Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША: Нашы асноўныя патрабаваньні — неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў


Стывэн Бігэн
Стывэн Бігэн

Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэн Бігэн заклікаў вызваліць несправядліва затрыманых і спыніць гвалт, абмеркаваў ролю Расеі і ЗША ў вырашэньні канфлікту і выказаў захапленьне мужнасьцю беларусаў. Эксклюзіўнае інтэрвію вёў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

«Мы ня бачым ніякага прагрэсу»

— Сп. Бігэн, мінуў тыдзень з вашай паездкі па рэгіёне і выступу ў Вене. У АБСЭ вы заклікалі неадкладна спыніць гвалт супраць беларускага народу і вызваліць несправядліва затрыманых, у тым ліку амэрыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава. Як вы ацэньваеце падзеі, якія адбыліся ў Беларусі з таго часу, — ці бачыце прагрэс?

— Мы ня бачым ніякага прагрэсу. І абдумваем дадатковыя меры, неабходныя для ціску на ўлады Беларусі — каб тыя зрабілі крокі, якіх патрабуюць ня толькі ўласная Канстытуцыя дзяржавы ды звычайныя годнасьць і справядлівасьць, але і абавязаньні ўраду Беларусі паводле Статуту АБСЭ і Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ААН. Урад Беларусі мае пэўныя абавязаньні, якія ён не выконвае, і міжнародная супольнасьць будзе надалей настойваць на іх выкананьні.

Хачу паўтарыць: нашы асноўныя патрабаваньні — неадкладна вызваліць несправядліва затрыманых, у тым ліку Віталя Шклярава, якога трымаюць у зьняволеньні без усялякіх законных падставаў, а таксама спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў, які мы дагэтуль назіраем — магчыма, гэта ня так драматычна, як адразу пасьля выбараў, але апошнімі днямі мы бачым яго зноў.

Што тычыцца руху наперад, каб народ Беларусі мог выбіраць сабе ўладу на свабодных і справядлівых выбарах зь незалежным назіраньнем, я б адзначыў надзвычай станоўчую падтрымку ў АБСЭ на пятнічнай спэцыяльнай сэсіі. Мы ведаем, што кіраўніцтва АБСЭ надалей працуе, каб прыцягнуць і ўлады дзеля дасягненьня гэтай мэты.

Прагрэс недастатковы, і мы абмяркоўваем дадатковыя захады ціску, мы працуем над гэтым.

Ці пагаворыць Трамп з Пуціным пра Беларусь

— Неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пісаў, што можа наступіць час, калі ён абмяркуе сытуацыю ў Беларусі з Уладзімірам Пуціным. Ці ваш візыт у Маскву быў у нейкай ступені падрыхтоўкай да гэтага абмеркаваньня?

— Я езьдзіў у Маскву паводле ўказаньня дзяржаўнага сакратара, і гэта адпавядае палітыцы прэзыдэнта — заўсёды пасылаць ясны сыгнал: чаго мы чакаем ад разьвіцьця гэтага канфлікту паміж кіраўніком Беларусі і яго ўласным народам, а таксама каб падкрэсьліць значнасьць усіх краін, якія падтрымліваюць народ Беларусі і яго права выбіраць сваё кіраўніцтва на свабодных і справядлівых выбарах. У Расеі мы мелі доўгія дыскусіі, глыбокія і дэталёвыя, з рознымі суразмоўцамі, у тым ліку паміж міністрам замежных справаў Лаўровым і мной. Зараз, я думаю, прынамсі ёсьць разуменьне, што любое ўмяшаньне, асабліва вайсковае, прывяло б да вельмі нэгатыўных наступстваў для дачыненьняў Расеі са Злучанымі Штатамі, а таксама з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі.

Тым ня менш мы таксама вывучалі, ці магчымы — або немагчымы — супольны падыход да працэсаў у Беларусі, каб мець добры вынік, якім, паводле нашага вызначэньня, зьяўляюцца ўжо названыя мною мэты. Дыскусія з расейцамі была дэталёвая і глыбокая, і яна працягнулася ў Вене з расейскімі прадстаўнікамі ў АБСЭ. Дадам яшчэ, што на сэсіі АБСЭ на тэму спрыяньня дыялёгу паміж уладай і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі ніводная краіна яўна не пярэчыла гэтай ініцыятыве. Я б сказаў, што падтрымка цалкам пераважала, у пэўных выпадках некаторыя краіны былі стрыманыя, але я ня чуў прамых пярэчаньняў гэтай ініцыятыве. Я даволі ўсьцешаны, што такая магчымасьць застаецца вельмі рэальнай, і гэта таксама было нашым пасланьнем у Маскве.

