5 кастрычніка ў рэдакцыі «Сильных новостей» прайшоў «агляд працоўнага месца Ганны Якштас», — так міліцыя назвала ператрус у рэдакцыі.
Заснавальнік сайту «Сильные новости» Пятро Кузьняцоў распавеў, што ў дзьверы офісу 5 кастрычніка па абедзе пагрукала «жанчына з домаўпраўленьня». Калі ім адчынілі дзьверы, у офіс заскочылі супрацоўнікі міліцыі і АМАП.
«Сярод іх быў нехта ў цывільным, падобны да супрацоўніка КДБ. Ён падбег да мяне і пачаў фізычна вырываць з рук ноўтбук. Я не аддаваў, тады ён паклікаў супрацоўнікаў АМАП: „пацаны, пацаны, дапамажыце!“ — і яны забралі ноўтбук.
Была пастанова пракурора на агляд працоўнага месца Ганны Якштас, а па выніку ў нас забралі ўсю тэхніку і ўсё мабільныя тэлефоны» — патлумачыў Пятро Кузьняцоў.
Такія дзеяньні Пятро Кузьняцоў ацэньвае як псыхалягічны ціск на рэдакцыю, спробы «пакапацца» і знайсьці нешта, каб ці закрыць сайт, ці падвесьці яго дзейнасьць пад крымінальны артыкул.
Тым часам стала вядома, што супрацоўніка «Сильных новостей» Дзяніса Якштаса пакаралі арыштам на 15 сутак. Такое рашэньне вынес суд Савецкага раёну Гомля.
Яшчэ двое журналістак «Сильных новостей» — галоўны рэдактар Ганна Якштас і журналістка Надзея Пужынская — знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў чаканьні суду. Усіх траіх затрымалі 4 кастрычніка падчас асьвятленьня акцыі ў Гомлі.