Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфарм патлумачыў, за што заблякавалі Naviny.by і «Нашу ніву»


Кардон АМАПу перад Палацам Незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня
Кардон АМАПу перад Палацам Незалежнасьці ў Менску, 30 жніўня

Прычынай блякаваньня сайту Naviny.by — інтэрнэт-газэты БелаПАН — сталі артыкулы, якія, на думку ўладаў, «нэгатыўна характарызуюць сытуацыю ў Беларусі пасьля заканчэньня электаральнай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасьць дзяржаўных органаў».

Гэта вынікае зь ліста з подпісам міністра інфармацыі Ігара Луцкага, які атрымалі рэдакцыі БелаПАН і інтэрнэт-выданьня «Наша ніва».

Сайты Naviny.by і nn.by заблякавалі ўвечары 28 жніўня. Як вынікае з дакумэнта, які паступіў у БелаПАН, незадаволенасьць улад выклікалі наступныя артыкулы, апублікаваныя на Naviny.by:

  • «Звычайны чалавек ня можа так бессэнсоўна і жорстка біць чалавека ні за што»;
  • «„Сука, расстаў ногі шырэй“. Як на Акрэсцьіна зьбівалі і прыніжалі жанчын»;
  • «У Ціханоўскай скралі галасы. Лукашэнка ня можа лічыцца прэзыдэнтам»;
  • «Людзі жывуць у страху. Вядомыя IT-кампаніі закрылі офісы ў Менску»;
  • «Міхаіл Пастухоў: ДЭ-ЮРЭ. Парлямэнта ў Беларусі няма, як і дэпутатаў»;
  • «Пакараць уладу рублём». Да чаго прывядзе страйк шахтароў на «Беларуськаліі»;
  • «Было адчуваньне Хатыні — карнікі замкнулі». Як АМАП блякаваў Чырвоны касьцёл«;
  • «Лінкявічус: Напружаная сытуацыя ў Беларусі патрабуе неадкладнай увагі міжнароднай супольнасьці».

Зь ліста Мінінфармацыі вынікае, што рашэньне абмежаваць доступ да сайта Naviny.by прымала міжведамасная камісія бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі. На думку камісіі, пералічаныя матэрыялы «спрыяюць нанясеньню шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

Сайт Naviny.by дасяжны па адрасе naviny.media.

За што заблякавалі «Нашу Ніву»

«Наша Ніва» расказала, што рэдакцыя атрымала ад міністра інфармацыі Беларусі Ігара Луцкага ліст, у якім тлумачыцца, чаму быў заблякаваны сайт выданьня.

Усе артыкулы прысьвечаныя пасьлявыбарчым падзеям у Беларусі, у іх апісваюцца жорсткія дзеяньні сілавікоў пры затрыманьні мірных пратэстоўцаў, яны збольшага грунтуюцца на сьведчаньнях людзей, якія сталі ахвярамі гвалту сілавікоў і расказалі пра гэта СМІ.

На думку чыноўнікаў, гэтыя артыкулы «штучна ствараюць напружаньне і супрацьстаяньне паміж грамадзтвам і дзяржавай, зьніжаюць матывацыю да эфэктыўнай працы і гаспадарчай дзейнасьці, распаўсюджваюць недакладную альбо сьвядома скажоную інфармацыю, здольную нанесьці страты нацыянальным інтарэсам, а таксама аслабляюць пачуцьці патрыятызму, гатоўнасьці грамадзян да ўзброенай абароны незалежнасьці».

У сувязі з гэтым доступ да сайта nn.by абмежаваны. Тэрмін, на працягу якога будуць дзейнічаць абмежаваньні, не называецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG