Беларусы павінны атрымаць «свабоды, якіх яны патрабуюць», — заявіў у сераду дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, заклікаўшы ўлады Беларусі не прычыняць шкоду ўдзельнікам пратэстаў, паведамляе агенцтва France Press.
Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі
«Мы хочам, каб у народу Беларусі былі свабоды, якіх яны патрабуюць і якія, на іх думку, адпавядаюць іхным інтарэсам», — сказаў Пампэо падчас візыту ў сталіцу Чэхіі Прагу.
«Мы заклікаем, каб негвалтоўныя пратэстоўцы былі абароненыя замест таго, каб ім прычынялася шкода. Гэта не ў чыіх-небудзь інтарэсах», — сказаў Пампэо ў размове з журналістамі.
Дзяржаўны сакратар ЗША выступаў разам з прэм’ер-міністрам Чэхіі Андрэем Бабішам, які назваў падзеі ў Беларусі «шакавальнымі» пасьля трэцяй ночы пратэстаў у выніку спрэчных выбараў, на якіх прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, паводле афіцыйных уладаў, быў абраны на шосты тэрмін.
«Я чакаю, што Эўразьяз будзе не зьвяртацца да дэклярацыяў, а дзейнічаць, прымаць меры, бо беларусы маюць такое ж права на свабоду і дэмакратыю, як і мы», — сказаў Пампэо.
Ён наведаў Прагу ў рамках эўрапейскага турнэ, якое далей працягнецца ў Аўстрыі, Славеніі і Польшчы.
Парадак дня паездкі ўключае супрацьдзеяньне ролі кітайскай кампаніі Huawei у будаўніцтве сеткі 5G, а таксама пытаньні энэргетычнай бясьпекі і разгортваньня войскаў ЗША ў рэгіёне.