5 верасьня ў Менску прайшоў чарговы суботні «Жаночы марш». На пачатку шэсьця ў калёне было каля 3 тысяч чалавек.
Агулам шэсьце доўжылася некалькі гадзін і налічвала некалькі тысяч чалавек.
18.30 Каля тысячы жанчын падымаюцца ад Нямігі ў бок плошчы Свабоды.
На плошчы Свабоды жанчыны сталі разыходзіцца. Вялікая група жанчын зноў накіравалася да плошчы Незалежнасьці. Плошча была ачэпленая АМАПам, які спрабаваў не пусьціць туды жанчын, але жанчыны прарвалі ачапленьне і прыйшлі на плошчу. Празь нейкі час удзельніцы шэсьця разышліся.
18.18 Вялікая калёна «Жаночага маршу» ідзе да Нямігі па Камсамольскай. Скандуюць «Новыя выбары» і «Выпускай».
18.00 Частка ўдзельніц маршу сышла з плошчы Незалежнасьці асобнай калёнай. На плошчы ўжо прагучала просьба разысьціся і папярэджаньне, што сход несанкцыянаваны.
17.54 Удзельніцы маршу застаюцца на плошчы Незалежнасьці. Атмасфэра там спакойная. А 19-й гадзіне ў Чырвоным касьцёле пачнецца імша, на якую прыйдуць прадстаўнікі ўсіх канфэсій.
17.32 З боку Дома ўраду зьявіўся ланцуг людзей у камуфляжы ў балаклавах, яны перакрылі падыход да Дома ўраду. Затрыманьняў няма. Жанчыны працягваюць вадзіць карагод.
17.25 Плошча Незалежнасьці запаўняецца ўдзельніцамі «Жаночага маршу». Утвараюць карагод вакол вялікага фантану. З боку вуліцы Мясьнікова пад’ехалі аўтазак, аўтобус з закрытымі вокнамі, спыніліся каля будынку ЦВК.
17.15 Першыя ўдзельніцы «Жаночага маршу» ўжо на плошчы Незалежнасьці. Міліцыі мала, жанчынам ніхто не перашкаджае.
16.48 «Жаночы марш» рушыць у бок плошчы Незалежнасьці. Жанчыны занялі палову праспэкту з боку ГУМа, па другой частцы рухаюцца аўтамабілі.
Насупраць ГУМа некалькі аўтамабіляў ДПС з уключанымі мігалкамі заяжджаюць у натоўп, выштурхоўваючы людзей на ходнікі. Амаль усе жанчыны ўжо перайшлі на ходнікі.
Журналісты ацэньваюць колькасьць удзельніц у 10 тысяч чалавек.
16.35 Каля будынку на Незалежнасьці, 27 затрымалі апэратара тэлеканалу «Белсат» Максіма Калітоўскага, журналістку «Белсату» Алену Дубовік, а таксама некалькіх хлопцаў. Жанчыны спрабавалі іх адбіць, але не ўдалося. Падчас шэсьця да журналістаў падыходзяць міліцыянты, правяраюць акрэдытацыі.
«Жаночы марш» тым часам ужо на Кастрычніцкай плошчы. Жанчыны выйшлі на праезную частку на горцы да Кастрычніцкай плошчы і ідуць па праспэкце Незалежнасьці.
16.20 Калёна «Жаночага маршу» прайшла праз плошчу Перамогі, рушыла ў бок Кастрычніцкай плошчы па праспэкце Незалежнасьці. ДПС перакрыла рух па праспэкце на адрэзку ад вуліцы Янкі Купалы да плошчы Перамогі. Калёна ідзе па ходніках.
16.05 Калёна злучылася з групай жанчын на плошчы Перамогі. На ўсіх вуліцах, якія выходзяць на плошчу, стаяць мікрааўтобусы з танаваным шклом. Уваходу на саму плошчу да манумэнту Перамогі перакрыты.
Міліцыянты папярэджваюць журналістаў, што тыя мусяць знаходзіцца на адлегласьці ад падзеі. Гэтыя папярэджаньні здымаюць на відэакамэру.
15.58 Калёна дайшла да скрыжаваньня Машэрава і праспэкта Незалежнасьці. Рух на праспэкце не перакрыты, калёна рухаецца па ходніках, спыняецца на сьвятлафорах.
Прыкладна ў 15.30 «Жаночы марш» рушыў з Камароўскага рынку ў бок плошчы Якуба Коласа і далей да плошчы Перамогі.
14.50 Жанчыны пачалі зьбірацца на марш яшчэ да 15-й гадзіны каля Камароўскага рынку ў Менску.
На Камароўцы таксама зьявілася калёна з прыкладна дзесяці ЛГБТ-актывістаў, яны далучыліся да ўдзельніц жаночага маршу. У іх вясёлкавыя сьцягі, банэры. На адным напісана: «Каждый охотник желает знать, когда посадят Лукашенко».