Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прававая сыстэма ў краіне рухнула», — асуджаны журналіст Сяргей Шчурко пра арыштанцкі досьвед. ВІДЭА


Сяргей Шчурко: першыя хвіліны на волі пасьля 15 сутак арышту.
Сяргей Шчурко: першыя хвіліны на волі пасьля 15 сутак арышту.

Па выхадзе на волю з Жодзінскай турмы ў камэнтары для Свабоды спартовы журналіст Сяргей Шчурко назваў «сьмешнымі» суды, якія адбываюцца над удзельнікамі пратэставых акцый. Хутчэй гэта імітацыя законнасьці, лічыць Шчурко.

Ён не выключае, што адной з фармальных прычын перасьледу стаў подпіс пад адкрытым лістом работнікаў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. Але дзеля дасягненьня мэты ня грэбавалі ніякімі мэтадамі, кажа Шчурко.

«Выглядала крыху недарэчна, калі ў гэтым зьвязку згадвалі нейкія штрафы за перавышэньне хуткасьці — умоўна кажучы, пазалеташнія, пра якія я сам ня памятаю, — расказаў Сяргей Шчурко. — Седзячы ў розных камэрах і абмяркоўваючы неверагодныя гісторыі арыштантаў, выразна разумееш, што прававая сыстэма ў краіне проста рухнула. Не, напэўна, ёсьць і іншае дно, але тое, што бачым, — нешта неверагоднае. Як кажуць, робяць яны, а сорамна нам».

Журналіст кажа, што ня ведае ніводнага чалавека, які, выйшаўшы з турмы, памяняў бы свае перакананьні. І гэта вялікі досьвед — знаёмства за кратамі зь вялікай колькасьцю годных людзей.

Калегі-журналісты і сябры-спартоўцы
Калегі-журналісты і сябры-спартоўцы

«Мы цяпер на тым гістарычным моманце, калі фармуецца беларуская нацыя. Яна ня можа ўзьнікнуць сама па сабе, неабходна прайсьці пэўныя выпрабаваньні. Магчыма, будзе яшчэ складаней, але асабіста я бачу, што мы на правільным шляху. Адным словам, пражываем гэты год з пачуцьцём асаблівай годнасьці», — падсумаваў Сяргей Шчурко.

Ля турэмных муроў журналіста сустракалі калегі з газэты «Прессбол», карэспандэнты незалежных выданьняў, а таксама вядомыя спартоўцы — чэмпіён Эўропы ў баскетболе сярод моладзевых зборных Ягор Мешчаракоў, пераможца этапу Кубка сьвету ў парашутным спорце Аляксандра Садоўнікава, удзельніца паўмаратонскіх забегаў Вольга Хіжынкова ды іншыя.

Прызнаньне прыхільнікаў
Прызнаньне прыхільнікаў

Сяргей Шчурко перастаў выходзіць на сувязь 14 верасьня каля 13-й гадзіны. Перад гэтым ён пасьпеў напісаць сябрам, што да яго едуць «на размову» супрацоўнікі Першамайскага РУУС.

У другой палове таго ж дня адбыўся таемны працэс у Першамайскім судзе, на які не дапусьцілі нават адваката. Судзьдзя Максім Трусевіч абвінаваціў журналіста ў парушэньні артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і прызначыў 15 сутак арышту. Адтуль яго даставілі спачатку ў ізалятар на Акрэсьціна, а празь нейкі час перавезьлі ў Жодзіна.

Сяргей Шчурко пасьля 15 сутак у турме
Сяргей Шчурко пасьля 15 сутак у турме

Сяргей Шчурко — адзін зь яркіх прадстаўнікоў спартовай журналістыкі Беларусі. Арганізаваў дапамогу дзясяткам інвалідаў-заўзятараў і траўмаваных атлетаў, прыдумаў і правёў МоваCup і праект «Мары збываюцца». Прасоўваў дабрачынныя паўмаратоны і сам у іх удзельнічаў. У свой час сур’ёзна займаўся гандболам, прапагандаваў любімы від спорту праз аматарскія турніры журналістаў і вэтэранаў.

Некалькі гадоў таму ініцыяваў разам з Аляксандрай Герасіменяй мэмарыяльную дошку на доме паэта і дыплямата Генадзя Бураўкіна, якую ўлады так і не дазволілі павесіць.

Сяргей Шчурко — аўтар кнігі «Каханьне і спорт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG