Свабода сабрала самыя значныя падзеі за два месяцы пратэстаў у Горадні.
9 жніўня. Горадня выйшла на пратэст. У першы дзень затрымалі каля 500 гарадзенцаў. 9-11 жніўня сілавікі прымянялі газ, сьвятлашумавыя гранаты, зьбівалі затрыманых дручкамі. Цэнтар гораду па вечарах перакрывалі. Інтэрнэт блякавалі.
12 жніўня. Пяць праграмістаў сталі на калені ў цэнтры гораду з фатаграфіяй 5-гадовай дзяўчынкі, пацярпелай ў аварыі з вайсковай тэхнікай. Іх затрымалі і пабілі. 22 жніўня Аляксандра Лукашэнка назваў гісторыю дзіцяці фэйкам.
12 жніўня. Упершыню прайшоў жаночы «ланцуг салідарнасьці». На яго выйшлі блізу 500 дзяўчат. Гэта была першая акцыя пасьля выбараў, дзе нікога не затрымалі.
13–17 жніўня. Работнікі прадпрыемстваў заявілі, што хочуць страйкаваць. Іхныя патрабаваньні — вызваліць палітвязьняў, спыніць гвалт, правесьці новыя выбары. Улады гораду і вобласьці наведалі «Гродна Азот», «Хімвалакно», «Гроднажылбуд», горадзенскі мясакамбінат. Чыноўнікі слухалі абураных работнікаў, абяцалі пайсьці насустрач, тлумачылі, чаму ня трэба баставаць, у некаторых выпадках прасілі прабачэньня за гвалт.
13 жніўня. Каля тысячы мэдыкаў выйшлі на ланцуг салідарнасьці. Каля тысячы работнікаў «Гродна Азот» у працоўных робах і касках пайшлі калёнай з прадпрыемства ў цэнтар. Адтуль яны разам з тысячамі гарадзенцаў прайшлі маршам 8 кілямэтраў па горадзе. Марш скончыўся салютам. Нікога не чапалі.
14 жніўня. Старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой зь іншымі чыноўнікамі выйшаў на перамовы да пратэстоўцаў. На плошчы Леніна сабраліся больш за 10 тысяч чалавек. Гой паабяцаў да 18:00 вызваліць усіх «палітычных» зьняволеных, акрамя тых, на каго заведзеныя крымінальныя справы. Дэманстранты прайшлі па горадзе з 90-мэтровым бел-чырвона-белым сьцягам.
15 жніўня. Над горадзенскім драмтэатрам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Неўзабаве яго зьнялі. Сьледчы камітэт праводзіць праверку гэтага выпадку, артысты ходзяць на допыты.
16 жніўня. Самы масавы мітынг у гісторыі сучаснай Горадні. Ён сабраў каля 40 тысяч гарадзенцаў. Тыя прайшлі маршам у цэнтры гораду, самастойна перакрылі аўтамабільны рух. На чале калёны ішлі сьвятары розных канфэсій.
17 жніўня. Удзень група пратэстоўцаў пачала перамовы з уладамі гораду аб стварэньні органу даверу, у які ўвайшлі бы прадстаўнікі абодвух бакоў. Не дамовіліся. Увечары чыноўнікі і дэпутаты зноў выйшлі на перамовы на плошчу Леніна. Яны задаволілі частку патрабаваньняў пратэстоўцаў, у тым ліку дазволілі свабодна зьбірацца на плошчах гораду, забясьпечвалі пратэстоўцаў апаратурай. Мітынг трансьлявалі ў жывым эфіры на дзяржаўнай горадзенскай тэлевізіі. Чыноўнікі пайшлі пад воклічы «Сыходзь». У сеціве Горадню назвалі «першым свабодным горадам». Праз тры дні на горадзенскіх плошчах забароняць свабодна зьбірацца.
22 жніўня. У Горадню прыехаў Аляксандар Лукашэнка. Ён выступіў на мітынгу пад чырвона-зялёнымі сьцягамі. Выказаўся пра пагрозу Беларусі з боку Польшчы, загадаў «навесьці парадак» у горадзе за выходныя, пакрытыкаваў сьвятароў за тое, што тыя нібыта займаюцца палітыкай, прызначыў новым старшынём аблвыканкаму экс-міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка.
23 жніўня. Апошні мітынг на плошчы Леніна пад бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраў некалькі тысяч чалавек. Пасьля гэтага плошчы сталі агароджваць, каб дэманстранты не маглі там сабрацца.
30 жніўня. Марш пратэстоўцаў прайшоў ад чыгуначнага вакзала да псыханэўралягічнага дыспансэра, адтуль — да аўтавакзала. Ішоў больш за 4 гадзіны і сабраў каля 10 тысяч чалавек. Скончыўся жорсткімі затрыманьнямі.
31 жніўня. Галаву беларускіх каталікоў мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча не пусьцілі на радзіму на польска-беларускай мяжы. Увечары дзясяткі вернікаў сабраліся пад катэдральным касьцёлам памаліцца, каб мітрапаліт як мага хутчэй здолеў вярнуцца ў Беларусь. Вечаровая малітва пад касьцёлам трывае дагэтуль.
6 верасьня. Некалькі тысяч дэманстрантаў прайшлі ад Савецкай плошчы да ўнівэрсама «Брэст» (каля 3 км). Яны занялі праезную частку. Марш спыніла сьцяна амапаўцаў, дзясяткі людзей схапілі.
13 верасьня. Тысячы пратэстоўцаў прайшлі з Савецкай вуліцы да крамы «Мока» (каля 2 км). Марш спынілі сілавікі, людзей жорстка затрымалі.
20 верасьня. Прыкладна 500 гарадзенцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі з Савецкай вуліцы перайшлі на Вялікую Траецкую і занялі праезную частку. Марш доўжыўся менш за гадзіну. Сярод затрыманых аказалася цяжарная жанчына на позьнім тэрміне, прафэсар гісторыі Алесь Смалянчук, артысты драмтэатру Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава.
Іншыя акторы драматычнага тэатру ў гэты час ад эмоцый і ў знак салідарнасьці ня здолелі дайграць спэктакль. Пазьней да іх прыедзе на размову кіраўнік вобласьці Ўладзімер Каранік, двух актораў звольняць. У залю, якая паўгода заставалася паўпустой праз пандэмію, гарадзенцы раскупяць амаль усе білеты на найбліжэйшыя спэктаклі. За некалькі гадзін да аншлягу артысты даведаюцца, што дырэктар адмяніў усе спэктаклі і перавёў тэатар у рэжым рэпэтыцый.
26 верасьня. У адным з горадзенскіх дворыкаў артысты драмтэатру паказалі фрагмэнты адмененага напярэдадні спэктаклю. Паказ ішоў на фоне аўтазака і міліцыі. Імпрэза сабрала каля 400 гарадзенцаў — столькі ж умяшчае заля тэатру. Пасьля гледачы правялі актораў у тэатар. Нікога не затрымалі.
27 верасьня. Некалькі сотняў пратэстоўцаў сабраліся каля моладзевага цэнтру «Галяктыка», скандавалі «Жыве Беларусь». Мітынг цягнуўся каля 5 хвілін. Скончыўся затрыманьнямі. Рэшта пратэстоўцаў невялікімі групамі шпацыравала ў розных раёнах гораду. Людзі хутка разыходзіліся пры набліжэньні міліцыі.
29 верасьня. Каля 70 работнікаў найбуйнейшага хімічнага прадпрыемства «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненьне, але пакуль не аддалі іх кіраўніцтву. Так работнікі выказалі пратэст у адказ на арышт калегі. На прадпрыемстве многія трымаюцца «італьянскай забастоўкі», людзі пачынаюць выходзіць з праўладнага прафсаюзу і пераходзіць у незалежны. Некалькі разоў над «Азотам» вывешвалі бел-чырвона-белы сьцяг.
4 кастрычніка. Пратэстоўцы ў тэлеграм-каналах прапанавалі сустрэцца на кірмашы, які праходзіў на Савецкай плошчы. Усяго на плошчы знаходзіліся некалькі соцень чалавек. Ніхто не трымаў сьцягі і плякаты, не скандаваў лёзунгі. Кірмаш ахоўвалі шмат міліцыянтаў. Некалькі мінакоў амапаўцы ўрэшце схапілі, у тым ліку 13-гадовую дзяўчынку. Невялікія пратэставыя акцыі і дваровыя чаяваньні праходзілі ў розных мікрараёнах гораду.