Чат-бот «Завод» — інструмэнт, з дапамогай якога, кажуць распрацоўнікі, рабочыя змогуць аб’яднацца, а краіна даведаецца праўдзівую інфармацыю пра настроі працаўнікоў.
«Пратэсты на беларускіх заводах працягваюцца, — адзначаюць распрацоўнікі праграмы. — Праз тое, што ўлады запусьцілі машыну рэпрэсій, ён набыў новыя формы: італьянская забастоўка, выхад зь дзяржаўных прафсаюзаў, стварэньне сваіх аб’яднаньняў. На жаль, атрымаць абʼектыўную інфармацыю пра сытуацыю на прадпрыемствах складана: кіраўніцтва цісьне на працаўнікоў, афіцыйныя асобы спрабуюць пераканаць, што ўсё добра».
Каб даведацца праўду пра настроі на заводах, і стварылі чат-бот. Распрацоўнкі таксама разьлічваюць, што ён дапаможа працоўным адчуць дух адзінства і згуртавацца.
Чат-бот зьбірае зьвесткі праз Telegram і для Viber:
- Зь якога заводу супрацоўнік, які адказвае на пытаньні
- Ці падтрымліваюць завадчане патрабаванні пратэстоўцаў
- Колькі працаўнікоў актыўна страйкуюць, а колькі яшчэ рыхтуюцца
- Ці гатовыя работнікі падтрымліваць італьянскі страйк
- Колькі супрацоўнікаў выйшлі зь дзяржаўнага прафсаюзу.
Можна адказаць ня толькі за сябе, а і за калегу, які ня ўмее карыстацца мэсэнджарам, пішуць распрацоўнікі.