Ватыканская L’Osservatore Romano прысьвяціла адмысловы артыкул падрабязнасьцям чатырохдзённага візыту сакратара па адносінах Сьвятога Пасаду зь дзяржавамі, архібіскупа Пола Рычарда Галахера ў Беларусь, піша vaticannews.va.
У Менск герарх прыбыў 11 верасьня ў суправаджэньні архібіскупа Антонія Мэніні і мансэньёра Паўля Бутнару, супрацоўніка Сэкцыі па сувязях зь дзяржавамі Дзяржсакратарыяту.
У аэрапорце іх сустракалі намесьнік міністра замежных спраў Сяргей Алейнік і часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, кс. Махэр Шамас.
З аэрапорту дэлегацыя накіравалася ў МЗС, дзе адбылася сустрэча зь міністрам Уладзімерам Макеем. Размова доўжылася больш за гадзіну. На наступны дзень Галахер сустрэўся з каталіцкімі біскупамі Беларусі, наведаў праваслаўны катэдральны сабор, а таксама сустрэўся з намесьнікам міністра замежных спраў і паслом пры Апостальскай Сталіцы Сяргеем Алейнікам.
У нядзелю арцыбіскуп Галахер правёў імшу з удзелам некаторых прадстаўнікоў дыпкорпусу. Заключным пунктам візыту ў Беларусі стала сустрэча прадстаўніка папы Рымскага з настаяцелем менскага храма-помніка ў гонар Усіх Сьвятых, протаіерэем Фёдарам Поўным, якога называюць «духоўнікам Лукашэнкі».
14 верасьня сакратар па адносінах Сьвятога Пасаду зь дзяржавамі вярнуўся ў Ватыкан.