Sandvine Inc., тэхналягічная кампанія, якую падтрымлівае прыватная інвэстыцыйная кампанія Francisco Partners, скасавала ўгоду зь Беларусьсю, заявіўшы, што ўрад выкарыстоўвае яе тэхналёгіі для парушэньня правоў чалавека. Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Тэхналёгія кампаніі, якая выкарыстоўваецца для фільтрацыі і кіраваньня інтэрнэт-сеткамі, была выкарыстаная дзяржаўным інтэрнэт-агенцтвам у Беларусі для блякаваньня тысяч вэбсайтаў у краіне падчас агульнанацыянальных пратэстаў з нагоды спрэчных выбараў, паведаміў Bloomberg 28 жніўня.
У заяве Sandvine у аўторак сказана, што папярэдняе расьсьледаваньне выявіла, што ў прадукцыю кампаніі быў усталяваны «карыстальніцкі код» «з мэтай сарваць свабодны паток інфармацыі падчас выбараў у Беларусі».
«Гэта — парушэньне правоў чалавека, і гэта выклікала аўтаматычнае спыненьне нашага ліцэнзійнага пагадненьня з кліентам, — сказана ў заяве. — Sandvine вельмі сур’ёзна ставіцца да парушэньняў правоў чалавека. Мы таксама нецярпіма ставімся да выкарыстаньня тэхналёгій для здушэньня свабоднага патоку інфармацыі, што прыводзіць да парушэньня правоў чалавека».
Кампанія Sandvine, якая належыць прыватнай акцыянэрнай кампаніі Francisco Partners Management LLC зь сядзібай у Сан-Францыска, у траўні прадэманстравала сваё абсталяваньне дзяржаўнай службе бясьпекі ў Беларусі і накіравала сваё абсталяваньне Беларусі праз асноўнага падрадчыка, расейскую фірму Jet Infosystems. Гэта засьведчылі дакумэнты кампаніі і два чалавекі, абазнаныя ў гэтай справе.
Абсталяваньне было ўсталяванае ў Менску, у цэнтрах апрацоўкі дадзеных, якімі кіруе Нацыянальны цэнтар абмену трафікам (НЦАТ). Паводле дакумэнтаў і абазнаных асобаў, НЦАТ кіруе ўсімі інтэрнэт-дадзенымі, якія паступаюць у Беларусь і зь Беларусі.
На працягу некалькіх дзён жніўня, на фоне пратэстаў з нагоды спрэчнага пераабраньня прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, Нацыянальны цэнтар абмену трафікам выкарыстоўваў абсталяваньне Sandvine, каб заблякаваць доступ да сайтаў сацыяльных сетак, такіх як Facebook і Twitter, праграм абмену паведамленьнямі, такіх як WhatsApp і Telegram, і міжнародных навінавых сайтаў, паведамляў Bloomberg у мінулым месяцы.
Амэрыканскі сэнатар Дык Дэрбін заклікаў Міністэрства фінансаў ЗША правесьці расьсьледаваньне дзейнасьці Sandvine на прадмет магчымых парушэньняў амэрыканскіх санкцыяў у дачыненьні да Беларусі, заявіўшы, што «было б вельмі трывожна, калі б амэрыканскія тэхналёгіі выкарыстоўваліся апошнім дыктатарам Эўропы, каб заблякаваць беларусам доступ у Інтэрнэт у той самы момант, калі тысячы мірных грамадзян пратэставалі супраць скрадзеных выбараў і жорсткіх палітычных арыштаў».
Некаторыя супрацоўнікі кампаніі Sandvine пратэставалі супраць дзейнасьці кампаніі ў Беларусі. Але на ўнутранай тэлефоннай канфэрэнцыі на мінулым тыдні кіраўнікі выступілі ў абарону такой дзейнасьці, заявіўшы, што яны не парушалі санкцыяў ЗША і не адносяць доступ у інтэрнэт да правоў чалавека.
«Мы ня хочам гуляць у сусьветных паліцыянтаў», — сказаў галоўны дырэктар у пытаньнях тэхналёгіяў Аляксандар Гавэнг.
Аднак у аўторак кампанія заявіла, што вызначыла: Беларусь парушыла ліцэнзійную дамову. Тая дамова «недвухсэнсоўна забараняе дзеяньні, якія падтрымліваюць або дазваляюць учыняць паасобныя парушэньні правоў чалавека».
«Sandvine не парушыла ні амэрыканскага, ні іншага заканадаўства або санкцыяў што да кантролю за экспартам, — заявіла кампанія. — З пункту гледжаньня тэхналёгіяў мы вывучаем спосабы ўдасканаленьня нашай прадукцыі, каб зьнізіць рызыку неналежнага выкарыстаньня».