Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дзяўчыну, якая сарвала маску зь міліцыянта ў Менску, завялі крымінальную справу


Менск, 31 жніўня. Ілюстрацыйнае фота
Менск, 31 жніўня. Ілюстрацыйнае фота

Юлію затрымалі каля будынку Менскага абласнога суду перад пачаткам працэсу супраць страйкаму «Беларуськалію».

11 верасьня мянчанка Юлія разам зь іншымі людзьмі прыйшла да будынку суду падтрымаць прадстаўнікоў страйкаму «Беларуськалію». Кіраўніцтва прадпрыемства патрабавала прызнаць страйк незаконным. Прыехалі сілавікі і пачалі затрымліваць людзей проста перад судом. Гэтаксама затрымалі і Юлію.

Як стала вядома Свабодзе, на Юлію завялі крымінальную справу. Дзяўчына выйшла на свабоду, але ўжо заўтра, 15 верасьня, павінна зьявіцца на допыт.

«Сёньня Юлю вызвалілі, — сказала Свабодзе маці Юліі Алена. — Заўтра мы ідзем да сьледчага на допыт. На дачку завялі крымінальную справу паводле артыкула 364 (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў)». Будзем змагацца. Мы маем трох сьведак, якія былі там. Бачылі, што адбывалася. Яны гатовыя даваць паказаньні ў судзе».

Жанчына дадае, што сям’я Юліі працягвае шукаць і іншых сьведак, будуць удзячныя любой дапамозе.

«Малады чалавек Юліі пакуль знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна, — расказала Алена. — На яго крымінальнай справы не заводзілі, толькі адміністрацыйны пратакол. Але суду яшчэ не было».

У канцы жніўня МУС паведаміла, што ў Беларусі з пачатку жніўня завялі 141 крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікамі міліцыі, альбо пагрозу гвалту. Інфармацыі пра завядзеньне спраў па фактах гвалту над пратэстоўцамі і катаваньня іх пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG