Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні студэнтаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску. 5 верасьня.
Затрыманьні студэнтаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску. 5 верасьня.

28 дзень пратэстаў. Акцыя салідарнасьці студэнтаў, маршы жанчын у белым і чорным. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Што адбываецца ў Беларусі на 28-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

16:50 5.9.2020

У «Жаночым маршы» ў Менску ўдзельнічаюць каля 10 тысяч чалавек

«Жаночы марш» рушыць у бок плошчы Незалежнасьці. Жанчыны занялі палову праспэкта з боку ГУМа, па другой частцы рухаюцца аўтамабілі.

Насупраць ГУМа некалькі аўтамабіляў ДПС з уключанымі мігалкамі заяжджаюць у натоўп, выштурхоўваючы людзей на ходнікі. Амаль усе жанчыны ўжо перайшлі на ходнікі.

Журналісты ацэньваюць колькасьць удзельніц у 10 тысяч.

17:01 5.9.2020

Марш у Гомлі

17:10 5.9.2020

Каля 30 чалавек затрымалі ў суботу ў Менску за ўдзел у акцыях пратэсту

За ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у Менску ўжо затрымалі каля 30 чалавек, паведаміў Інтэрфакс-Захад з спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ГУУС Менгарвыканкаму Натальлю Ганусевіч. «Усе гэтыя грамадзяне дэманстравалі недзяржаўную сымболіку, выкрыквалі лёзунгі. Міліцыя на гэта рэагавала», — сказала Ганусевіч.

17:46 5.9.2020

Маршы ў іншых гарадах

17:47 5.9.2020

Жанчыны на маршы ў Менску і «зялёныя чалавечкі» без апазнавальных знакаў.

Плошча Незалежнасьці цяпер запаўняецца ўдзельніцамі «Жаночага маршу». Яны ўтвараюць карагод вакол вялікага фантана. З боку Мясьнікова пад’ехалі аўтазак і аўтобус з закрытымі вокнамі, спыніліся каля будынку ЦВК.

З боку Дому ўраду зьявіўся ланцуг людзей у камуфляжы ў балаклавах, перакрылі падыход да Дому ўраду. Затрыманьняў няма. Жанчыны працягваюць вадзіць карагод.

Удзельніцы маршу застаюцца на плошчы Незалежнасьці. Атмасфэра там спакойная. А 19-й гадзіне ў Чырвоным касьцёле пачнецца імша, на якую прыйдуць прадстаўнікі ўсіх канфэсій.

18:00 5.9.2020

Студэнтаў у Менску яшчэ не адпусьцілі, бацькі і мэдыкі стаяць пад РУУС

Каля Ленінскага РУУС у Менску сабраліся бацькі затрыманых сёньня студэнтаў. Мэдыкі, якія дзяжураць побач, кажуць, што яшчэ ня бачылі затрыманых, але «моцна пацярпелых няма»: кажуць, у аднаго падняўся ціск, яшчэ ў аднаго пашкоджаная рука, перадае іх словы Tut.by.

Паводле Nexta, у аднаго са студэнтаў зламаны палец на руцэ; у ліку затрыманых — 12 студэнтаў факультэту міжнародных адносін БДУ; у РУУС прыехалі дэканы трох факультэтаў. Праваабаронцам вядомыя 30 імёнаў затрыманых на студэнцкіх акцыях, ня лічачы журналістаў.

Прадстаўніца прэсавай службы МУС Натальля Ганусевіч паведаміла Свабодзе, што ня мае дакладнай інфармацыі пра затрыманых сёньня студэнтаў. Таксама не змагла пацьвердзіць, ці атрымаў хто зь іх пашкоджаньні пры затрыманьні. Яна пацьвердзіла, што сёньня было затрымана каля 30 чалавек. СМІ паведамляюць, што аднаму з затрыманых сёньня студэнтаў паламалі пры затрыманьні палец. Другі трапіў у шпіталь з падвышаным ціскам. Прынамсі частка студэнтаў застаецца ў Кастрычніцкім РУУС.

