8 верасьня ў Менску людзі сабраліся на стыхійны «Марш у падтрымку рэпрэсаваных» у Беларусі. Каля 18-й гадзіны людзі пачалі зьбірацца на пляцоўцы каля Камароўскага рынку ў Менску.
20.00 Марш завяршыўся. Дзясяткі ўдзельнікаў былі затрыманыя, нягледзячы на мірны характар акцыі, астатнія разышліся, ратуючыся ад затрыманьняў.
Сярод затрыманых — паэты Ганна Комар, Сяржук Мядзьведзеў, паэт і музыка Ўладзь Лянкевіч, паведаміў у Фэйсбуку паэт Андрэй Хадановіч. Агулам было затрымана больш за паўсотні чалавек, паведамляюць праваабаронцы.
19.45 Праз 15-20 хвілін 2 аўтазакі з затрыманымі зьехалі, паведамляе БелаПАН. Карэспандэнт БелаПАН чуў, як адзін амапавец спытаў у іншага, колькі чалавек у адным з аўтазакаў, той адказаў: 33.
Цяпер па абодва бакі праспэкта Машэрава засталіся невялікія групы пратэстоўцаў, каля двух дзясяткаў чалавек, астатнія ўдзельнікі акцыі разышліся.
19.25 на праспэкце Машэрава пачалася новая хваля затрыманьняў удзельнікаў маршу. Каля былога тралейбуснага дэпо да калёны пратэстоўцаў пад’ехалі як мінімум 2 аўтазакі і каля 10 мікрааўтабусаў. Жанчыны паспрабавалі стаць у сцэпку, зачыняючы хлопцаў, але сілавікі пачалі хапаць усіх запар і цягнуцьзатрыманых у аўтазакі– і мужчын, і жанчын, з прымяненьнем грубай сілы.
Частку дзяўчат выпусьцілі праз ачапленьне сілавікоў — тых, хто спрабаваў прыкрыць хлопцаў. Яны сыходзяць у бок вуліцы Куйбышава, некаторыя плачуць, у некаторых гістэрыка.
19.15 Калёна дайшла да праспэкту Машэрава. У ёй цяпер ідуць больш за тысячу чалавек, у асноўным жанчыны. На праспэкце Машэрава ачаліся новыя затрыманьні ўдзельнікаў акцыі.
На ўчастку, дзе праходзяць затрыманьні, засталося некалькі сотняў чалавек. Дэманстранты спрабавалі заблякаваць аўтазак з затрыманымі, але няўдала - той зьехаў, паведамляе БелаПАН.
18.53 Калёна павярнула на вуліцу Куйбышава і ідзе па ёй у бок праспэкту Машэрава. У шэсьці бяруць удзел некалькі соцен чалавек, уся вуліца гудзе сыгналамі аўтамабіляў.
18.53 Калёна павярнула на вуліцу Куйбышава і ідзе па ёй у бок праспэкту Машэрава. У шэсьці бяруць удзел некалькі соцен чалавек, уся вуліца гудзе сыгналамі аўтамабіляў.
18.44 Аўтазак і два міліцэйскія мікрааўтобусы праехалі ў бок плошчы Якуба Коласа, куды ад Камароўскага рынку накіраваліся ўдзельнікі маршу. У калёне каля трох сотняў чаалвек, паведамляе БелаПАН. У раёне плошчы яна павярнулася і накіравалася па вуліцы Харужай у бок Багдановіча, а потым у бок вуліцы Куйбышава.
18.34 У маршы ўдзельнічаюць у асноўным жанчыны. Калёна жанчын з Камароўкі рушыла ў бок вуліцы Якуба Коласа. Чуецца «Адзін за ўсіх, усе за аднаго».
Да пратэстоўцаў на Камароўскім рынку падышоў намесьнік начальніка Савецкага РУУС. Жанчыны абступілі яго. «Чаму сьледчы камітэт дасюль не пачаў сьледзтва?» – гнеўна запытала адна зь іх, піша Tut.by.
18.20 На акцыю ля Камароўкі сабралася некалькі сотняў чалавек.
Некаторыя прыйшлі з плякатамі «Марыя – ты наш герой», адрасаванымі затрыманай кіраўніцы штабу Віктара Бабарыкі Марыі Калесьнікавай. Людзі хорам скандуюць «выпускай!». Дзяўчаты сталі ў счэпку, каб іх было складана затрымаць.
18.15 Ля Камароўскага рынку затрымалі некалькі чалавек. Астатнія працягваюць стаяць скандуюць «Марыя, Марыя» у падтрымку зьніклай Марыі Калесьнікавай.
17.55 Як толькі людзі пачалі зьбірацца, пачаліся і першыя затрыманьні: да Камароўскага рынку пад'ехалі сілавікі і пачалі затрымліваць прысутных, якія стаялі групай ля рынку.
Увечары 8 верасьня людзі, абураныя працягам рэпрэсій супраць сябраў Каардынацыйнай рады, актывістаў і ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Беларусі, выйшлі на вуліцу, каб выказаць сваю нязгоду.
Сярод іншага, учора невядомыя выкралі ў цэнтры Менску сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву. Сёньня стала вядома, што што сябры Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў, зь якімі ўчора таксама зьнікла сувязь, выехалі ва Ўкраіну. Марыю Калесьнікаву затрымалі на мяжы. Паводле агенцтва «Інтэрфакс-Україна», Марыя Калесьнікава не перасекла мяжу Ўкраіны, бо пры спробе ейнага гвалтоўнага вывазу з тэрыторыі Беларусі яна парвала свой пашпарт.