сыстэма даволі трывалая, яны зьвязаныя парукай, кругавой ці крывавай.
- Трэба б у Канстытуцыі запісаць, што калі 100 разоў выйшлі, то тады — «сыходзь». Але ўжо больш за 100 разоў выйшлі, кожны дзень выходзяць. Так можна і да Масквы дайсьці, па Менскай шашы прагуляцца...
Пра паліцэйскую краіну
Можа, ня ўсім гэта спадабаецца, але я ацэньваю дзейнасьць міліцыі цяпер як адэкватную, на іхны погляд, сытуацыі, якая склалася. Цяпер пэрманэнтная, працяглая рэвалюцыя — адны стала выходзяць на вуліцу, другі стала іх хапаюць, затрымліваюць. Беларусь — вельмі паліцэйская краіна, напэўна, самая сілавая з усіх эўрапейскіх. Нічога іншага чакаць і ня варта. Гэтыя людзі іншай працы ня ведаюць, на будоўлі не працавалі, за надоі малака не адказваюць.
Якім чынам яны павінны наводзіць парадак, залежыць ад іхных камандзіраў, ад таго, які загад атрымаюць: так і будуць дзейнічаць. Зь іх адказнасьць — як з выканаўцаў, і я б сказаў, невялікая. Яны адказваюць за грамадзкі парадак. І хто зь іх як разумее грамадзкі парадак? Ставяць задачу — ачысьціць вуліцу. А якія мэтады? Іншых у іх няма. Дзякуй Богу, што не страляюць з баявой зброі.
Пра нізкі ўзровень адукацыі міліцыянтаў
На вуліцы міліцыянт павінен быць максымальна пазначаны як супрацоўнік міліцыі — званьне, нейкі лэйбл. Я каля 20 гадоў у Беларусі не знаходжуся. У мае часы было так — сяржант ці маёр міліцыі абавязкова называўся. Але яны ня самі сабе форму выбіраюць. Якую даюць, такую і надзяваюць, якія каманды даюць, такія і выконваюць. У нас атрымліваецца так — чым бліжэйшая міліцыя да народу (паставыя, АМАП), тым менш яны адукаваныя. Яны ня маюць юрыдычнай адукацыі і ня могуць ацаніць адэкватнасьць сытуацыі. Яе і ў кабінэце потым цяжка ацаніць. Я ж сам былы сьледчы. Ты месяцамі справу вядзеш, каб разабрацца, што мае рацыю, а хто вінаваты. А як разьбярэсься на вуліцы? У кожнага свая псыхіка, і супрацоўнікі міліцыі ня ўсе з адэкватнай псыхікай, і грамадзяне, магчыма, сябе паводзяць, на погляд міліцыянтаў, правакацыйна. Так пабудаваная гэтая дзяржава.
Пра гонар у прафэсіі
Калі я працаваў у сыстэме МУС, я ганарыўся сваёй працай, хаця гэтую працу ніхто і ня любіць — ані зьняволеныя, ані іх родныя. Тым ня менш я не хаваў свой статус, абсалютна спакойна хадзіў па горадзе ў форме і бяз формы. Усе ведалі. І за мяжой не хаваў, што я палкоўнік, былы начальнік турмы. Тут я таксама ганарыўся гэтым і ніколі не саромеўся. І нікога не баяўся. У той час у турме на 90% сядзелі злачынцы з даказанай віной. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Вельмі шмат невінаватых людзей за кратамі. А гэтыя «касманаўты» ў сілу свайго выхаваньня і адукацыі ня ў стане адрозьніць рэальнага злачынцу ад узбуджанага чалавека. Асабліва ў цемры на вуліцы. Чалавек руку ў кішэню засунуў, а той думае, што гэта гатоўнасьць да нападу, і пачынае сілу ўжываць. Ня ведаю, ці бяруць з сабой агнястрэльную зброю. Калі бяруць, то рана ці позна нехта скарыстае яе.
Пра хлопцаў ад сахі
Работніка міліцыі ці паліцыі вучаць на словы не рэагаваць. Як бы цябе ні абражалі, стой моўчкі. А цяпер яны і на словы рэагуюць, і на паходку. Гэта ж усё хлопцы з вуліцы. Нездарма ж у акадэміі чатыры гады вучаць, каб чалавек стаў юрыстам і мог адрозьніць правіну ад злачынства. Калі я працаваў, у той час такіх сілаў у нас не было. АМАП быў, але яго прыцягвалі на футбольны матч, на патруляваньне, на масавы збор людзей, але яны нікога з вуліцы не хапалі.
Ачапленьне выстаўлялі з афіцэраў. У той час афіцэры вельмі неахвотна ішлі, кабінэтныя работнікі вельмі не хацелі выходзіць на масавыя мерапрыемствы па выходных, знаходзілі розныя даведкі ад дактароў. Усё ж мусілі хадзіць, але ніхто нікога не затрымліваў. Кабінэтны работнік разумеў, што трэба будзе скласьці дакумэнт, за што затрымаў, якая віна, а што крычаў — гэта не злачынства. Крычаў, нават калі нецэнзурна, — гэта правіна, але не злачынства. І сілавыя дзеяньні ўжываюцца супраць злачынцаў, але не народу. Гляджу паведамленьні, што 100 тысяч чалавек выйшлі, 300 міліцыя затрымала. Лічыцца як норма. Куды павезьлі? За якую віну? І хлопцы ад сахі пачынаюць рапарты пісаць, быццам іх хто абразіў.
Пра перапоўнены ізалятар на Акрэсьцііна
Ізалятар на Акрэсьціна не прыстасаваны для прыёму такой колькасьці затрыманых. Колькі спальных месцаў, столькі яны павінны прымаць. Калі натоўп заганяюць, то гэта не затрыманьне, ня ведаю як гэта назваць. Затрыманьне — гэта да 3 гадзінаў у раённым аддзеле, да вызначэньня асобы. А калі так натоўпам заганяюць... Хіба што на стадыёны яшчэ не пачалі заганяць.
Паводле закону, калі затрымаў, абавязаны даць спальнае месца, накарміць і забясьпечыць, калі патрэбна, мэдычную дапамогу. А натоўп зьбіраць? Ні ў якое праўнае поле гэта ня ўпісваецца. У ніводным законе вы ня знойдзеце, што ў нейкіх дворыках натоўп трымаюць без прыбіральні, вады, ежы. Гэта не затрыманьне.
Чаму пабудавалі турму ў Жодзіне
На «Валадарцы» спальных месцаў было 2020 у мой час, але бывала, што і па 4 тысячы сядзелі. Але гэта былі арыштаваныя людзі, іх паводле закону там трымалі, хоць не адпаведна плошчы. Спалі па чарзе, ежай былі забясьпечаныя. Таму і Жодзінскую турму пабудавалі, каб разгрузіць менскі ізалятар. Гэтыя аб’екты дзеляцца на вартаваныя і невартаваныя. Абʼект пад аховай — гэта ўзброеная ахова. Гэта Жодзіна і менскі сьледчы ізалятар. А на Акрэсьціна нагляд ёсьць, а аховы няма. Тут ужываць зброю нельга. Гэта затрыманыя людзі, а не арыштаваныя. Толькі да арыштаваных можа зброя ўжывацца. Для гэтага іх трэба трымаць у сьледчым ізалятары.
Чаму міліцыянты не звальняюцца
Звальняцца будуць адзінкі. Незадаволеныя людзі ў сыстэме заўсёды ёсьць, і ў часы маёй службы ніхто не хацеў патруляваць масавыя мерапрыемствы, бо іхная праца насамрэч — са злачынцамі змагацца. Людзі не задаволеныя, але кінуць службу, страціць кавалак хлеба — рызыкоўна. Сыстэма даволі трывалая, зьвязаныя парукай, кругавой ці крывавай. А куды ён пойдзе? Чалавек цалкам залежыць ад МУС, службовае жытло атрымлівае, заробак. Усе гэтыя службы камплектуюцца праз рэгіёны, там ня ўсе менчукі. Хіба ён вернецца ў вёску? Кім, куды пойдзе? Яны прывязаныя вельмі моцна. Звальненьні — адзінкавыя выпадкі, сыстэмай ня стануць.
Сёньня, на мой погляд, сыстэма вельмі моцна трымаецца. Там такія ўнутраныя зьвязкі... Пра іх я ня буду гаварыць, гэта часткова тычыцца і службовай таямніцы. Там ня толькі грашыма прывязаныя, яны зьвязаныя ўчынкамі, агульнай залежнасьцю — прафэсійнай, ад камандаваньня, ад сваіх сяброў. Там ёсьць паняткі — струсіў, баісься. Для маладых людзей гэта адчувальна. Калі выйшаў, будзеш працаваць. Гэта як глядыятары. Тыя хіба ад любові да спорту выходзілі на рынг? У іх была залежнасьць. На бок народу пераходзяць палкáмі, батальёнамі. Пакуль гэтага ня будзе.
Міліцыя з народам? Ня будзе, пакуль яны атрымліваюць заробак, карыстаюцца пэўнымі дабротамі, сапраўды маюць пэўныя льготы. Іх камплектуюць зь сельскай мясцовасьці. Яны і маскі носяць, каб не апазналі, бо ўнутрана саромеюцца. У той жа час гэта праца.
Пра пэрманэнтную рэвалюцыю
Мірныя пратэсты ўладу моцна раздражняюць, але ўражаньне, што ўсе прызвычаіліся і перайшлі ў пэрманэнтную рэвалюцыю — людзі выходзяць, «касманаўты» выходзяць, канчатковага выніку няма ад гэтых паходаў на вуліцах. Людзі выходзяць, сваю самасьвядомасьць мацуюць, годнасьць уздымаецца ва ўласных вачах. А ўлада на гэта асабліва цяпер не рэагуе. Дзяржава, улада жыве сваім жыцьцём, народ сваім. Трэба б у Канстытуцыі запісаць, што калі 100 разоў выйшлі, то тады — «сыходзь!». Але ўжо больш за 100 разоў выйшлі, кожны дзень выходзяць. Так можна і да Масквы дайсьці, па Менскай шашы прагуляцца...