Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі тэатар — пад бел-чырвона-белымі сьцягамі
Купалаўскі тэатар — пад бел-чырвона-белымі сьцягамі

10-ы дзень пратэстаў. Праўладныя мітынгі ў Магілёве і Гомлі. Дзень нараджэньня Ціханоўскага пад Валадаркай

Што адбываецца ў Беларусі 18 жніўня, на дзясяты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

14:19 18.8.2020

Нацыянальны мастацкі музэй, гістарычны музэй і літаратурны музэй імя Янкі Купалы аб’ядналіся дзеля акцыі салідарнасьці

Канстанцін Шымакоў — дырэктар музэя ў Ваўкавыску — зьнік 15 жніўня. Дагэтуль ніхто ня ведае, дзе ён

14:21 18.8.2020

На мазырскім НПЗ рабочыя вывесілі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг.

14:46 18.8.2020

Святлана Ціханоўская: Сяргей сядзіць і просіць, каб вы не сядзелі

Сьвятлана Ціханоўская у інтэрвію парталу Delfi павіншавала мужа з днём народзінаў і сказала, што яе муж, які сядзіць, просіць, каб іншыя тым часам не сядзелі.

«Сёньня, 18 жніўня, дзень нараджэньня ў майго мужа, Сяргея Ціханоўскага. Ён ня будзе сустракаць яго зь сямʼёй, у коле сяброў, ён будзе сустракаць яго ў турме, — кажа Ціханоўская. — Ён быў затрыманы ў Горадні з абвінавачаньнем у злачынстве, якога не рабіў, паводле правакацыі спэцслужбаў.

Каб ён замоўк і ня ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі, яго аблілі брудам, падкінулі грошы, абвінавацілі, што ён дзейнічаў не ад шчырага сэрца, а ў інтарэсах іншай дзяржавы. Прапаганда з патрыётаў робіць злачынцаў».

Таксама Сьвятлана Ціханоўская перадала словы свайго мужа:

«Ён і іншыя палітвязьні сядзяць, але ён просіць, каб вы не сядзелі».

14:47 18.8.2020

У Заслаўскім гарвыканкаме зьняпраўдзілі чуткі аб адстаўцы яго старшыні

Старшыня Заслаўскага гарвыканкаму Сьвятлана Карташова не падавала ў адстаўку і знаходзіцца на працоўным месцы. Яе сакратарка назвала зьвесткі аб адстаўцы Карташовай «фэйкам і ўкідам».

У той жа час жыхары Заслаўя выказваюць незадаволенасьць тым, што яны спрабавалі выклікаць на размову Карташову пасьля масавых жорсткіх затрыманьняў у горадзе, а тая ня выйшла да людзей.

14:49 18.8.2020

Менск. Каля Нацыянальнай бібліятэкі мела адбыцца акцыя «Честные учителя», аднак прыйшло толькі каля 20 чалавек. Выкладчык біялёгіі Ліцэя БДУ Мікалай Івашчанка выказаўся пра акцыю.

14:51 18.8.2020

Плякаты і вернутыя граматы на школе № 17 у Бабруйску

Фота чытача

15:03 18.8.2020

Перад пратэстоўцамі каля МТЗ выступілі Піт Паўлаў і Аляксандар Памідораў

15:20 18.8.2020

МУС разьмясьціла замову на рамонт 290 электрашокераў на суму каля 16 тысяч рублёў

Свабода паглядзела сайт дзяржаўных закупаў і даведалася, што набывалі сілавікі напярэдадні і пасьля выбараў.

290 электрашокераў

Столькі электрашокераў хочуць адрамантаваць у галоўным упраўленьні камандуючага ўнутранымі войскамі МУС, менавіта такі тэндэр абвешчаны на сайце дзяржаўных закупаў 8 жніўня. Тэрмін выкананьня паводле закупкі — да 15 жніўня. На гэта хочуць патраціць 16 240 рублёў.

Падобную заяўку ўнутраныя войскі пакідалі на тэндэрах яшчэ ў ліпені, але тады прызналі, што аўкцыён не адбыўся.

15:24 18.8.2020

Сэйм Літвы заклікаў не прызнаваць выбары ў Беларусі і ўвесьці санкцыі

Сэйм Літвы ў аўторак на пазачарговай сэсіі прыняў рэзалюцыю, якая заклікае не прызнаваць прайшоўшыя ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары і ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да службовых асоб гэтай краіны.

У зацьверджанай парлямэнтам рэзалюцыі таксама гучыць заклік не прызнаваць легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Дакумэнт быў прыняты амаль адзінагалосна — 120 галасоў «за», ніводнага «супраць», два чалавекі ўстрымаліся.

«Мы падтрымліваем выбар беларускага народу, не прызнаем вынікі выбараў 9 жніўня, мы ня лічым Аляксандра Лукашэнку законным кіраўніком Рэспублікі Беларусь, мы патрабуем новых, празрыстых, адпаведных дэмакратычных працэдурам парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў, мы прапануем ініцыяваць пасярэдніцкую місію, мы заклікаем ўвесьці пэрсанальныя санкцыі ў дачыненьні да ўсіх, хто фальшаваў гэтыя выбары, і ўсіх, хто нясе адказнасьць за парушэньні правоў чалавека», — заявіў кансэрватар Жыгімантас Павілёніс, які прадставіў праект рэзалюцыі.

15:31 18.8.2020

Польшча абяцае дапамогу беларусам, якія вырашаць пакінуць сваю краіну

Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач у размове з журналістам радыё RMF FM.

«Мы хочам дапамагчы рэпрэсаваным, тым, які хочуць выехаць ці ўцячы са сваёй дзяржавы з палітычных прычынаў. Яны атрымаюць нашу падтрымку, — сказаў Пшыдач. — У нас дзейнічае і будзе пашыраная стыпэндыяльная праграма для студэнтаў і навукоўцаў, якім, магчыма, давядзецца пакінуць сваю краіну».

Пшыдач таксама сказаў, што Польшча зьменіць правілы атрыманьня візаў для беларусаў, якія будуць вымушаныя пакінуць сваю краіну.

16:12 18.8.2020

Журналісты газэты «Звязда» патрабуюць спыніць цэнзуру. 20 жніўня пачнуць страйк

Супрацоўнікі зьбіраюць подпісы пад лістом, які плянуюць накіраваць у прэзыдэнцкую адміністрацыю і Міністэрства інфармацыі.

З патрабаваньнямі спыніць цэнзуру ў выданьні частка калектыву выступіла 17 жніўня. Супрацоўнікі кажуць, што да іх ужо прыяжджаў на размову міністар інфармацыі Ігар Луцкі і супрацоўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Шпілеўская.

«Кампрамісу не знайшлі», — паведаміла Свабодзе журналістка Ірэна Кацяловіч.

Больш падрабязна >>>

16:41 18.8.2020

ГОМЕЛЬ. Кіроўцы пікетавалі ДАІ, рабочых «Гомсельмашу» не выпускалі з прахадной, бюджэтнікі ідуць на праўладны мітынг

У Гомлі кіроўцы, у якіх забралі правы за сыгнал на акцыі, пікетавалі ДАІ. Каля будынку абласной ДАІ сёньня сабраліся некалькі дзясяткаў кіроўцаў, у якіх інспэктары забралі правы за сыгнал на акцыях пратэсту. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за «стварэньне аварыйнай сытуацыі» і да разгляду спраў на камісіі забралі правы. Да кіроўцаў выйшла кіраўніцтва ДАІ, якое запэўніла, што камісіі разьбяруцца, і «вы будзеце задаволеныя». Разгляд справаў на камісіі пачаўся а 16-ай.

Кіроўцы пікетуюць ДАІ
Кіроўцы пікетуюць ДАІ

Рабочых «Гомсельмашу» пасьля зьмены ня выпусьцілі з прахадной, бо іх чакалі пратэстоўцы. Прамысловы гігант «Гомсяльмаш» мае шэсьць прахадных. На адной зь іх чакалі пасьля зьмены ў 15.40 пратэстоўцы, якія крычалі «Сяльмаш, выходзь!» Рабочыя з-за дзьвярэй паказвалі на мігах, што ня могуць выйсьці, бо кіраўніцтва замкнула дзьверы.

Пратэстоўцы ля «Гомсельмашу»
Пратэстоўцы ля «Гомсельмашу»

Іх пачалі выпускаць празь іншыя прахадныя. Туды таксама накіраваліся пратэстоўцы. Раней рабочых «Сяльмашу» зачынілі ў цэхах, калі яны зьбіраліся ладзіць страйк.

16.38 У час пік закрылі цэнтар гораду для транспарту – вуліцу Савецкую ад Рагачоўскай і да Пралетарскай – з прычыны правядзеньня на плошчы Леніна праўладнага мітынгу за Лукашэнку.

Прадстаўнікі прадпрыемстваў арганізаванымі калёнамі рушаць у цэнтар гораду.

16:51 18.8.2020

Сяргея Ціханоўскага перавялі ў Жодзіна

Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», ім стала вядома, што «па прычыне заплянаваных акцый падтрымкі палітвязьня Сяргея Ціханоўскага, яго самога этапавалі ў Жодзіна». Сёньня пад турмой на Валадарскага ў Менску сабраўся натоўп – людзі зладзілі акцыю падтрымкі і віншавалі Ціханоўскага з днём народзінаў.

16:54 18.8.2020

Сям’я чарговага загінулага ўдзельніка пратэстаў ня верыць у вэрсію міліцыі

19-гадовага хлопца, якога МУС Беларусі называе трэцім загінулым удзельнікам масавых пратэстаў, завуць Арцём Парукаў, паведамляе Эўрарадыё.

Па вэрсіі міліцыі, кіроўца VW заўважыў Парукава, які ішоў па праезнай частцы Партызанскага праспэкту, і папярэдзіў яго. Але хлопец не адрэагаваў і неўзабаве трапіў пад "Рэно«.Сваякі загінулага ня ведаюць, ці сапраўды ён удзельнічаў у масавых акцыях у той дзень. Яны ня вераць у вэрсію сьмерці хлопца, якую выклала міліцыя.

«У той момант Арцём дакладна ні ў чым ня ўдзельнічаў, а проста ішоў дадому, — распавядае Эўрарадыё стрыечная сястра загінулага. — Але чамусьці — мы не разумеем, чаму — яму спатрэбілася перабегчы з таго боку вуліцы, на якім знаходзіцца наш дом, на іншы бок. Пешаходны пераход зусім побач — чаму ён не пайшоў па ім? Мы думаем, што ён трапіў пад машыну, спрабуючы ад некага ўцячы».

16:58 18.8.2020

«Машынаў хуткай дапамогі сілавікам не давалі, неапазнаных трупаў няма». Міністар Каранік завочна пагаварыў з мэдыкамі

Міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік даслаў адкрыты ліст у рэдакцыю Tut.by. Напярэдадні каля будынку Міністэрства аховы здароўя ён сустрэўся з прадстаўнікамі мэдычнай грамадзкасьці, але размова не ўдалася.

У лісьце ён запэўніў, што ніводная машына хуткай дапамогі не выкарыстоўвалася супрацоўнікамі МУС для перавозкі сілавікоў да месцаў затрыманьняў.

«Падобную расфарбоўку маюць машыны мэдычнай службы ўнутраных войскаў, дзе знаходзяцца вайсковыя мэдыкі, натуральна, у вайсковай форме. Менавіта яны аказвалі дапамогу сваім пацярпелым калегам у самым эпіцэнтры, што магло спарадзіць гэтыя чуткі. Калі ёсьць іншыя факты, прад’явіце іх, бо нават здагадка пра тое, што ў машыне хуткай дапамогі могуць знаходзіцца прадстаўнікі сілавых ведамстваў, можа выклікаць агрэсію грамадзянаў і паставіць пад пагрозу бясьпеку нашых супрацоўнікаў, а гэта недапушчальна», — заявіў міністар. Цалкам чытайце па спасылцы.

17:02 18.8.2020

Літоўская Паланга дасьць старт «ланцугу cалідарнасьці» ад Балтыйскага мора да мяжы зь Беларусьсю

Мэр літоўскай Палангі Шарунас Вайткус заклікаў гараджанаў 23 жніўня далучыцца да акцыі «Балтыйскі шлях» і гэтым падтрымаць беларусаў у змаганьні з дыктатурай. У «ланцуг» плянуюць стаць ад мора і да самай мяжы зь Беларусьсю.

Цяперашняя акцыя будзе прысьвечана Беларусі. Паводле Шарунаса Вайткуса, каб забяспечыць сацыяльную адлегласьць, удзельнікі жывога ланцуга возьмуцца не за рукі, а будуць трымаць сьцягі Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі. Аналягічную імпрэзу зьбіраюцца правесьці ў Латвіі: шэраг людзей стане ад марскога курорту Юрмалы да беларускай мяжы. Падрабязьней па спасылцы.

17:04 18.8.2020

«Там нацысты». Лукашэнка назваў каардынацыйную раду Ціханоўскай спробаю захопу ўлады

«Яны нам падкідваюць іншы бок. І патрабуюць ні многа ні мала — перадаць ім уладу. Значыць, мы гэта расцэньваем адназначна: гэта спроба захопу ўлады з усімі вынікаючымі наступствамі. — цытуе Лукашэнку БелТА. — Таму я хачу папярэдзіць тых, хто ўвайшоў у гэты штаб, што мы будзем прымаць адэкватныя меры. Але выключна па Канстытуцыі і закону. У нас дастаткова гэтых мер, каб астудзіць некаторыя гарачыя галовы».

Лукашэнка заявіў, што ў раду ўвайшлі «былыя прыкарытнікі», «пакрыўджаныя», «адкрыта адвязаныя нацысты».

17:07 18.8.2020

Менск. Як сустракалі са зьмены рабочых МТЗ

17:09 18.8.2020

Ці робіць Лукашэнка памылкі? – задаецца пытаньнем палітычны аналітык Свабоды Юры Дракахруст

А што такое памылка? Ён – вучань Макіявэлі і халодны гулец. Ён ужыў сілу ў 2010 годзе і атрымаў патрэбны вынік. Ён ужыў яе і супраць пратэстаў пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы – збольшага спрацавала. Напэўна, адчуваючы, што сытуацыя сур'ёзная, пасьля выбараў вырашыў падвысіць узровень гвалту (кулі, гранаты, катаваньні).

Не спрацавала, прынамсі, не спрацавала так, як у 2010 годзе.

Памяняў тактыку. Спыніў гвалт (пакуль), зрабіў стаўку на вымотваньне пратэстаў, спадзеючыся на тое, што яны аціхнуць, пойдуць на спад. І там і там – разьлік і рызыка гульца.

Калі вы ў рулетку ставіце на чырвонае, а выпадае зэро – вы не зрабілі памылку, вам проста не пашанцавала, мяркуе палітычны аналітык Свабоды Юры Дракахруст

17:13 18.8.2020

У Магілёве пачаўся праўладны мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

Дзяржаўныя мясцовыя мэдыі галоўнымі ягонымі слоганамі падалі «Любимую не отдадим!», «За Беларусь», «Лукашенко Наш Президент».

Мітынг праходзіць на плошчы Леніна перад будынкам аблвыканку. Зранку пад помнікам Леніну змантавалі подыюм для выступаў. Кіраваў арганізацыяй мітынгу намесьнік старшыні аблвыканкаму Валер Малашка. Калі апускалі вялікі сьцяг з аблвыканкаму, палотнішча парвалася.

На плошчы сабралася некалькі тысяч чалавек. За гадзіну да яго пачатку ў сквэрах вакол плошчы Леніна ўжо сядзелі людзі ў цывільным з рацыямі. Па праспэкту Міра курсаваў мікрааўтобус з афіцыйным сьцягам. Падземныя пераходы былі перакрытыя.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG