Пра гэта паведамілі беларускія памежнікі ў адказе мітрапаліту на ягоную скаргу.
Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу было адмоўлена ва ўездзе з Польшчы з прычыны несапраўднага пашпарта, гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце catholic.by са спасылкай на атрыманы адказ зь Дзяржаўнага памежнага камітэту краіны.
Пазыцыя памежнікаў
У лісьце за подпісам старшыні ведамства Анатоля Лапо ўказаная прычына дзеяньняў памежнікаў, які не далі мітрапаліту Менска-Магілёўскаму уехаць у Беларусь.
У прыватнасьці, паведамляецца, што яго не прапусьцілі празь дзяржаўную мяжу ў сувязі з прынятым органамі ўнутраных спраў рашэньнем аб прызнаньні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які належыць Тадэвушу Кандрусевічу, несапраўдным.
Афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў Свабодзе:
«Дзяржаўны памежны камітэт даў адказ на зварот Тадэвуша Кандрусевіча аб няпропуску праз дзяржаўную мяжу ў сувязі прызнаннем яго пашпарта несапраўдным. Ягоны дакумэнт занесены ў спісачную базу дадзеных аўтаматызаванай сыстэмы памежнага кантролю, у прыватнасьці «Сьпіс несапраўдных дакумэнтаў».
Пазыцыя МУС
31 жніўня, на момант, калі мітрапаліта Кандрусевіча, які мае беларускае грамадзянства не пускалі ў краіну з Польшчы, начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун нічога ня змог сказаць Свабодзе аб прычынах такіх дзеяньняў уладаў.
Цяпер ён недаступны для камэнтару. Прэсавая сакратарка МУС Вольга Чамаданава сказала:
«Ня ведаю, у чым ён не сапраўдны. Кіраўнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі падрыхтуе адказ і тады ён будзе абрародаваны. Калі гэта будзе, ня ведаю, мае калега пакуль яшчэ зь ім працуе. Пазьней, не зараз».
Мітрапаліт Кандрусевіч рыхтуе свой зварот у МУС з гэтай нагоды, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько.