Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску больш за чатыры гадзіны адбываўся пратэставы «Марш міру і незалежнасьці». ФОТА, ВІДЭА


Мора людзей на праспэкце Незалежнасьці
Мора людзей на праспэкце Незалежнасьці

Маштабная акцыя пратэсту ў Менску праходзіла трэцюю нядзелю запар. 30 жніўня ў «Маршы міру і незалежнасьці», па розных ацэнках, узялі ўдзел некалькі соцень тысяч чалавек.

Марш пачаўся каля 14-й гадзіны ў раёне плошчы Незалежнасьці, якую яшчэ раней ачапілі і заблякавалі байцы АМАПу і аўтазакі. Практычна адразу ж пачаліся затрыманьні дэманстрантаў — мужчын.

Сілавікі адціснулі і заблякавалі частку пратэстоўцаў на ўчастку ад КДБ да скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці з вуліцай Леніна. Дэманстранты павярнулі на вуліцу Леніна і пайшлі ў бок Нямігі.

У гэты час зь іншага боку праспэкту Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы падышла другая шматтысячная калёна пратэстоўцаў, яны таксама рушылі ў бок Нямігі і далей да праспэкту Пераможцаў і стэлы «Менск — горад-герой».

Стэлу ачапілі вайскоўцы. Удзельнікі маршу пайшлі наперад па праспэкце, да рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі — Палаца Незалежнасьці. Там калёну пратэстоўцаў сустрэў кардон сілавікоў са спэцтэхнікай: загараджальнымі машынамі «Рубеж» і вадамётамі.

У цэнтар Менску ўвялі бранятэхніку: баявыя машыны БТР-80 і гусенічныя БМП. Кіраўніцтва МУС патлумачыла гэта «ўзмацненьнем захадаў бясьпекі асабовага складу». Сем такіх машын з буйнакалібэрнымі кулямётамі дзяжурылі на тэрыторыі рэзыдэнцыі Лукашэнкі.

Многія пратэстоўцы прыйшлі з плякатамі і прадметамі пэрформансу, у якіх абыгрывалі 66-ты дзень нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі. Яны скандавалі ля Палаца незалежнасьці: «Саша, выходзь!», «Мы ідзем на торт!», «Пацук – гэта ты!», «Трыбунал!».

У нейкі момант супрацьстаяньне сілавікоў і дэманстрантаў стала асабліва напружаным: да кардону падцягнуліся новыя падразьдзяленьні сілавікоў, дэманстранты падышлі да ачапленьня ўшчыльную. У гэты час там зьявіліся сябры прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу Марыя Калесьнікава, Максім Знак і Лілія Ўласава. Калесьнікава папрасіла прысутных не паддавацца на правакацыі і адысьці ад сілавікоў. Дэманстранты адступілі.

Удзельнікі маршу пачалі разыходзіцца з пачаткам моцнага дажджу, які накрыў Менск, але многія яшчэ доўгі час стаялі ля Палаца Незалежнасьці. Прыкладна ў 17.45 яны пачалі разыходзіцца. Вайсковая спэцтэхніка таксама зьехала.

Калі паблізу Палаца Незалежнасьці засталося некалькі дзясяткаў чалавек, да іх выйшаў з-за ачапленьня Мікалай Латышонак, колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер яго памочнік па агульных пытаньнях. Ён заявіў прысутным, што іх – ня большасьць, і прапанаваў усё вырашаць мірным шляхам, празь зьмены ў Канстытуцыі. Дэманстранты адказалі, што ім гэта ня трэба – трэба было проста не фальсыфікаваць выбары. Латышонак заявіў, што ня верыць у фальсыфікацыі. Ён таксама падкрэсьліў, што людзьмі кіруе тэлеграм-канал Nexta і што з прычыны акцый пратэсту ўпаў курс рубля.

У 18.36 блізкі да прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул Первого» апублікаваў фота РИА Новости, сьцьвярджаючы, што падчас мітынгу непадалёк ад Палаца Незалежнасьці кіраўнік краіны быў са зброяй на тэрыторыі рэзыдэнцыі. Паверылі ў гэта ня ўсе.

Да 19.00 тэрыторыя каля палаца апусьцела, камунальнікі сталі прыбіраць «падарункі», якія дэманстранты пакінулі Лукашэнку, – сымбалічную труну з пахавальным вянком і шматлікія плякаты.

Сымбалічная труна ў падарунак Аляксандру Лукашэнку
Сымбалічная труна ў падарунак Аляксандру Лукашэнку

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі бліжэй да заканчэньня акцыі паведаміла, што затрымана 140 удзельнікаў пратэставых акцый у Менску.

Гэта ўжо трэці нядзельны марш у Менску, які зьбірае сотні тысяч прыхільнікаў пераменаў. Масавыя вулічныя акцыі сёньня таксама прайшлі ў Горадні, Берасьці, Гомлі, Віцебску, Наваполацку і іншых гарадах Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG