Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі тэатар — пад бел-чырвона-белымі сьцягамі
Купалаўскі тэатар — пад бел-чырвона-белымі сьцягамі

10-ы дзень пратэстаў. Праўладныя мітынгі ў Магілёве і Гомлі. Дзень нараджэньня Ціханоўскага пад Валадаркай

Што адбываецца ў Беларусі 18 жніўня, на дзясяты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

19:58 18.8.2020

Былы сьледчы панёс у РУУС калектыўны зварот і больш адтуль ня выйшаў

Жыхары Першамайскага раёну Менску падпісалі калектыўны ліст, каб дамовіцца пра сустрэчу з начальнікамі мясцовых РУУС і РАСК. Былы сьледчы Першамайскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Аляксандар Шагаў раней заявіў, што мэта сустрэчы — дамагчыся расьсьледаваньня жорсткага зьбіцьця супрацоўнікамі АМАПу іх суседзяў проста ў пад’езьдзе дому.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведамілі, што Шагаў каля 14-й гадзіны пайшоў адносіць калектыўны зварот у РУУС. У будынак міліцыі ён зайшоў, але так і ня вярнуўся.

19:54 18.8.2020

Акцыя пратэсту ля менскага заводу «Атлянт». Фатафакт

Супрацоўнікі менскага заводу «Атлянт» пачалі далучацца да страйку, абвешчанага з прычыны нязгоды з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

19:39 18.8.2020

У Горадні на чарговы мітынг выйшлі некалькі тысяч чалавек

Некалькі тысяч гарадзенцаў прыйшлі на плошчу Леніна на мітынг. На канцэрце перад гарадзенцамі сёньня выступілі Лявон Вольскі і гурт Trubetskoy.

Лявон Вольскі ў Горадні
Лявон Вольскі ў Горадні
Гурт Trubetskoy
Гурт Trubetskoy

20.55 Сотні гарадзенцаў сышлі з канцэрту Лявона Вольскага на плошчы Леніна і прыйшлі пад Муры турмы. Яны патрабавалі вызваленьня двух затрыманых Дзьмітрыя Ціта і Сяргея Рымшы, на якіх пасьля мірных пратэстаў былі заведзеныя крымінальныя справы.

Жывую трансьляцыю зь сёньняшняга мітынгу ў Горадні вяло дзяржаўнае тэлебачаньне «Гродна Плюс»:

19:21 18.8.2020

МУС: За кратамі ў Беларусі застаюцца 44 удзельнікі пратэстаў

Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 44 арыштаваных за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

У тым ліку, у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму знаходзяцца 6 чалавек, зь якімі праводзяць сьледчыя дзеяньні, удакладніла Чамаданава, і дадала, што інфармацыя пра іх разьмясьцілі пры ўваходзе ў ізалятар.

18:56 18.8.2020

«50 ці 100 чалавек ня маюць права выступаць ад імя ўсяго прадпрыемства». Кіраўнік ураду пра страйкі

Як заявіў прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка, «канстытуцыяй прадугледжана права на страйк, але гэта мера для вырашэньня калектыўнай працоўнай спрэчкі пры парушэньні правоў працоўных, парушэньні працоўнай дамовы». Пры гэтым, калі працэдура, прадугледжаная заканадаўствам, парушана, ні пра які страйк гаворкі быць ня можа, заявіў Галоўчанка.

«Таму 20, 30 чалавек, можа нават 50, 100 ці 200 ня маюць права выступаць ад імя ўсяго прадпрыемства і, больш за тое, уцягваць астатніх работнікаў у страйк ці іншыя акцыі пратэсту. Гэта, між іншым, зьяўляецца дзеяньнем, якое караецца, прычыненьнем шкоды. Гэта перашкода працы прадпрыемства, парушэньне яго рытму функцыянаваньня, бо ідуць страты», — сказаў Раман Галоўчанка.

Калі такія факты будуць даказаныя, людзі, датычныя да нанясеньня страты прадпрыемствам, будуць адказваць паводле закону, прыгразіў кіраўнік ураду. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:53 18.8.2020

Афіцэр-памежнік: Я марыў служыць народу, але міліцыя і войска ахоўваюць інтарэсы толькі аднаго чалавека

Афіцэр-памежнік в/ч 2141, капітан Аляксандар Васько, запісаў відэазварот, у якім, сярод іншага сказаў:

  • «Беларусы згуртаваліся. Такой ступені кансалідацыі ня ведала наша гісторыя. Нас аб’ядноўвае жаданьне жыць у свабоднай краіне, вольнай ад дыктатуры.
  • «На мінулым тыдні круцілася ў галаве пытаньне — як жа так, гэта ж нашыя пацаны. Але гэта ня нашыя пацаны, іх і людзьмі назваць складана».
  • «Я служу ў войску ўжо 12 гадоў. Я марыў служыць сваёй Радзіме і свайму народу, але пакуль міліцыя і войска ахоўваюць інтарэсы толькі аднаго чалавека».
  • «Я хачу зьвярнуцца да прадстаўнікоў так званых сілавых структураў. Сіла — ня ў зброі, ня ў турмах, і не ў аўтазаках, а ў праўдзе, у гонары і ў мужнасьці».
18:50 18.8.2020

У Віцебску пасьля працоўнага дня зноў зьбіраюцца пратэстоўцы

У Віцебску пасьля працоўнага дня гараджане пачалі зьбірацца на плошчы Перамогі.

«Ёсьць агульныя патрабаваньні, дзеля якіх мы зьбіраемся – зьмена ўлады, вызваленьне палітзьняволеных, завядзеньне крымінальных спраў адносна тых, хто чыніў гвалт, – кажа адзін з дэманстрантаў. – Выходзіць варта штодзень, каб ня даць людзям забыцца, што сытуацыя ў краіне выглядае іначай, чым нам імкнуцца падаць».

Сярод прысутных на плошчы Перамогі ў Віцебску – Аляксандар Мацяюк, адзін з шасьці затрыманых, якія па стане на 17 жніўня дасюль заставаліся за кратамі. На ўчорашняй сустрэчы прадстаўнікоў улады і дэлегатаў ад гараджан іх абяцалі адпусьціць. Сёньня ён выйшаў зь віцебскага ІЧУ ў 10.40. А ўвечары далучыўся да дэманстрантаў.

Аляксандар Мацяюк
Аляксандар Мацяюк

«Я праверыў, ці законна гэта перад выхадам. Не хацелася, каб мяне адразу затрымалі», – камэнтуе ён. Аляксандра затрымалі 7 жніўня ў пад'езьдзе свайго дому. За нібыта прызыў на старонцы Фэйсбуку яму далі 12 сутак арышту паводле артыкулу 23.34. Аляксандар адсядзеў 11 зь іх. Ён кажа, што яго акаўнт у сацыяльных сетках быў падроблены.

18:44 18.8.2020

Больш за паўсотні чалавек іх сваякі ня могуць адшукаць дагэтуль

За апошнія суткі з ізалятараў вызвалена 55 чалавек. ​За кратамі застаюцца 67 затрыманых на акцыях пратэсту, яшчэ 58 дагэтуль ня могуць знайсьці. Першапачаткова сваякі заявілі пра больш чым 150 зьніклых, паведамляе Tut.by. Вызваленьнем адміністрацыйна затрыманых займаюцца спэцыялісты пракуратуры і МУС.

Агулам больш за 600 зьбітых грамадзянаў па ўсёй краіне зьвярнуліся з заявамі ў Сьледчы камітэт. Інфармацыі аб тым, што ўзбуджана хоць адна крымінальная справа паводле факту перавышэньня ўлады або службовых паўнамоцтваў, няма. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:34 18.8.2020

Трансьляцыя паседжаньня Каардынацыйнай рады перадачы ўлады. УЖЫВУЮ

Сёньня ў Менску праходзіць паседжаньня Каардынацыйнай рады перадачы ўлады, пра стварэннье якой напярэдадні паведаміў штаб экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусь Сьвятланы Ціханоўскай. Сьпіс тых, хто ўвайшоў у каардынацыйную раду, можна паглядзець тут. Лукашэнка сёньня назваў яе спробай захопу ўлады. Свабода вядзе жывую трансьляцыю з паседжаньня.

18:28 18.8.2020

Жанчына знайшла выкрадзенага мужа па фота, яго таемна абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў

Страціўшы надзею на сыстэму, людзі самі пачынаюць шукаць сваіх зьніклых сваякоў. Нярэдка тыя ўжо пад крымінальным перасьледам, ім пагражаюць працяглыя тэрміны зьняволеньня.

Жыхарка Менска Кацярына Савіцкая расказала Свабодзе, што 10 жніўня яе мужа Юрыя выкралі проста з працоўнага месца. ​Ён дырэктар сталічнай станцыі шынамантажу. Туды ўваліліся шасьцёра невядомых у цывільным, заштурхалі яго ў мікрааўтобус і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Не назваліся і не сказалі, за што. Дома сам-насам зь невядомасьцю засталіся жонка і 4-гадовае дзіця. Гісторыю цалкам чытайце па спасылцы.

18:22 18.8.2020

У Магілёве машына зьбіла пратэстоўцу

У Магілёве машына зьбіла ўдзельніка альтэрнатыўнага мітынгу, які праходзіць ля магілеўскага гарвыканкаму. Відавочцы кажуць, што за стырном была дзяўчына, якая спачатку дэманстравала пальцамі зьняважлівыя жэсты, а потым паехала на чырвонае сьвятло і зьбіла аднаго ўдзельніка, а другі ўскочыў на машыну і на ёй праехаў з паўкілямэтры.

Абодва зьбітыя не пацярпелі. Кіроўца зьехала. Выклікалі супрацоўнікаў ДАІ. Некаторыя кажуць, што каленях у жанчыны ляжаў чырвона-зялёны сьцяг.

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі АГП і давераная асоба Ціханоўскай Уладзімер Шанцаў лічыць, што мясцовая ўлада паспрабуе выкарыстаць інцыдэнт з наездам аўтамабіля на ўдзельнікаў апазыцыйнага мітынгу для забароны пратэстаў. Ён кажа, што 18 жніўня ў гарвыканкаме на сустрэчы зь старшынём Уладзімерам Цумаравым папярэджвалі пра падобныя выпадкі і адказнасьць за іх.

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

Шанцаў сустракаўся з чыноўнікамі, каб узгадніць правядзеньне мітынгу пратэстоўцаў супраць гвалту. На думку апазыцыйнага палітыка, вінаватыя ў здарэньні як кіроўца, якая ехала на чырвонае сьвятло, так і тыя, хто спрабаваў яе спыніць. Яны разам стварылі аварыйную сытуацыю. Паводле валянтэраў Чырвонага крыжа, сур'ёзных пашкоджаньняў у пацярпелых няма. Уладальніца аўтамабілю зьехала зь месца здарэньня.

Цяпер перад гарвыканкамам сабралася да трох тысяч чалавек. Яны адмовіліся ісьці мітынгаваць на пляцоўку перад лядовым палацам, якую афіцыйна ім выдзеліў гарвыканкам каб «не сутыкаць ілбамі» з удзельнікамі праўладнага мітынгу.

Пратэстоўцы выстраіліся ўздоўж праезнай часткі і скандуюць традыцыйныя для апошніх дзён лёзунгі.

18:12 18.8.2020

МЕНСК. Калёна ад МТЗ ідзе на плошчу Незалежнасьці

Калёна, якая выйшла ад МТЗ, прыйшла на плошчу Незалежнасьці. У калёне да тысячы дэманстрантаў. Калі яны ішлі паўз гатэль «Менск», на плошчу праехаў аўтазак. Людзі праводзілі аўтазак воклічамі «Ганьба!» і «Сыходзь!».

18:07 18.8.2020

Старшыня КДК – рабочым «Нафтану»: «Калі мы не адумаемся, палягуць дзясяткі тысяч»

Выступаючы перад рабочымі «Нафтану», старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль, заявіў, што ў Беларусі могуць паўтарыцца ўкраінскія падзеі.

«Сытуацыя ў краіне крайне цяжкая. Калі мы не адумаемся, тут будзе другая Ўкраіна. Палягуць дзясяткі тысяч. І тыя, хто ва Ўкраіне пачынаў гэтую сытуацыю, яны ляжаць. А тыя, хто плаціў грошы, нармальна жывуць. Таму вам выбіраць, вы працуйце. Удачы, посьпехаў».

Рабочыя «Нафтану» высунулі шэраг патрабаваньняў уладам. Галоўнае – адстаўка Аляксандра Лукашэнкі.

18:05 18.8.2020

Трамп заявіў, што Вашынгтон абмяркуе з Расеяй становішча ў Беларусі «у зручны час»

Вашынгтон у зручны момант будзе весьці дыялёг з Масквой з наконт падзеяў у Беларусі, заявіў у аўторак прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, піша Reuters.

«Мы гаворым з многімі людзьмі, і мы будзем у зручны час гаварыць з Расеяй, і мы будзем размаўляць са многімі людзьмі», — сказаў прэзыдэнт у Белым доме.

Пры гэтым, на думку Трампа, у Беларусі, «здаецца, ня вельмі шмат дэмакратыі». Таксама ён заявіў, што акцыі пратэсту ў Беларусі праходзяць мірна.

17:51 18.8.2020

Дырэктара Ваўкавыскага музэю, які зьнік 15 жніўня, знайшлі мёртвым. Ён быў чальцом выбаркаму ў Ваўкавыску

Пошукавы атрад «Ангел» паведаміў, што знайшоў цела дырэктара Ваўкавыскага музэю Канстанціна Шышмакова, зьніклага 15 жніўня. Яго цела ратавальнікі знайшлі ў Нёмане. Адміністрацыя атраду «не камэнтуе» абставіны сьмерці і «спадзяецца на разуменьне».

Канстанцін Шышмакоў быў адным з двух чальцоў выбарчай камісіі на ўчастку ў Ваўкавыску, які адмовіўся падпісаць пратакол на выбарах. Наступны тыдзень ён быў у адпачынку, а 15 жніўня выйшаў на працу. У той жа дзень ён патэлефанаваў жонцы каля 17.00 і сказаў: «Я тут працаваць больш ня буду, еду дамоў». Але дадому малады чалавек так і не прыехаў.

Упраўленьне Сьледчага камітэта па Горадзенскай вобласьці пракамэнтавала сьмерць Канстанціна Шышмакова. Паводле СК, папярэдне ўстаноўлена, што сьмерць мужчыны ня носіць крымінальны характар.

17:27 18.8.2020

ГОМЕЛЬ. Праўладны мітынг за Лукашэнку. Фота

У Гомлі сёньня таксама праходзіць мітынг за Лукашэнку. ДЗеля гэтага ў час пік закрылі цэнтар гораду для транспарту – вуліцу Савецкую ад Рагачоўскай і да Пралетарскай. Мітынг пройдзе на плошчы Леніна. Прадстаўнікі прадпрыемстваў арганізаванымі калёнамі рушаць у цэнтар гораду.

17:17 18.8.2020

«Ён нават ня ведаў, дзе знаходзіцца штаб Бабарыкі». Чаму затрымліваюць валянтэраў і зьбіральнікаў подпісаў

Родныя і блізкія затрыманых расказваюць, што іх могуць абвінаваціць у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Як стала вядома Свабодзе, КДБ Беларусі ўжо займаецца расьсьледаваньнем крымінальнай справы паводле артыкулу 293 — масавыя беспарадкі. Падрабязнасьці яе расьсьледаваньня і колькасьць падазраваных ці абвінавачаных пакуль не вядомая. Зьяўляецца інфармацыя, што ў арганізацыі беспарадкаў могуць абвінаваціць людзей, нейкім чынам датычных да выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі альбо да ініцыятывы «Честные люди». Гісторыі некалькіх затрыманых з вуснаў іх сваякоў чытайце па спасылцы.

17:14 18.8.2020

Пуцін правёў перамовы наконт Беларусі з Макронам

Сёньня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін правёў тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Крэмль падае наступную трактоўку гутаркі прэзыдэнтаў Расеі і Францыі:

«Пры абмеркаваньні сытуацыі ў Беларусі, якая абвастрылася, Уладзімір Пуцін падкрэсьліў недапушчальнасьць умяшаньня ўва ўнутраныя справы рэспублікі і аказаньня ціску на беларускае кіраўніцтва. З абодвух бакоў выказаная зацікаўленасьць у хутчэйшым урэгуляваньні паўсталай праблемы».

Сёньняшняя размова Пуціна і Макрона наконт Беларусі — другая пасьля завяршэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

17:13 18.8.2020

У Магілёве пачаўся праўладны мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

Дзяржаўныя мясцовыя мэдыі галоўнымі ягонымі слоганамі падалі «Любимую не отдадим!», «За Беларусь», «Лукашенко Наш Президент».

Мітынг праходзіць на плошчы Леніна перад будынкам аблвыканку. Зранку пад помнікам Леніну змантавалі подыюм для выступаў. Кіраваў арганізацыяй мітынгу намесьнік старшыні аблвыканкаму Валер Малашка. Калі апускалі вялікі сьцяг з аблвыканкаму, палотнішча парвалася.

На плошчы сабралася некалькі тысяч чалавек. За гадзіну да яго пачатку ў сквэрах вакол плошчы Леніна ўжо сядзелі людзі ў цывільным з рацыямі. Па праспэкту Міра курсаваў мікрааўтобус з афіцыйным сьцягам. Падземныя пераходы былі перакрытыя.

17:09 18.8.2020

Ці робіць Лукашэнка памылкі? – задаецца пытаньнем палітычны аналітык Свабоды Юры Дракахруст

А што такое памылка? Ён – вучань Макіявэлі і халодны гулец. Ён ужыў сілу ў 2010 годзе і атрымаў патрэбны вынік. Ён ужыў яе і супраць пратэстаў пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы – збольшага спрацавала. Напэўна, адчуваючы, што сытуацыя сур'ёзная, пасьля выбараў вырашыў падвысіць узровень гвалту (кулі, гранаты, катаваньні).

Не спрацавала, прынамсі, не спрацавала так, як у 2010 годзе.

Памяняў тактыку. Спыніў гвалт (пакуль), зрабіў стаўку на вымотваньне пратэстаў, спадзеючыся на тое, што яны аціхнуць, пойдуць на спад. І там і там – разьлік і рызыка гульца.

Калі вы ў рулетку ставіце на чырвонае, а выпадае зэро – вы не зрабілі памылку, вам проста не пашанцавала, мяркуе палітычны аналітык Свабоды Юры Дракахруст

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG