Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) заклікала беларускія ўлады ўстрымацца ад гвалту і сумленна паведаміць аб выніках прэзыдэнцкіх выбараў на ўсіх выбарчых участках.
«Свабода мірных сходаў, а таксама свабода выказваньня меркаванняў зьяўляюцца асноўнымі правамі чалавека, якія маюць вырашальнае значэньне для разьвіцьця дэмакратычных грамадзтваў, і БДІПЧ заклікае да хуткага і эфэктыўнага расьсьледаваньня любой жорсткасьці міліцыі, а таксама да вызваленьня ўсіх затрыманых за ўдзел у цяперашніх пратэстах», — заявіла 10 жніўня прэсавая прадстаўніца БДІПЧ Каця Андруш.
Андруш паўтарыла ранейшае сваё шкадаваньне, што місія БДІПЧ не прыехала назіраць за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, паколькі беларускія ўлады «не змаглі своечасова прапанаваць БДІПЧ назіраць крытычна важныя элемэнты выбарчага працэсу».
Андруш адзначыла запалохваньне палітычных актывістаў у перадвыбарчы пэрыяд, нерэгістрацыю пэрспэктыўных кандыдатаў і недэмакратычны спосаб фармаваньня выбарчых камісій.
«БДІПЧ працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі і заклікае да дыялёгу, аказваючы цьвёрдую падтрымку грамадзянскай супольнасьці і ўсім, хто адстойвае правы чалавека. БДІПЧ гатовы аказаць дапамогу беларускім уладам у ажыцьцяўленьні тэрміновых рэформаў, неабходных для прывядзеньня заканадаўства і практыкі краіны ў адпаведнасьць зь міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі і абавязаньнямі ў галіне правоў чалавека», — заканчваецца заява БДІПЧ.
15 ліпеня Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ заявіла, што ня будзе накіроўваць у Беларусь назіральную місію ў сувязі з тым, што адсутнасьць своечасовага запрашэньня зь Менску не дазваляе правесьці паўнавартаснае назіраньне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.