Усю ноч у сталічныя шпіталі паступалі людзі з раненьнямі ад гумовых куляў. Пра гэта Свабодзе паведамілі на ўмовах ананімнасьці лекары. Паводле іх слоў, гэта даволі цяжкія траўмы, якія могуць прывесьці нават да інваліднасьці.
Параненых прывозілі ня толькі брыгады хуткай дапамогі, але і людзі на сваіх машынах.
Хірургаў сярод ночы выклікалі з дому для правядзеньня экстраных апэрацый.
У шпіталі таксама прыехалі для сьледчых дзеяньняў супрацоўнікі Сьледчага камітэту.
Многіх параненых пасьля перавезьлі ў менскі вайсковы шпіталь.
Адзін зь лекараў бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску ананімна распавёў карэспандэнту Свабоды, што адзін з пацярпелых падчас пратэстаў 9 жніўня ў Менску з траўмай галавы ляжыць у рэанімацыі.
Ёсьць яшчэ людзі ў аддзяленьнях і працягваюць паступаць 10 жніўня з РУУС. На аднаго наехаў аўтамабіль, як кажа пацярпелы, у другога дасталі ажно 7 куль.
У цэлым ва ўсіх пацярпелых стан стабільны. Пацыентаў было шмат, распавёў лекар.Сартаваньнем і разьмеркаваньнем пацярпелых займаліся 14 дактароў.