Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША папярэдзілі Беларусь пра дадатковыя санкцыі пасьля выкраданьня Калесьнікавай


Майк Пампэо
Майк Пампэо

«ЗША ў каардынацыі з нашымі партнэрамі і саюзьнікамі разглядаюць дадатковыя мэтавыя санкцыі для забесьпячэньня адказнасьці тых, хто ўдзельнічае ў парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіях у Беларусі», — гаворыцца ў заяве дзяржсакратара Майка Пампэо.

«Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя паведамленьнем пра выкраданьне 7 верасьня сябра Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай, прэсавага сакратара Антона Раднянкова і выканаўчага сакратара Івана Краўцова, а таксама спробы прымусовай высылкі іх за мяжу ва Ўкраіну 8 верасьня.

Мы вітаем мужнасьць спадарыні Калесьнікавай і беларускага народу ў мірным адстойваньні свайго права выбіраць сваіх лідэраў на свабодных і сумленных выбарах, нягледзячы на неабгрунтаваны гвалт і рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў, у тым ліку абуральнае зьбіваньне мірных пратэстоўцаў сярод белага дня і сотні затрыманьняў 6 верасьня, а таксама ўсё больш паведамленьняў пра выкраданьні.

ЗША ў каардынацыі з нашымі партнэрамі і саюзьнікамі разглядаюць дадатковыя мэтавыя санкцыі для забесьпячэньня адказнасьці тых, хто ўдзельнічае ў парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіях у Беларусі. Мы нагадваем уладам Беларусі пра адказнасьць за бясьпеку спадарыні Калесьнікавай і ўсіх несправядліва затрыманых.

Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гвалт супраць уласнага народу, вызваліць усіх, хто быў несправядліва затрыманы, у тым ліку грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава, і пачаць зьмястоўны дыялёг з сапраўднымі прадстаўнікамі беларускага грамадзтва», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ўраду ЗША.

Марыя Калесьнікава прапала ў Менску раніцай 7 верасьня. Паводле відавочцаў, на вуліцы Леніна невядомыя пасадзілі яе ў мікрааўтобус і зьвезьлі. Неўзабаве зьніклі таксама сябры Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў. Раніцай 8 верасьня пры спробе гвалтоўнай высылкі ва Ўкраіну Калесьнікава парвала пашпарт і выбралася з машыны паміж пунктамі пропуску. Яе затрымалі беларускія памежнікі. Краўцоў і Раднянкоў, каб унікнуць затрыманьня, на вялікай хуткасьці зьехалі на тэрыторыю Ўкраіны.

У нядзелю 6 верасьня падчас пратэстаў сілавікі затрымалі ​затрымалі 633 удзельнікаў.

Згаданага ў заяве ЗША Віталя Шклярава затрымалі 29 ліпеня ў Гомлі. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеяньняў, якія груба парушалі грамадзкі парадак». Ён адзін з фігурантаў так званай «справы Ціханоўскага» — усіх іх беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG