Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі ў размове са Свабодай параўнаў дзеяньні сілавых органаў у дачыненьні да грамадзянаў Беларусі з генацыдам, а месцы ўтрыманьня арыштаваных — з канцлягерам.
«Несумненна, сілавікі атрымалі картблянш, — лічыць праваабаронца. — Ідуць проста нечуваныя зьдзекі, катаваньні — асабліва ў месцах зьняволеньня на Акрэсьціна, у цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў, ізалятарах часовага ўтрыманьня. Б'юць, трымаюць у перапоўненых камэрах. Пры паступленьні ці вось цяпер, калі паступова пачалі выпускаць, зьбіваюць да страты прытомнасьці. Гэтым займаюцца спэцпадразьдзяленьні — АМАП, унутраныя войскі. Ім дадлі прамы загад катаваць. Такая ўжо рэчаіснасьць...»
Алесь Бяляцкі дадае, што на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна» надрукавалі інструкцыю, што рабіць у выпадку атакі сілавікоў, затрыманьня, катаваньняў, якія прававыя мэханізмы задзейнічаць. Самае галоўнае — не замоўчваць інфармацыю, максымальна яе распаўсюджваць у СМІ ці сацыяльных сетках, акцэнтуе ён.
«Падключаць журналістаў, праваабаронцаў, здымаць пабоі, каб была дакумэнтальная фіксацыя злачынстваў, — працягвае Алесь Бяляцкі. — Сумнеўна, што можна дабіцца справядлівасьці пры гэтай сыстэме, але трэба, каб пра гэта даведаўся ўвесь сьвет. І калі такія сьведчаньні будуць на руках, надыдзе час, і ўсе вінаватыя паўстануць перад адказнасьцю. Бо зразумела, што адмашка дадзеная з найвышэйшых колаў. Наша задача — высьветліць, хто арганізатар і выканаўца. Гэта ўжо ня проста парушэньне службовых інструкцый, а злачынства зусім іншага парадку».
Пад міліцэйскі гвалт падпадаюць ня толькі ўдзельнікі пратэставых акцый, сілавікі мэтанакіравана палююць на выпадковых людзей. А пасьля па некалькі дзён не даюць ніякіх зьвестак пра зьніклых, фактычна выкрадзеных у мірны час грамадзян.
«Найгорш, што на гэтым пакуты і прыніжэньні не канчаюцца. Самае пекла пачынаецца ў месцах часовага ўтрыманьня, — канстатуе Алесь Бяляцкі. — Людзей беспадстаўна б’юць, разьдзяваюць дагала, у камэры на 4-6 чалавек запіхваюць паўсотні, прычым разам як мужчын, так і жанчын. Заліваюць у камэры хлёрку, не даюць спаць, піць. Што гэта, як не рэальнае катаваньне? Турму на Акрэсьціна сёньня ператварылі ў самы сапраўдны канцлягер, гэта не перабольшаньне».
За тры дні пратэстаў у розных гарадах Беларусі затрымалі тысячы чалавек. 9 жніўня, паводле зьвестак МУС, гэтая лічба перавысіла 3000, на наступны дзень прыкладна 2000, яшчэ больш за 1000 затрымалі ў ноч на 12 жніўня.