18:03 5.9.2020

Частка ўдзельніц «Маршу жанчын» сышла з плошчы

Частка ўдзельніц менскага жаночага маршу сышла з плошчы Незалежнасьці асобнай калёнай. На плошчы ўжо прагучала просьба разысьціся і папярэджаньне, што сход несанкцыянаваны.

18:08 5.9.2020

«Надзелі капюшон, далі маску і паклалі на задняе сядзеньне». Кавалькова расказала, як яе вывозілі зь Беларусі

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова ўначы перайшла беларуска-польскую мяжу, цяпер яна ў Варшаве. У другой палове дня на прэс-канфэрэнцыі ў польскай сталіцы яна расказала, як яе вывозілі зь Беларусі.

«Калі я знаходзілася за кратамі, то да мяне прыйшлі прадстаўнікі ўлады і сказалі, што калі я ня выеду, калі застануся ў краіне, то я вельмі доўга ня выйду з турмы. Яны прыехалі да мяне ў ізалятар, пасадзілі ў сваю машыну, надзелі капюшон, далі маску, паклалі на задняе сядзеньне і вывезьлі з ізалятара».

Паводле Кавальковай, яе давезьлі да памежнага пераходу ў Брузгах каля Горадні, там яна праходзіла пашпартны кантроль.

«Яны (прадстаўнікі ўлады. — РС) перавезьлі мае рэчы празь мяжу і на нэўтральнай тэрыторыі прапанавалі мне выклікаць таксоўку. Але ехаў аўтобус на Варшаву, і польскія памежнікі папрасілі польскага кіроўцу, каб ён мяне падвёз».

Далей, па словах Кавальковай, ёй удалося скантактавацца з амбасадарам Польшчы ў Менску Артурам Міхальскім, які і паспрыяў яе даезду да Варшавы.

18:21 5.9.2020

У Гомлі пасьля акцыі салідарнасьці АМАП затрымаў сына пісьменьніцы Нікі Ракіцінай

У Гомлі прайшла акцыя салідарнасьці — шэсьце па цэнтральных вуліцах і праспэктах гораду. У ім узялі ўдзел некалькі соцень чалавек. Калёна прайшла ад унівэрмагу «Гомель» праз плошчу і праспэкт Леніна, праспэкт Перамогі да ўнівэрмагу «Гомель», затым — да рынку «Стары Аэрадром». Там людзі разышліся.

«Мы вярталіся з сынам дахаты, былі на акцыі. Ішлі па вуліцы Спартака, якая за будынкам аблвыканкаму. Раптам наляцеў АМАП, сына схапілі і закінулі ў шэры бус. Пазьней я даведалася, што ён у Цэнтральным РАУС», — сказала Свабодзе Ніка Ракіціна.

Яе сыну Ўладзіславу Багданаву 21 год, ён вучыцца на гістарычным факультэце ГДУ імя Ф. Скарыны. Таксама чытачы Свабоды паведамілі, што ў дварах каля рынку «Стары Аэрадром» міліцыя затрымала мужчыну.

18:42 5.9.2020

18:42 5.9.2020

19:01 5.9.2020

У Чырвоным касьцёле — імша за ахвяраў пратэстаў у Беларусі

У Чырвоным касьцёле Менску вернікі ўсіх канфэсій сабраліся на імшу «за ўсіх церпячых у вязьніцах, за тых, хто зьнік у апошні час у Беларусі».

Падчас імшы ў Чырвоным касьцёле біскуп Юры Касабуцкі згадваў сёньняшнія жорсткія затрыманьні студэнтаў на вуліцы Карла Маркса ў Менску.

«У краіне людзі са страхам глядзяць на людзей, якія павінныя іх абараняць», — казаў сьвятар.

Таксама біскуп Касабуцкі падчас імшы назваў беларускіх жанчын героямі нашага часу.

Вернікі разам памаліліся за вяртаньне ў Беларусь мітрапаліта Кандрусевіча. У парушэньне закона беларускія ўлады не ўпусьцілі яго ў Беларусь.

Пасьля імшы вернікі выйшлі з Чырвонага касьцёла на працэсію вакол будынку дзеля вяртаньня мітрапаліта Кандрусевіча. На імшы былі замежныя дыпляматы.

19:10 5.9.2020

Затрыманых студэнтаў пачалі адпускаць

Зь Ленінскага РУУС адпускаюць студэнтаў, у дворыку РУУС застаюцца каля 15 чалавек. Каля РУУС дэкан ФФСН БДУ Вадзім Гігін. Акрамя хлопцаў, была затрыманая і адна дзяўчына. Яе вызвалілі.

Паводле інфармацыі, якая распаўсюджвацца сярод людзей, што чакаюць затрыманых каля РУУС, абяцалі вызваліць усіх. Толькі што выйшаў студэнт ФМА разам з дэканам ФМА Віктарам Шадурскім.

Каля 19.20 выпусьцілі яшчэ 4-х затрыманых удзень студэнтаў ФМА БДУ.

На студэнтаў склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Тым, каго адпусьцілі, кажуць, што суд будзе на наступным тыдні.

Пяцярых затрыманых сёньня студэнтаў павезьлі зь Ленінскага РУУС у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Хлопцы ўсьміхаліся праз акно мікрааўтобуса. Астатніх студэнтаў з РУУС адпусьцілі, паведамляе Tut.by.

19:17 5.9.2020

Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Польшчы

Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца з прэмʼер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім, паведаміў кіраўнік канцылярыі польскага прэмʼера Міхал Дворчык. Сустрэча заплянаваная на 9 верасьня. Адной з асноўных яе тэмаў будзе вызваленьне затрыманых на акцыях у Беларусі.

Таксама ў гэты дзень Сьвятлана Ціханоўская сустрэнецца зь беларусамі Варшавы, паведамляе «Беларускі дом у Варшаве». Адным з арганізатараў мерапрыемства выступае Канцылярыя прэмʼер-міністра Польшчы.

19:27 5.9.2020

20:08 5.9.2020

У Магілёве затрымалі сябра ТБМ, калі той вяртаўся з «Танцаў ля ратушы»

У Магілёве затрыманы краязнаўца, сябра ТБМ Анатоль Прасаловіч. Ён вяртаўся разам з удзельнікамі імпрэзы «Танцы ля ратушы». Ёю магілёўцы выказвалі падтрымку супрацоўнікам мастацкага музэю імя Масьленікава і музэю гісторыі Магілёва, якія публічна выказаліся за адстаўку Лукашэнкі, правядзеньне новых выбараў, спыненьне гвалту сілавікоў і вызваленьне палітвязьняў.

Цяпер Прасаловіч у Ленінскім аддзеле міліцыі. Паводле відавочцаў, яго пільнавалі, каб схапіць. Над плошчай Славы лётаў дрон. «Нас было мала, чалавек 7, і мы не змаглі яго адбіць. Амапаўцаў быў цэлы бус з нумарам «EB BP 1134».

UPD. Праз гадзіну Прасаловіча адпусьцілі зь Ленінскага аддзелу міліцыі. Па словах актывіста, яму вынесьлі пракурорскае папярэджаньне аб недапушчальнасьці арганізацыі і ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Забралі «для сьледчых дзеяньняў» бел-чырвона-белы сьцяг і выпісалі позву на допыт на 6 верасьня.

20:35 5.9.2020

«Не рабіце супрацьзаконных дзеяньняў». Па СТВ паказалі відэазварот арыштаваных тэлевядоўцаў Дудзінскага і Кахно

5 верасьня ў навінах на тэлеканале СТВ паказалі відэазвароты былых вядоўцаў дзяржаўных тэлеканалаў Дзяніса Дудзінскага і Дзьмітрыя Кахно, якія цяпер адбываюць 10-суткавы арышт.