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн ушанаваў памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні
Намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн ушанаваў памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Ці застанецца Лукашэнка партнэрам для ЗША

— Апошнімі гадамі ЗША намагаліся падтрымліваць розныя захады ў абарону беларускай незалежнасьці. Санкцыі былі прыпыненыя, высокія амэрыканскія дыпляматы наведалі Менск. З ініцыятывы дзяржаўнага сакратара Майка Пампэо Беларусь пачала купляць амэрыканскую нафту. Калі азірнуцца назад — ці не была гэтая палітыка ўлагоджаньня адносінаў памылковай? Ці па-ранейшаму ЗША бачаць у Аляксандру Лукашэнку партнэра ў абароне сувэрэнітэту Беларусі?

— ЗША ніколі не хацелі канфлікту ці напружанасьці ў адносінах зь Беларусьсю. Цягам 29 гадоў беларускай незалежнасьці, зь яе першых дзён, высілкамі розных амэрыканскіх адміністрацыяў і нават маімі ўласнымі ў 1990-я, ЗША імкнуліся да канструктыўных стасункаў зь Беларусьсю. ЗША ніколі не разглядалі Беларусь як поле спаборніцтва паміж Усходам і Захадам, мы не разглядаем яе такім чынам цяпер. Вядома, мы, як і нашы эўрапейскія партнэры ў некаторых краінах Балтыі, як і Расея, спрабавалі ўцягнуць кіраўніцтва Беларусі ў размову, якая магла б прывесьці да больш стабільнай і, праўду кажучы, больш справядлівай сытуацыі для народу Беларусі. Гэтыя намаганьні на сёньняшні дзень ня мелі посьпеху. Падзеі пасьля выбараў 9 жніўня паказваюць нам, што ўлады Беларусі адвярнуліся ад гэтых ініцыятываў.

Але, Аляксандар, я хачу падкрэсьліць, што ўрад Злучаных Штатаў не імкнецца выбіраць, хто прэзыдэнт Беларусі. Гэта пэўна ня нам вырашаць, гэта ня нашая роля. І мы ўсялякім чынам імкнемся не ператварыць гэта ў спрэчку пра асобаў. Для нас асноўным фактарам, які мы падтрымліваем, ёсьць права народу Беларусі вызначаць сваю ўладу праз свабодныя і справядлівыя выбары зь незалежным назіраньнем. І беларусы маюць на гэта права — ня толькі таму, што мы так лічым, але паводле адпаведных міжнародных дакумэнтаў і паводле іх уласнай Канстытуцыі.

Я заклікаю ўсіх і кожнага прачытаць усе 146 артыкулаў Канстытуцыі Беларусі, якія падрабязна і ясна выкладаюць правы і паўнамоцтвы народу Беларусі, што былі яўна парушаныя ўладамі на выбарах 9 жніўня.

«У прыезьдзе амбасадара няма нічога такога, што нейкім чынам падтрымлівала б любы рэжым у любой краіне»

— Сп. Бігэн, я хацеў бы спытаць пра амбасадара ЗША ў Беларусі. Ці будзе Дзяржаўны дэпартамэнт далей настойваць, каб Сэнат зацьвердзіў Джулію Фішэр амбасадаркай, нягледзячы на пярэчаньні сэнатара Крыса Мэрфі? (Сэнатар-дэмакрат Мэрфі лічыць, што ў цяперашніх умовах прызначэньне амбасадара будзе патураньнем рэжыму ў Беларусі, і заклікае ўрад ЗША не прызначаць амбасадара — РС).

— Джулія — адна з нашых найлепшых дыпляматаў у Дзяржаўным дэпартамэнце, з глыбокім досьведам працы ў рэгіёне, у тым ліку зь Беларусьсю. Яна будзе выдатнай прадстаўніцай прэзыдэнта, дзяржаўнага сакратара і амэрыканскага народу ў Беларусі. Працэс зацьверджаньня яшчэ ідзе. Усе сэнатары маюць магчымасьць уплываць на хаду гэтага працэсу, і мы будзем узаемадзейнічаць зь імі, абмяркоўваць, які шлях узаемадзеяньня зь Беларусьсю ў гэты момант будзе адпаведным. Наш агульны падыход ва ўсіх выпадках такі, што лепш мець амбасадара, чым ня мець, бо гэта найбольш эфэктыўны спосаб агучваць значнае пасланьне, гэта ясны голас ЗША, нашай палітыкі.

У прыезьдзе амбасадара няма нічога такога, што нейкім чынам падтрымлівала б любы рэжым у любой краіне ўва ўсім сьвеце. Мы разам зь дзяржаўным сакратаром надзвычай упэўненыя ў Джуліі як у прафэсійным дыплямаце ў такіх далікатных і важных абставінах, як гэтыя. І мы будзем шчыльна ўзаемадзейнічаць з зацікаўленымі сэнатарамі, зь якімі мы шчыльна супрацоўнічаем, каб дасягнуць правільнага рашэньня, што рабіць з нашым амбасадарам.

Ці адстаюць ЗША ад Эўропы ў рэакці на падзеі ў Беларусі

— Латвія, Літва і Эстонія ўвялі санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі; раней Украіна адклікала амбасадара, Эўразьвяз таксама анансаваў санкцыі для рэжыму і дапамогу ахвярам. Ці згодны вы, што Эўропа вядзе рэй у гэтых справах, а ЗША адстаюць?

— Злучаныя Штаты, несумненна, разам з многімі краінамі і арганізацыямі ўва ўсім сьвеце ўдзельнічаюць у намаганьнях даць адказ на жахлівы гвалт, зьверствы і сфальшаваныя выбары, якія мы назіралі ў Беларусі. Сюды ўваходзяць найперш нашыя партнэры ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Я думаю, што палякі і літоўцы заслугоўваюць асаблівага адзначэньня за зробленыя імі высілкі, за іхную моцную падтрымку народу Беларусі. Гэта тычыцца і іншых краінаў Балтыі, Украіны, многіх краінаў — сяброў АБСЭ, якія выказалі моцную падтрымку ініцыятыве старшыні АБСЭ ўзяць удзел у пасярэдніцтве. І, вядома, гэта ўключае і нашых партнэраў у Эўрапейскім Зьвязе, як і нашага блізкага сябра і саюзьніка Канаду. Усе яны праявілі сябе як моцныя лідэры, і мы надзвычай цесна каардынуем нашыя дзеяньні.

Мы, з нашага боку, надалей будзем пэўна актыўна ўдзельнічаць у намаганьнях дасягнуць мірнага і справядлівага выніку для народу Беларусі. Пра гэта сьведчыць і рашэньне дзяржаўнага сакратара паслаць мяне як прадстаўніка ЗША на вельмі важныя і далікатныя перамовы ў Літве, Маскве, Украіне і Аўстрыі на мінулым тыдні. Злучаныя Штаты не імкнуцца зрабіць сябе цэнтрам усяго гэтага, і гэта ня спрэчка паміж Усходам і Захадам. Гэта канфлікт паміж кіраўніком Беларусі і яго ўласным народам. Мы разам з партнэрамі стараемся трымаць гэта на першым пляне. Вырашаць ня нам, не Эўразьвязу, не камусьці яшчэ — вырашаць беларускаму народу.

Што да вашага, Аляксандар, канкрэтнага пытаньня пра санкцыі, я б толькі сказаў, што Злучаныя Штаты ніколі не здымалі санкцыяў зь Беларусі. Мы назіраем вельмі пазытыўныя крокі Эўразьвязу і краінаў — сяброў ЭЗ у справе ўвядзеньня санкцыяў і будзем вельмі шчыльна зь імі супрацоўнічаць, каб іхныя захады адпавядалі тым санкцыям, якія мы ўжо ўвялі і ніколі не здымалі, нават калі спрабавалі весьці дыялёг з уладамі Беларусі. Ва ўсіх адносінах нашыя намаганьні будуць адпавядаць іхным — і ня толькі нашых эўрапейскіх партнэраў, але і ўраду Канады.

Але на першым пляне не спаборніцтва за лідэрства ці за тое, хто ёсьць голасам Захаду. Гаворка пра народ Беларусі. І ўсе мы захопленыя адвагаю мужчын і жанчын — асабліва жанчын — якія выяўляюць лідэрства ў супраціве аўтарытарнаму кіраваньню беларускіх уладаў. Напраўду я лічу, што ўсе мы так уражаныя тым, як усё адбываецца, што гэта натхняе нас яшчэ больш актыўна шукаць шляхі падтрымкі права беларускага народу выбіраць сваю ўладу.

Беларускі канфлікт — унутраны ці геапалітычны

— Сп. Бігэн, некалькі разоў за нашую гутарку сёньня, а таксама раней у Вене, вы падкрэсьлівалі, што ЗША і ЭЗ з Канадай разглядаюць супрацьстаяньне ў Беларусі як канфлікт народу і ўлады. Але ці не здаецца вам, што цяперашні тупік у Беларусі на нашых вачах ператвараецца з унутранага ў геапалітычны? Пагадзіцеся, гучыць выразная інтанацыя: Расея супраць Захаду. Пасьля заяваў прэзыдэнта Пуціна пра магчымасьць разьмяшчэньня ў Беларусі войска, паліцэйскіх фармаваньняў, таго, што Лукашэнка зьбіраецца ў Маскву... Вы ня бачыце небясьпекі ператварэньня сытуацыі ў Беларусі ў геапалітычнае спаборніцтва?

— Аляксандар, мы ясна заявілі, і я ясна казаў пра гэта ў Маскве, што хоць мы не імкнемся да геапалітычнага канфлікту і не разглядаем гэта як такі канфлікт, будуць істотныя наступствы для ўзаемаадносінаў паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі, паміж Расеяй і Эўропай. Я не гавару зараз за эўрапейцаў, а толькі разважаю аналітычна. Апошнія чатыры гады былі вельмі няпростымі ў амэрыканска-расейскіх дачыненьнях, але магчыма, што яны яшчэ пагоршацца. І адной з рэчаў, якая абмяжуе магчымасьці любога прэзыдэнта, незалежна ад выніку нашых выбараў, у разьвіцьці больш плённых адносінаў з Расеяй у любой сфэры, было б наўпроставае ўмяшаньне Расеі. Улады Расеі, па-мойму, разумеюць гэта і не імкнуцца да такога выніку.

Я лічыў, што заявы наконт адпраўкі рэзэрвовых сілаў бясьпекі ў Беларусь былі не да месца, няўдалыя. Гэта ня тое, чаго трэба Беларусі, чаго трэба беларускаму народу. Думаю, што калі б улады Расеі былі цалкам сумленныя... — яны б не разглядалі абставіны ў Беларусі, прынамсі прычыны цяперашняга крызісу, неяк іначай, чым мы. Яны разумеюць рашэньні, які прывялі да гэтага, і я ня думаю, што яны вітаюць гэта больш за нас. Але ўрэшце разьвязка прыйдзе праз забесьпячэньне права беларускага народу выбіраць сваю ўладу.

Вядома, Аляксандар, усё магчыма. Урады здольныя прымаць дрэнныя рашэньні. Я сказаў бы, што гэта было б вельмі няўдалае рашэньне, і мы працуем вельмі напружана, каб яно не матэрыялізавалася. Апроч прамоўленых словаў, якія вы згадвалі, пакуль мы ня бачылі прамых сьведчаньняў гэтага, і мы дакладна будзем працягваць намаганьні, каб папярэдзіць такія падзеі.

Слова да беларусаў

— Сп. Бігэн, вы найвышэйшы амэрыканскі ўрадовец, які напрасткі гаворыць для нашай аўдыторыі ў Беларусі пасьля выбараў. Што вы сказалі б на разьвітаньне?

— Я меў гонар казаць пра гэта ў мінулую пятніцу, выступаючы перад 57 сябрамі АБСЭ, якія ўсе выказалі глыбокае спачуваньне і падтрымку народу Беларусі:

Вы, народ Беларусі, нагадалі нам, наколькі важныя дэмакратыя і свабода. Мы ў захапленьні ад мужнасьці, якую вы прадэманстравалі, і мы зычым вам усяго найлепшага. Мы запэўніваем вас, што будзем супрацоўнічаць як мага шчыльней, каб было забясьпечана ваша права выбіраць сваю ўласную ўладу на свабодных і справядлівых выбарах зь незалежным назіраньнем, як гарантуе ваша Канстытуцыя і адпаведныя міжнародныя дакумэнты. Ведайце, што вы маеце падтрымку ўсяго сьвету на шляху да гэтай мэты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG