Затрыманых падчас акцыі журналістаў пакінулі ў РУУС да раніцы
Затрыманыя падчас асьвятленьня студэнцкай акцыі пратэсту журналісты застануцца ў РУУС Кастрычніцкага раёну прынамсі да раніцы.
Пра гэта па тэлефоне паведаміла карэспандэнтка TUT.BY, якая знаходзіцца ў РУУС. На якой падставе ўтрымліваюць журналістаў, высьветліць не ўдалося. Пры гэтым начальнік РУУС неаднаразова казаў, што журналістаў хутка вызваляць.
Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, фотакарэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу і журналіста-фрылансэра Васіля Сямашку затрымалі на вуліцы Кірава ў раёне стадыёну «Дынама» ў Менску ў 16.55.
Менск: пратэстоўцы прайшлі калёнай да плошчы Перамогі і разышліся
З плошчы Незалежнасьці пратэстоўцы калёнай рушылі па праспэкце да плошчы Перамогі. У раёне плошчы Перамогі пратэстоўцы разышліся.
АМАП супраць студэнтаў. Як прайшла студэнцкая забастоўка
Некалькі тысяч студэнтаў з розных ВНУ Менску выйшлі на забастоўку 1 верасьня. Яны плянавалі перадаць пэтыцыю міністру адукацыі. Выніковае відэа з акцыі:
Зьнік 11 жніўня, знайшлі мёртвым нібыта каля «Рыгі». Амаль месяц калегі ня ведалі, куды зьнік мянчук
Апошні раз Аляксандра Будніцкага бачылі раніцай 11 жніўня: ён тады яшчэ спаў, а пасьля абеду павінен быў выйсьці на зьмену. На працы ён так і не зьявіўся, не вярнуўся і ў інтэрнат, дзе жыў апошнія 2 гады. Яго калегі напісалі заяву ў міліцыю аб зьнікненьні чалавека, а 31 жніўня даведаліся, што Будніцкага няма ў жывых: яго цела нібыта знайшлі непадалёк ад ГЦ «Рыга», паведамляе Tut.by.
«Раней ён не зьнікаў, а калі куды ехаў, тэлефанаваў мне, каб я не перажываў», — расказвае сусед Генадзь. Іншы сусед па блёку Сяргей сказаў Tut.by, што падчас апошняй размовы з Аляксандрам Будніцкім ён расказаў яму, што бачыў, як сілавікі стралялі і ўзрывалі сьвятлашумавыя гранаты каля «Рыгі» падчас пратэстаў 10 жніўня.
«Больш яго ня бачыў ні дома, ні на працы, — адзначае Сяргей. — Бачачы, што Аляксандра не шукаюць, разам з Генадзем 19 жніўня паехалі ў Першамайскае РУУС і пакінулі заяву, што зьнік чалавек. У нас яшчэ спыталі, удзельнічаў ён у акцыі ці не. Ня так даўно зь міліцыі прыйшоў адказ, што заява прынятая і зарэгістраваная». Цалкам чытайце па спасылцы.
Стала вядомая прычына ператрусу ў доме сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай
У пастанове на ператрус у доме юрыста Ліліі Ўласавай пазначана, што сьледчыя дзеяньні праводзяцца ў рамках расьсьледаваньня падатковых парушэньняў, дапушчаных фірмамі «Мерлинтур» і «ПолетКонсалт», паведамляе прэс-служба Каардынацыйнай рады.
Адзін з асноўных заснавальнікаў гэтых кампаній — старэйшы сын Ліліі Ўласавай Барыс. Абедзьве фірмы існуюць і працуюць не адзін дзясятак гадоў, неаднаразова праходзілі падатковыя і іншыя праверкі.
Таксама ад Барыса Ўласава стала вядома, што ў офісах і дамах супрацоўнікаў правялі ператрусы, гендырэктарку фірмы «Мерлинтур» таксама затрымалі, забралі абсталяваньне. Барыс Уласаў разглядае тое, што адбываецца, як узяцьце бізнэсу і супрацоўнікаў у закладнікі дзеля ціску на ягоную маці Лілію Ўласаву. Цалкам чытайце тут.
Вашынгтон паслаў беспрэцэдэнтны сыгнал Маскве адносна Беларусі, — аглядальнік Свабоды
Магчымасьць увядзеньня Злучанымі Штатамі санкцыяў супраць Расеі ў выпадку сілавога ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы Беларусі, пра што паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў Дзярждэпартамэнце, — гэта першы сур’ёзны сыгнал такога кшталту за многія гады, — лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
Ня менш важна, што днямі намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн даў зразумець на сустрэчах у Маскве зь міністрам Лаўровым, «што амэрыканска-расейскія адносіны будуць мець наступствы, калі расейцы будуць сілай умешвацца ўва ўнутраныя справы Беларусі».
Залежнасьць Лукашэнкі ад Крамля ніколі ня была сакрэтам для ЗША, але ніколі пытаньне ня ставілася ў такой форме, якая мала чым адрозьніваецца ад ультыматуму.
І хаця фармат санкцыяў не акрэсьлены, словы амэрыканскіх дыпляматаў — беспрэцэдэнтны сыгнал у бок Крамля.
Лукашэнка сказаў, што на БТ журналісты «чакалі рэвалюцыі», і падзякаваў RT за дапамогу
Падчас візыту ў Баранавічы Лукашэнка сказаў журналісту RT, што некаторыя беларускія журналісты пасьля пачатку пратэстаў у краіне «хайпанулі на гэтай тэме».
«Яны ўжо загадзя сфармавалі адзін канал, другі, трэці, калектыў, і чакалі, калі рэвалюцыя адбудзецца. Вы разумееце, у гэты складаны пэрыяд наколькі былі важныя вы для нас. І тое, што вы тэхнічна паказалі, тэхнары вашыя, і журналісты... і кіраўніца вашая. Гэта вельмі дорага каштуе», — кажа Лукашэнка.
Кіраўніца RT Маргарыта Сіманьян адмаўляла, што супрацоўнікі каналу былі накіраваныя ў Менск для працы ў Белтэлерадыёкампаніі. Аднак Лукашэнка падзякаваў і ёй. Падрабязнасьці тут.
Зь СІЗА КДБ выпусьцілі памочніцу Віктара Бабарыкі
Пад падпіску аб нявыезьдзе выпусьцілі зь СІЗА КДБ Алену Карагачову, асабістую памочніцу Віктара Бабарыкі, паведамляе прэс-служба палітыка. Па словах сына Алены, зь ёй усё добра і яна вельмі задаволеная.
Алена Карагачова правяла ў СІЗА КДБ 2 месяцы: яе затрымалі 1 ліпеня і выставілі супраць яе эканамічныя абвінавачаньні.
Беларускія пратэстанты абурыліся нядопускам мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь
Аб’яднаньне хрысьціян поўнага Эвангельля ў Беларусі выступіла з заявай, у якой выказала абурэньне ў сувязі з адмовай ва ўезьдзе ў Беларусь мітрапаліту, арцыбіскупу каталіцкай царквы Тадэвушу Кандрусевічу.
Тадэвуш Кандрусевіч «узвышаў свой голас у абарону міру, міласэрнасьці і адзінства, асуджаючы гвалт, хлусьню і нянавісьць. Гэта зьяўляецца духоўным і маральна-этычным абавязкам любога сьвятара, а не палітычнай дзейнасьцю», — гаворыцца ў заяве. Цалкам чытайце тут.