Цэнтральная выбарчая камісія 10 жніўня абвясьціла папярэднія вынікі выбараў прэзыдэнта.
Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, Аляксандар Лукашэнка атрымаў 80.23% галасоў, а Сьвятлана Ціханоўская — 9.9%.
Андрэй Дзьмітрыеў, паводле папярэдніх афіцыйных лічбаў, атрымаў 1.04%, Ганна Канапацкая — 1.68%, а Сяргей Чэрачань — 1.13%. Супраць усіх — 6,02. Яўка склала 84,23
Прэсавая канфэрэнцыя Лідзіі Ярмошынай доўжылася 8 хвілін. Далі задаць толькі тры пытаньні – «Советской Белоруссии», БелТА і «Евразийской правде». Ярмошына сказала, што праца выбарчых камісій праходзіла ў беспрэцэдэнтных умовах. Паводле старшыні ЦВК, яе а 1-й гадзіне начы эвакуавалі з Дому ўраду.
Тэлеканал «Настоящее время» вядзе трансьляцыю канфэрэнцыі ад 9-й гадзіны паводле менскага часу.
У нoч на 10 жніўня ў Менску і іншых гарадах Беларусі адбыліся жорсткія сутыкненьні АМАПу з пратэстоўцамі. АМАП ужыў сьвятлошумавыя гранаты і сьлезацечны газ.
Сьледчы камітэт пачаў крымінальныя справы па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў адносінах да міліцыі.
На прэс-канфэрэнцыі штабу Сьвятланы Ціханоўскай назвалі шэсьць участкаў у розных раёнах Менску, дзе, паводле афіцыйных пратаколаў, кандыдатка перамагла Лукашэнку зь вялікім адрывам. Ціханоўская падзякавала сябрам гэтых выбарчых камісій за сумленны падлік і паабяцала дапамогу ў выпадку іх звальненьня.