Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч і яшчэ 350 выпускнікоў фізфаку БДУ запатрабавалі новых выбараў 


Станіслаў Шушкевіч, ганаровы старшыня Цэнтральнай Рады партыі «Грамада»
Станіслаў Шушкевіч, ганаровы старшыня Цэнтральнай Рады партыі «Грамада»

Выпускнікі і супрацоўнікі фізычнага факультэту БДУ адправілі зварот у Нацыянальны сход Беларусі з заклікам спыніць гвалт, аднавіць вяршэнства закону і правесьці новыя выбары прэзыдэнта з выкананьнем заканадаўства.

Тэкст у рэдакцыю Tut.by даслалі яго аўтары. Зварот складзены на беларускай і расейскай мовах, подпісы пад ім зьбіраліся 2-17 верасьня.

«Разумеючы законы разьмеркаваньня імавернасьцяў, лёгіку матэматычнай статыстыкі, абапіраючыся на сьведчаньні парушэньняў падчас выбарнага працэсу і кіруючыся арт. 1,3 Канстытуцыі Беларусі, мы патрабуем прызнаць вынікі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь несапраўднымі», — адзначаецца ў звароце.

Таксама ўдакладняецца, што падзеі, якія суправаджалі прэзыдэнцкія выбары, характарызуюцца грубымі парушэньнямі Канстытуцыі краіны і Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Падпісанты заклікаюць спыніць гвалт, прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у зьбіваньні і забойствах мірных грамадзянаў, вызваліць палітычных вязьняў і правесьці новыя, сумленныя выбары.

Сваёй акцыяй выпускнікі і супрацоўнікі фізфаку выказваюць салідарнасьць і маральную падтрымку беларускаму грамадзтву, якое адстойвае свае канстытуцыйныя правы.

Агулам падпісаліся больш за 350 чалавек, сярод іх фізыкі выпуску ад 1956 да 2020 гадоў. У гэтым пераліку таксама першы кіраўнік незалежнай Беларусі, былы загадчык катэдры ядзернай фізыкі Станіслаў Шушкевіч. Зварот падтрымалі і некаторыя дзейныя выкладчыкі, дацэнты, кандыдаты навук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG