Экс-малатабоец і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзевятоўскі заявіў, што Лукашэнка — не ягоны прэзыдэнт
Старшыня Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што Аляксандар Лукашэнка — не ягоны прэзыдэнт.
У камэнтары парталу «Трыбуна» ён пацьвердзіў, што заява ягоная, акаўнт не ўзламалі.
«Мая ранейшая пазыцыя — гэта памылка. Гэта была здрада самому сябе. Гэта важна і ўсё відавочна. Я напісаў — і мне стала вельмі лёгка. Чаму вырашыў гэта напісаць? Таму што гэта праўда. Я сапраўды так думаю. Паверце, мне казаць цяпер гэта вельмі лёгка, стала значна лягчэй», — сказаў Вадзім Дзевятоўскі.
Раней Дзевятоўскі пасьлядоўна падтрымліваў Лукашэнку, дзякуючы таму за падтрымку спорту і стабільнасьць у краіне.
Кіраўнік «Віцязя», які зьбіраў подпісы спартоўцаў супраць гвалту сілавікоў, зноў не выходзіць на сувязь
У пятніцу тэлефон кіраўніка гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандра Апейкіна зноў недасяжны, ягоны акаўнт у «Тэлеграме» выдалены.
14 жніўня гандбольны клюб «Віцязь» апублікаваў свой зварот «у сувязі з надзвычайнай сытуацыяй у краіне».
А кіраўнік клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін пачаў зьбіраць подпісы спартоўцаў. Пад лістом аб непрызнаньні вынікаў выбараў і асуджэньні дзеяньняў сілавікоў ужо падпісаліся больш за 250 спартоўцаў і супрацоўнікаў спартовай галіны, а таксама журналісты спартовых выданьняў.
Спартоўцы гатовыя ў выпадку ціску і пагроз адмовіцца ад выступаў за нацыянальную зборную Беларусі. Сярод падпісантаў Алена Леўчанка, Мікалай Казека, Вольга Мазуронак, Марына Арзамасава, Аляксандра Раманоўская, Дзьмітры Асанаў, Артур Удрыс, Эльвіра Герман і многія іншыя.
Спартоўцы дамагаюцца, каб іхны зварот апублікавалі на афіцыйным сайце Міністэрства спорту і турызму, але пакуль прэсавы сакратар ведамства Ўладзімер Несьцяровіч адказаў: «Без камэнтароў».
Аляксандар Апейкін, які зьбіраў подпісы спартоўцаў, у чацьвер перастаў выходзіць на сувязь. Позна ўвечары паведаміў, што зь ім усё ў парадку. Аднак у пятніцу тэлефон Апейкіна зноў недасяжны.
Свабода будзе сачыць за разьвіцьцём сытуацыі.
Латушка зьняпраўдзіў «фэйкі» аб пазыцыі Каардынацыйнай рады да саюзу і мяжы з Расеяй
Сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка ў інтэрвію Свабодзе назваў фэйкамі публікацыі СМІ аб тым, што Каардынацыйная рада нібыта выступае супраць выхаду Беларусі з Саюзнай дзяржавы і ЭАЭЗ.
«Я такога не казаў, я казаў, што мы проста не разглядаем гэтых пытаньняў, гэтага няма ў парадку дня нашых дыскусій, у нас іншы парадак дня, унутраны. А то цяпер пачнуць гаварвыць, што мы нібыта прарасейскія. Мы прабеларускія», — заявіў ён.
Таксама Павал Латушка назваў фэйкамі заявы прэм’ера Рамана Галоўчанкі аб тым, што апазыцыя прапануе аднавіць мяжу з Расеяй і правесьці прымусовую беларусізацыю. Гэтыя пытаньні на Каардынацыйнай радзе не разглядаліся.
Сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак выйшаў са Сьледчага камітэту пасьля допыту
21 жніўня яго выклікалі на допыт паводле крымінальнага артыкулу 361 за спробу «захопу дзяржаўнай улады, а таксама прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».
«Усё ў парадку, далі тлумачэньні, ёсьць падпіска аб невыдаваньні, канструктыўна пагутарылі. Адказаў на ўсе пытаньні, спадзяюся, гэтага хопіць, каб разабрацца ў сытуацыі», — сказаў Максім Знак па заканчэньні допыту ў Сьледчым камітэце.
На пытаньне, ці не паўплывае допыт на працу Каардынацыйнай рады, Максім Знак адказаў, што сёньня працягне працаваць у звыклым рэжыме.
На допыце ў камітэце застаецца яшчэ адзін сябра рады, Сяргей Дылеўскі.
Пад Купалаўскім тэатрам сьпяваюць «Край ты мой, край» і «Ня быць скотам»
Больш за 100 чалавек каля Купалаўскага тэатру сёньня сьпяваюць патрыятычныя песьні. Сярод прысутных акторы тэатра, музыка Сяржук Доўгушаў, опэрная дзіва Маргарыта Ляўчук.
The Guardian Weekly адзначае змаганьне беларускіх жанчын за перамены
Брытанскі тыднёвік The Guardian Weekly прысьвяціў вокладку свайго выданьня з датай 21 жніўня пратэстам у Беларусі. Загаловак на вокладцы – «Сіла кветак. Жанчыны кіруюць рухам Беларусі да пераменаў».
Аўстрыя. Акцыя салідарнасьці сёньня ў Вене
Пад Белдзяржфілярмоніяй сёньня зноў гучыць «Пагоня»
Па Менску зноў езьдзяць машыны без нумароў зь дзяржаўнымі сьцягамі
Фота чытача
«Да стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі». Украіна ўзмацніла ахову украінска-беларускай мяжы
Дзяржаўная памежная служба Ўкраіна ўзмацніла ахову ўкраінскай дзяржаўнай мяжы напярэдадні сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.
«Народ мае права сябе абараняць». Ці могуць рабочыя страйкаваць законна?
На гэтае пытаньне Свабоды адказалі лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і юрыстка Алена Яськова.
Больш за 3 тысячы работнікаў «Нафтану» за адстаўку Лукашэнкі, але страйк пад пытаньнем
Подпісы зьбіралі 18–20 жніўня. Усяго ў галасаваньні ўдзельнічалі 3500 чалавек (агульная колькасьць работнікаў ААТ з «Нафтанам» і «Палімірам» — блізу 10 тысяч). Зь іх за адстаўку Лукашэнкі выказаліся 3238, за адстаўку ЦВК зь Ярмошынай — 3403, за вызваленьне палітвязьняў і затрыманых — 3415. Практычна ўсе згодныя і з астатнімі трыма пунктамі патрабаваньняў.
Аднак пра страйк актывісты ўжо не заяўляюць і просяць «гарачыя галовы» астыць. Прадстаўнікі заводу запэўніваюць, што ў выніку перамоваў з рабочымі бакі прыйшлі да паразуменьня — не рабіць «пасьпешлівых крокаў».
«Выходи из машины, животное». Як затрымалівалі кіроўцаў у ноч пратэстаў
Падчас мірных акцыяў пратэстаў у Беларусі затрымлівалі ня толькі мітынгоўцаў, але і тых, хто ехаў на машыне. На відэа бачна, як людзі ў форме затрымліваюць кіроўцаў машын, якія едуць па горадзе. Па машынах стралялі зь невядомай зброі.
МАЗ паказальна звальняе самых актыўных страйкоўцаў
Самых актыўных удзельнікаў страйкавага руху ўжо пачалі звальняць. Дзевяць работнікаў МАЗа атрымалі распараджэньні аб скасаваньні іх працоўных кантрактаў, паведамляе «Онлайнер».
«Дадзена каманда зьверху»
Са Сьледчага камітэту пасьля допыту выйшаў Сяргей Дылеўскі, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, а таксама кіраўнік страйкаму Менскага трактарнага заводу/
Ён праходзіць сьведкам у крымінальным артыкуле аб «захопе ўлады».
«На маю думку, няма складу злачынства. Няма чаго абмяркоўваць, — сказаў Дылеўскі. — Дадзена каманда зьверху разабрацца зь нязгоднымі».
Ён знаходзіўся ў Сьледчым камітэце ад 11-й гадзіны. Раней з СК выйшаў Максім Знак. Ён адмовіўся ад падрабязных камэнтароў, бо мае падпіску аб неразгалошваньні.
Менск, плошча Перамогі. Жанчыны зноў выйшлі на вуліцу, каб стаць у «ланцуг салідарнасьці»
Лукашэнка пацьвердзіў, што запрасіў на БТ расейцаў
«6 ці 9 чалавек», замест тых супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі, якія «выскачылі на вуліцы і пачалі мітынгаваць», — перадае ягоныя словы БелТА. Таксама ён прыгразіў страйкоўцам «Беларуськалія», што на іхнае месца чарга, а калі ў штрайкбрэхеры ня пойдуць беларусы, то запросяць беспрацоўных украінцаў.