У адпаведнасьці з рашэньнем кабінэта міністраў Латвіі і па ўзгадненьні зь міністэрствамі замежных спраў Эстоніі і Літвы міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс прыняў рашэньне аб унясеньні 30 беларускіх чыноўнікаў у сьпіс пэрсонаў нон-грата, паведамляе афіцыйны сайт замежнапалітычнага ведамства Латвіі.
Падобныя рашэньні прынялі МЗС Літвы і Эстоніі.
У «чорны сьпіс» уключаны Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі, Генпракуратуры, Камітэту дзяржбясьпекі, Сьледчага камітэту, Савету бясьпекі, Камітэту дзяржкантролю і Менскага гарвыканкаму.
Латвія забараніла ўезд гэтым асобам на бестэрміновы пэрыяд, Эстонія — на пяць год.
Чаму краіны Балтыі ўвялі пэрсанальныя санкцыі
Паводле МЗС Латвіі, гэтыя асобы сваімі асабістымі дзеяньнямі арганізоўвалі і падтрымлівалі фальсыфікацыю выбараў прэзыдэнта Беларусі 9 жніўня 2020 году, а таксама падтрымлівалі гвалтоўнае задушэньне мірных пратэстаў.
Міністар замежных спраў Рынкевічс падкрэсьліў, што Латвія рашуча асуджае фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў і перасьлед журналістаў і актывістаў.
«Нашым рашэньнем у сувязі з гэтым мы даем выразны сыгнал аб тым, што такія дзеяньні непрымальныя і што вінаватыя ў такіх дзеяньнях не вітаюцца ў Латвіі. Мы заклікаем Эўрапейскі зьвяз неадкладна прыняць аналягічныя рашэньні», — заявіў міністар замежных спраў Латвіі.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа сказаў, што гэта толькі «першапачатковая вэрсія сьпісу», і ў далейшым ён будзе папаўняцца. Ён таксама паведаміў, што некаторыя асобы ў сьпісе ў апошнія гады наведвалі Літву. «Пакуль мы гаворым пра абмежаваньні ў перамяшчэньні службовых асоб. Спадар Лукашэнка ў гэтым сьпісе. Праверылі сам сьпіс і ўстанавілі, што тры чалавекі з гэтага сьпісу ў апошнія пяць гадоў наведвалі Літву, адзін з іх — цэлых 15 разоў», — цытуе Наўседу Delfi.
Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў, што яго ведамства ўжо накіравала ў Міністэрства ўнутраных спраў Літвы прапанову ўнесьці ў сьпіс 118 беларускіх чыноўнікаў. Дакумэнт знаходзіцца на разглядзе.
«Санкцыямі мы паказваем, што вельмі сур’ёзна ставімся да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. У той жа час мы лічым важным не караць народ Беларусі», — заявіў міністар замежных спраў Эстоніі Ўрмас Рэйнсалу. Ён падкрэсьліў, што Эстонія падтрымлівае свабодную волю беларусаў і іх намаганьні па дасягненьні дэмакратычных перамен.
Хто трапіў у «чорны сьпіс»
Вось поўны сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Балтыі:
- Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік дзяржавы Беларусі
- Віктар Лукашэнка, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, сябра Савету бясьпекі Беларусі
- Ігар Сергеенка, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі
- Максім Рыжанкоў, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
- Вольга Чупрыс, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
- Дзьмітры Круты, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі
- Генадзь Богдан, намесьнік кіраўніка Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта
- Лідзія Ярмошына, кіраўніца цэнтральнай выбарчай камісіі
- Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў
- Алена Дзьмухайла, юрыстка Цэнтральнай выбарчай камісіі
- Сьвятлана Кацуба, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі
- Ігар Плышэўскі, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі, начальнік упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму
- Алег Сьліжэўскі, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі, міністар юстыцыі
- Ірына Целікавец, сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі, супрацоўніца Міністэрства юстыцыі
- Валеры Вакульчык, старшыня КДБ
- Іван Тэртэль, старшыня Камітэту дзяржкантролю
- Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту
- Аляксандар Канюк, генэральны пракурор
- Юрый Караеў, міністар унутраных спраў
- Генадзь Казакевіч, першы намесьнік міністра ўнутраных спраў
- Аляксандар Барсукоў, намесьнік міністра ўнутраных спраў
- Сяргей Хаменка, намесьнік міністра ўнутраных спраў
- Юры Назаранка, намесьнік міністра ўнутраных спраў
- Раман Мельнік, начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС
- Іван Кубракоў, начальнік ГУУС Менгарвыканкаму
- Алег Шаблыка, намесьнік начальніка Дэпартамэнту аховы МУС
- Андрэй Раўкоў, кіраўнік Савету бясьпекі Беларусі
- Аляксей Волкаў, першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
- Сяргей Аземша, намесьнік старшыні Сьледчага камітэту
- Андрэй Смаль, намесьнік старшыні Сьледчага камітэту.