Дзе і пры якіх умовах былі зьнятыя гэтыя звароты, невядома. Можна, аднак заўважыць, што шаблённыя фразы, якія прамаўляюць вядоўцы, больш характэрныя для мовы міліцэйскага адміністрацыйнага пратаколу, чым для звычайнай гаворкі. Цалкам чытайце тут.

20:59 5.9.2020

Заснавальнікі PandaDoс не перастануць падтрымліваць звольненых сілавікоў. Супрацоўнікаў кампаніі арыштавалі

Ініцыятыва Protect Belarus працягне дапамагаць супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія страцілі працу, бо «адмовіліся выконваць злачынныя загады». Яна заснаваная беларускімі IT-прадпрымальнікамі на чале з сузаснавальнікам кампаніі PandaDoc Мікітам Мікадо сумесна зь Беларускім фондам салідарнасьці.

«Дзясяткам людзей дапамаглі выплатамі, маральнай і юрыдычнай падтрымкай. Мы гэтую працу працягваем з нашым партнэрам — Фондам салідарнасьці. Сілавікі да нас зьвяртаюцца штодня, мы апрацоўваем заяўкі і выплачваем дапамогу. І гэтая ініцыятыва будзе працягвацца столькі, колькі патрэбна», — сказала афіцыйная прадстаўніца PandaDoc Анастасія Міралюбава.

У PandaDoc заявілі, што ўлады праводзяць рэпрэсіі і чыняць ціск, каб спыніць гэтую ініцыятыву. Паводле кампаніі, «улады вырашылі ўзяць у закладнікі» чатырох невінаватых супрацоўнікаў, якія ня маюць дачыненьня да ініцыятывы заснавальнікаў кампаніі PandaDoc. Чатырох супрацоўнікаў кампаніі PandaDoc — гэта галоўны бугальтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзьмітрый Рабцэвіч, дырэктар па прадукту Віктар Куўшынаў і HR Уладзіслаў Міхалап — арыштавалі на два месяцы. Іх падазраюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры. Што цяпер вядома пра затрыманых і як гэта ўспрымаюць у кампаніі, чытайце па спасылцы.

21:05 5.9.2020

Ціханоўская, Калесьнікава і Цапкала зьняпраўдзілі чуткі пра раскол. ВІДЭА

Сьвятлана Ціханоўская ў прамым эфіры адказала на пытаньні беларусаў. Падчас трансьляцыі яна зьняпраўдзіла чуткі, што пасьля анонсу аб стварэньні партыі Віктара Бабарыкі ў шэрагах аб’яднанага штабу і Каардынацыйнай рады адбыўся раскол.

Напрыканцы трансьляцыі да эфіру далучыліся Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала, які пацьвердзілі словы Ціханоўскай. «Мы разам, як разам і ўвесь беларускі народ», – сказала Ціханоўская.

21:21 5.9.2020

Каля беларускага пасольства ў Кіеве адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы

Беларускія і ўкраінскія актывісты прыйшлі да амбасады Беларусі ў Кіеве, каб выказаць салідарнасьць зь беларускім народам і адсьвяткаваць Дзень беларускай вайсковай славы.

Ён адзначаецца 8 верасьня ў гонар перамогі аб'яднаных войскаў Вялікага Княства Літоўскага над утрая большым войскам Маскоўскай дзяржавы пад Воршай у 1514 годзе.

Акцыя праходзіла пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Актывісты заклікалі ўладу Беларусі вызваліць палітвязьняў і спыніць гвалт і перасьлед удзельнікаў пратэстаў. Цягам усёй акцыі машыны, якія праяжджалі каля беларускай амбасады, сыгналамі выказвалі сваю падтрымку пратэстоўцам.

Беларуская сьпявачка Анастасія Шпакоўская, якая вымушаная была зьехаць зь Беларусі ва Ўкраіну, падзякавала тым беларусам, якія штодзень выходзяць на акцыі пратэсту ва ўсіх беларускіх гарадах. «Мы павінны кожнага і ўсіх іх падтрымаць», — сказала яна.

Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты беларусаў, якія загінулі падчас пратэстаў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG