13 жніўня ў Віцебску распачалася мірная акцыя мэдыкаў супраць гвалту.
А 18-й гадзіне мэдыкі ў белых халатах пачалі зьбірацца перад брамай Віцебскай абласной лякарні. Пасьля калёнай рушылі на вуліцу Воінаў-iнтэрнацыяналістаў і сталі ў «ланцуг салідарнасьці». Ён расьцягнуўся на некалькі соцень мэтраў.
Цягам сарака хвілін ланцуг вырас да 325 чалавек. У акцыі ўдзельнічалі працаўнікі розных мэдычных установаў гораду, у тым ліку — абласной лякарні, лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, інфэкцыйнай лякарні, студэнты мэдычнага ўнівэрсытэту.
«Для нас важна паказаць, што віцебскія мэдыкі таксама далучаюцца да акцый салідарнасьці па ўсёй краіне. Мы таксама хочам перамен. Важна, каб яны былі мірнымі», — кажуць у ланцугу.
Мэдыкі трымалі ў руках кветкі і плякаты з надпісамі «Мэдыкі супраць гвалту», «Досыць калечыць людзей!», «Спыніце гвалт. У нас і так хапае працы». На плякатах было пытаньне і да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка: ці віцебская акцыя — таксама добра рэжысэраванае мерапрыемства?
Неўзабаве пасьля пачатку акцыі гараджане прывезьлі мэдыкам дзьве вялікія скрыні з кветкамі.
«Мы супраць таго, што адбываецца ў краіне цяпер. Супраць таго, што мірных дэманстрантаў зьбіваюць. Важна, што мэдыкі з народам. Мы бачым адносіны ўлады да ўсіх нас. Нам ніхто ня плаціць за гэта. Мэдыкі з народам. Жыве Беларусь!» — кажа працаўнік адной з гарадзкіх лякарняў.
«Я прыехаў у Віцебск вучыцца ў мэдычным унівэрсытэце. Я ў шоку, што тут адбываецца. Я салідарны з той справай, якую вы робіце», — камэнтуе свой удзел у акцыі студэнт-мэдык з Расеі.
Машыны, якія праяжджалі па вуліцы, уздоўж якой расьцягнуўся «ланцуг салідарнасьці», гучна сыгналілі.
Акцыя скончылася а сёмай гадзіне. Мэдыкі паклалі кветкі на ўзбочыну дарогі. Гучна запляскалі ў далоні і неўзабаве разышліся. Ад пачатку акцыі на суседняй вуліцы стаяла некалькі аўтобусаў з АМАПам. Але акцыя скончылася мірна — нікога не затрымалі.