Генэральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў выказаўся пра адключэньне інтэрнэту, блякаваньне сайтаў, вываз бізнэсаў і пэрспэктывы ІТ-сэктару ў Беларусі.
Прырост у нацыянальнай дамэннай зоне ў жніўні — мінус 350% у параўнаньні з сярэдняй колькасьцю рэгістрацый штомесяц. За ўвесь час у гэтай сфэры такіх лічбаў ня памятаю, напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Павалішаў.
Нэўтральнага стаўленьня да падзеяў няма. Калі згортваецца бізнэс і людзі не адкрываюць новы — гэта дрэнна. Калі не працуе інтэрнэт, а тысячы ІT-спэцыялістаў пакуюць валізкі — гэта жудасна. Калі людзі не пачуваюцца ў бясьпецы за межамі кватэры — гэта катастрофа, перакананы экспэрт рынку.
Ён паведаміў, што праграмны камітэт скасаваў форум Belarus IGF 2020, арганізатарам якога выступаў hoster.by. Прычына — няма гатоўнасьці да дыялёгу і немагчымасьць гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў. Агулам кажучы, нават наяўнасьць інтэрнэту гарантаваць нельга, каб правесьці форум онлайн.
Паняцьце «дыялёг» у апошнія тыдні абясцэнілася, лічыць Сяргей Павалішаў. Абмен рэплікамі, пры якім адзін бок не зацікаўлены ў тым, каб пачуць іншы, — гэта шум і марнаваньне часу. З улікам глыбіні крызісу ў краіне абмеркаваньне разьвіцьця інтэрнэту ў такі час папросту неэтычнае.
Адмыслоўца спрагназаваў скарачэньне рынку гостынгу на 20% да канца году, што вельмі шмат. З такімі тэмпамі ІT-краіна адкоціцца назад мінімум на 5 гадоў.