Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў, якія вымушана зьехалі ва Ўкраіну, даюць прэсавую канфэрэнцыю. Украінская служба Свабоды вядзе жывую траньсляцыю.
Антон Раднянкоў расказаў, што пасьля выкраданьня Калесьнікавай ён разам з Іванам Краўцовым паехаў дадому за Калесьнікавай, бо яны ўбачылі, што там быў яе тэлефон.
Раднянкова спачатку вазілі па розных упраўленьнях ГУБАЗіК, пасьля прывезьлі ў ДФР. Паводле Краўцова, у ДФР яму пагражалі крымінальным артыкулам аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў, які прадугледжвае 5–12 гадоў зьняволеньня.
Як Калесьнікаву спрабавалі гвалтам вывезьці ва Ўкраіну
Паводле Раднянкова, Калесьнікаву вялі гвалтам, было чуваць, што яна супраціўляецца. Яе запхнулі на задняе сядзеньне машыны Краўцова, невядомыя заблякавалі дзьверы машыны, каб яны не адчыняліся знутры.
Краўцоў сказаў, што ня ведае, дзе дапытвалі Калесьнікаву, імаверна ў КДБ, сказаў ён. Паводле яго, сілавікі казалі, каб ён націснуў на пэдаль газу, калі Калесьнікава і Раднянкоў сядуць у машыну пасьля праходжаньня беларускай мяжы.
«Перш за ўсё іх цікавіла магчымасьць вывазу Марыі Калесьнікавай за мяжу, яны гэта тлумачылі неабходнасьцю дээскаляцыі сытуацыі ў краіне. І яны бачылі, што мы мусім ўтраіх, на маім аўто выехаць за мяжу».
Аднак, паводле яго, раней яны дамовіліся, што ня будуць выяжджаць зь Беларусі ні пры якіх абставінах.
«У выніку была вельмі працяглая гутарка, напрыканцы стала зразумела, што сытуацыя зьмянілася, і Марыя Калесьнікава будзе дастаўлена на мяжу. Я так зразумеў, што яе спрабуюць гвалтоўна даставіць.
Аб 1-ай вечара, мяне, і я так разумею, Антона, нас пасадзілі на мікрааўтобусы, мы паехалі на шляху да Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, дзе сабралі Марыю Калесьнікаву, дзя яна знаходзілася ўвесь дзень, да мяжы. Там забралі яе, і рушылі на памежны пункт «Аляксандраўка», сказаў Іван Краўцоў.
Яшчэ на беларускай тэрыторыі адабралі ўсю тэхніку — кампутар і тэлефон. Але нават, калі б былі сродкі сувязі, то не маглі б імі скарыстацца, паколькі іх суправаджалі да 35 сілавікоў.
Калі Калесьнікава ўбачыла свой пашпарт, яна парвала яго на дробныя кавалкі і выкінула ў вакно. Калесьнікава выйшла з машыны Краўцова праз вакно задніх дзьвераў.
Антон Раднянскі паведаміў, што пасьля таго, як Марыя Калесьнікава выскачыла з аўтамабіля, іх спрабавалі затрымаць яшчэ раз. І каб пазьбегнуць гэтага, яны вымушаныя былі павялічыць хуткасьць. Такім чынам, дадаў Іван Краўцоў, у другі раз удалося зламаць пляны беларускіх сілавікоў.
Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады сумняюцца, што ўлады паспрабуюць вывезьці Марыю Калесьнікаву зь іншым пашпартам у іншую краіну. «Прагназаваць цяпер складана», — сказаў Антон Раднянкоў.
СБУ не затрымлівала Раднянкова і Краўцова, яны знаходзяцца ва Ўкраіне легальна
Антон Раднянкоў абверг заяву Лукашэнкі пра іх затрыманьне ва Ўкраіне. Раднянкоў сказаў, што пасьля праходжаньня ўкраінскай мяжы, ён з Краўцовым далі камэнтары СБУ і памежнай разьведцы.
Паводле Краўцова, яны з Радянковым знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны «легальным чынам», прасіць палітычны прытулак не плянуюць. Яны маюць від на часовае жыхарства, які аформілі летась у кастрычніку-лістападзе як валянтэры ўкраінскай арганізацыі, якая займаецца адвакатаваньнем і арганізацыяй публічных мерапрыемстваў.
Раднянкоў патлумачыў, што іх вывезьлі ва Ўкраіну, а не Літву ці Польшчу, бо яны з Краўцовым ня маюць шэнгенскіх візаў, выдадзеных гэтымі краінамі.
На пытаньне чаму Раднянкоў і Краўцоў не парвалі свае пашпарты, Раднянкоў сказаў, што ня здольны на гэта. «Марыя — лідэр апазыцыі, а я проста прэс-сакратар».
Пра відэа, якое распаўсюдзілі дзяржаўныя СМІ
Іван Краўцоў пракамэнтаваў відэа пра свой ад'езд, якія апублікавалі дзяржаўныя мэдыя Беларусі:
«Мы ўзгаднілі больш-менш нэўтральны тэкст. Селі са мной у аўтобус недзе пяць чалавек. Яны мяне адвезьлі ў лес – кілямэтры за два ад аўтамабіля. Адзін, у касьцюме, трымаў дыёдную лямпу, а другі – у балаклаве і камуфляжы падаў мне сэлфі-палку з тэлефонам. І мы пад кантролем яшчэ двух людзей зрабілі некалькі варыянтаў запісу. У прынцыпе, у нечым ён адлюстроўвае пэўную праўду: так, была размова. Так, было рашэньне, з улікам мноства фактараў, пакінуць Беларусь, але, як вядома, Марыя Калесьнікава, не пакінула Беларусь».
Раднянкоў мяркуе, што дзяржаўныя мэдыя хацелі паказаць, што Калесьнікава хацела зьехаць у Мюнхэн, бо яны знайшлі авіябілеты ў машыне Краўцова. Там жа ляжалі тэсты на каранавірус і страхоўка.