Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
16:46 12.8.2020

Жаночыя «ланцугі салідарнасьці» праходзяць у Менску, Віцебску, Гомлі, Горадні і іншых гарадах Беларусі. ФОТА, ВІДЭА. Абнаўляецца

Днём 12 жніўня ў шэрагу гарадоў Беларусі пачалі зьбірацца жаночыя «ланцугі салідарнасьці». Першы прайшоў на Камароўцы аб 11-й раніцы — сілавікі сказалі разысьціся, дэманстранткі сышлі з закладзенымі за галаву рукамі, але пазьней ля рынку акцыя аднавілася.

16:44 12.8.2020

Мінсувязі Беларусі: доступ да інтэрнэту аднавілі, кампэнсацыі варта разглядаць

Міністэрства сувязі Беларусі заявіла, што з 9 да 11 жніўня «было зафіксаванае значнае абмежаваньне доступу да сэрвісаў і рэсурсаў у абанэнтаў», і адбывалася гэта «ў сувязі з множнымі кібэратакамі на інфраструктуру сетак электрасувязі беларускіх апэратараў і на сайты дзяржаўных органаў».

Пры тым беларусы наракалі на праблемы з доступам да сайтаў незалежных беларускіх выданьняў, замежных сайтаў, сацыяльных сетак і мэсэнджараў — але ня «сайтаў дзяржаўных органаў». Доступ да недзяржаўных беларускіх сайтаў можна было атрымаць з-за мяжы або праз сродкі абыходу блякаваньняў, частка зь якіх не працавала ў Беларусі.

На 12 жніўня, піша Міністэрства, «прынятыя захады далі магчымасьць практычна аднавіць доступ да сэрвісаў і рэсурсаў сеткі Інтэрнэт». Міністэрства рэкамэндавала апэратарам «разгледзець магчымасьць» пераразьліку абанэнцкай платы для пацярпелых карыстальнікаў.

14:26 12.8.2020

«Нехта мае абудзіць сьвет»: прэзыдэнт Польшчы і Сэйм Літвы зьвярнуліся ў ААН і да сусьветных лідэраў з прычыны падзеяў у Беларусі


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сувязі з падзеямі ў Беларусі 12 жніўня зьвярнуўся зь лістом у Раду правоў чалавека ААН.

Дуда запатрабаваў, каб беларускія ўлады спынілі гвалт у дачыненьні да дэманстрантаў, якія пратэстуюць супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта і вызвалілі ўсіх арыштаваных палітычных зьняволеных.

«Гэта будзе першы ліст у абарону народа Беларусі такога маштабу, — падкрэсьліў кіраўнік кабінэта прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі. — Прэзыдэнт напісаў ліст усім краінам-сябрам Рады правоў чалавека ААН. Ён накіраваў яго 47-мі краінам сьвету, членам Рады правоў чалавека ААН. Гэта спэцыяльнае ліст: заклік ня быць абыякавымі да сытуацыі ў Беларусі, выказацца».

Камітэт замежных спраў Сэйму Літвы ў сераду таксама прыняў заяву. У ёй выбары ў Беларусі названыя сфальшаванымі і прапануецца не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку законным лідэрам Беларусі.

«Камітэт замежных спраў Сэйму падкрэсьлівае, што прэзыдэнцкія выбары, якія адбыліся ў Беларусі 9 жніўня 2020 году, былі сфальсыфікаваныя, — сказана ў заяве. — Камітэт заклікае Сэйм і іншыя адказныя літоўскія інстытуты не прызнаваць вынікі выбараў у Беларусі і прэзыдэнта Лукашэнку ў якасьці законнага лідэра Беларусі».

12:46 12.8.2020

У пятніцу днём кіраўнікі МЗС краін Эўразьвязу правядуць відэасустрэчу ў пытаньні Беларусі і Турэччыны


Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.

Раней Польшча выступіла з заклікам правесьці надзвычайны саміт Эўрапейскага зьвязу ў справе Беларусі.

12:46 12.8.2020

АМАП, салдаты, ціхары. Сілавікі на вуліцах у Беларусі — хто яны?

Тэлеканал «Настоящее время» падчас шматгадзіннага відэаэфіру, прысьвечанага падзеям у Беларусі, пагаварыў з праваабаронцам Раманам Кісялёвым зь Менску пра сілавікоў, задзейнічаных у разгоне пратэстаў. Гутарку правёў Цімур Алеўскі.

— Якая колькасць затрыманьняў цяпер ужо на вуліцах?

— Людзі выходзяць на вуліцы ў розных месцах і спрабуюць неяк каардынавацца па меры ходу працэсу. Як вядома, цяпер у Менску, як і ва ўсёй Беларусі, не працуе інтэрнэт і галоўным сродкам камунікацыі зьяўляецца тэлефон.

— Мы бачылі відэа, на якім супрацоўнік АМАПу, пагражаючы бяззбройнай жанчыне загваздкай, якую ён гатовы выцягнуць з гранаты, не падпускае яе да сябе, каб дачакацца аўтобуса — мабыць, не хапае ўжо тэхнікі, — каб затрымаць непаўналетняга. Пагроза загваздкай гранаты прапісаная ў якім правіле якога кодэксу якога падразьдзяленьня, каб разумець, якімі законнымі дзеяньнямі кіруюцца гэтыя людзі цяпер?

— Давайце будзем шчырыя: ніякімі законнымі дзеяньнямі, вядома ж, яны не кіруюцца. Больш за тое, калі назіраць за тым, як праходзілі пратэсты, дакладней, як іх душылі ў мінулыя два дні, ні ў якія разумныя кодэксы і нормы гэта, вядома, не ўкладаецца. Але мы бачылі ня толькі пагрозу выбуху гранаты, мы бачылі канкрэтныя факты выбуху гранат. Сьвятлашумавыя, але яны забіваюць і калечаць людзей. І ў гэтым сэнсе, вядома ж, аб захаваньні нейкіх сур’ёзных нормаў гаварыць не даводзіцца.

Калі ў кучку ўрываецца грузавік — гэта, відавочна, таксама ні ў якім кодэксе не прапісана. І самі супрацоўнікі выдатна разумеюць, што яны дзейнічаюць па-за нормамі права. Але проста ў іх такая мэта і не стаіць. І мы бачым тое, што бачым: пастаўленая канкрэтная мэта — задушыць пратэсты, яны гэтым і займаюцца.

12:43 12.8.2020

АМАП брутальна затрымаў людзей у Лебедзеве Менскай вобласьці

Толькі што ў Лебедзеве (Маладзечанскі раён) АМАП пачаў збіваць і затрымліваць мірных людзей, якія калектыўна неслі зварот у сельвыканкам, паведамляе «Рэгіянальная газэта». Амапаўцы нецэнзурна выражаліся і крычалі на людзей, што яны хочуць прадаць краіну. Сярод людзей быў дэпутат Грымаць, якога таксама забраў АМАП.

12:34 12.8.2020

Сэнатар выступіў з заклікам да адміністрацыі ЗША адклікаць кандыдатуру на пост амбасадара ў Беларусі


Сэнатар Крыс Мэрфі заклікаў Белы дом зьняць кандыдатуру намесьніка памочніка дзяржсакратара Джулі Фішэр, прапанаваную на пасаду амбасадара ЗША ў Беларусі, у сувязі з пратэстамі, якія праходзяць у гэтай краіне пасьля выбараў прэзыдэнта, інфармуе Інтэрфакс.

12:18 12.8.2020

У крымінальнай справе ў Менску затрымалі выкладчыка Ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона

У Менску разам з Гарэлікам была ягоная жонка-амэрыканка Марыса, яе не затрымалі,. Дзе цяпер Гарэлік, ніхто ня ведае.

Стас Гарэлік — дактарант Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона. Ягоныя навуковыя інтарэсы — сучасныя аўтарытарныя рэжымы. Апошнім часам ён шмат пісаў пра беларускія выбары. Паводле назіральнікаў, гэта можа быць зьвязана з справай палітэхноляга Віталя Шклярава, якога затрымалі яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

6 жніўня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што сярод затрыманых ёсьць «уладальнікі амэрыканскіх пашпартоў, жанатыя з амэрыканкамі, якія працуюць на Дзярждэп».

12:15 12.8.2020

Аляксандар Фядута: Генэралам штораз цяжэй аддаваць загады

Тэлеканал «Настоящее время» падчас шматгадзіннага відэаэфіру, прысьвечанага падзеям у Беларусі, пагаварыў з паліттэхнолягам і публіцыстам Аляксандрам Фядутам пра цяперашнія пратэсты ў Беларусі. Гутарку правёў Цімур Алеўскі.

— Як доўга будуць выходзіць людзі на вуліцы Беларусі?

— Я думаю, што ў найбліжэйшыя два дні штосьці стане зразумела, таму што даходзяць самыя розныя навіны, у тым ліку ўжо пачалі гаварыць аб усеагульным страйку. Калі Лукашэнка ўвядзе надзвычайнае становішча, гэта будзе азначаць, што ён узурпатар ня толькі ў вачах уласнага народу, але і ў вачах усяго сьвету. Я думаю, гэта будзе пачаткам яго канца. Мы будзем проста лічыць вельмі хутка дні да таго моманту, калі ён сыдзе.

— Людзям трэба трымацца, каб прымусіць яго зрабіць гэты крок, такую выснову я павінен зрабіць з вашых словаў ці не?

— Уласна кажучы, пачатак ужо зроблены. Ён пазбаўлены легітымнасьці ў вачах беларусаў, усе ведаюць, што Цэнтральная выбарчая камісія схлусіла, калі пачала агучваць вынікі. Таму што на тых 86 участках, дзе старшыні і чальцы камісій адмовіліся выконваць загад і сапраўды падлічылі галасы, ён прайграў Сьвятлане Ціханоўскай, на ўсіх 86 участках. І гэта вельмі сур’ёзны сымптом. Гэта азначае, што калі правесьці сёньня перавыбары ці другі тур, ён іх таксама прайграе.

12:12 12.8.2020

“Свабодныя людзі – браты”. Акцыя салідарнасьці перад амбасадай Беларусі ў Варшаве. ФОТА

Перад будынкам амбасады Беларусі ў Варшаве 11 жніўня прайшла акцыя салідарнасьці зь беларускім народам, арганізаваная групай палякаў.

Удзельнікі акцыі разьвесілі на агароджы амбасады 15-мэтровы бел-чырвона-белы банэр з надпісамі «Свабодныя людзі — браты» і «Хто забівае аднаго чалавека, той забівае ўвесь сьвет». Яны таксама задзейнічалі дымавыя шашкі ў беларускіх нацыянальных колерах і на астатняй частцы агароджы дамалявалі спрэем чырвоную паласу.

«Я ўпэўнены, што гэты акт падтрымкі, які пакінуў на будынку амбасады трывалы сьлед у форме беларускага сьцяга, якога дагэтуль там не хапае, зацікавіць вас», — сказаў Свабодзе ўдзельнік акцыі Рафал Сушэк, навуковы супрацоўнік факультэту фізыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. — Але перш за ўсё я веру, што ён будзе ўспрыняты беларусамі, якія змагаюцца, як чарговы доказ прысутнасьці сярод палякаў глыбокага ўсьведамленьня ўнівэрсальных каштоўнасьцяў, якія нясе іхнае змаганьне, і нязгоды з таптаньнем чалавечай годнасьці рэжымам дыктатара Лукашэнкі».

12:04 12.8.2020

«Медуза»: Пяць прычын, чаму відэа, дзе Ціханоўская заклікае спыніць пратэсты, пастановачнае


Пасьля ад’езду Сьвятланы Ціханоўскай у Літву, у інтэрнэце зьявіліся два яе відэазвароты. У першым, апублікаваным на канале яе мужа, яна глядзіць у камэру і распавядае, што ў яе не было выбару, таму яна вырашыла зьехаць. У другім звароце, выкладзеным у праўладным телеграм-канале, Ціханоўская, чытаючы тэкст па паперцы, заклікае спыніць пратэсты.

Вось, паводле выданьня «Медуза», пяць прычын, чаму гэтае відэа было запісанае пад ціскам.

12:02 12.8.2020

«Дыктатар надакучыў, і супраць яго паўстаў народ. Ніякай ролі Расеі тут няма». Расейскі палітоляг пра «сьлед Крамля» ў пратэстах у Беларусі

Расейскі палітоляг Андрэй Калесьнікаў адмаўляе, што ў пратэстах у Беларусі ёсьць «рука Крамля» або яны былі інсьпіраваныя нейкімі сіламі на Захадзе: паводле яго, супраць Лукашэнкі «паўстаў народ», якому «надакучыў дыктатар».

Аднак Андрэй Калесьнікаў прагназуе, што пратэсты ў Беларусі стануць пачаткам «вельмі сур’ёзнай гісторыі і для Лукашэнкі, і для Расеі, і для ўсёй постсавецкай прасторы».

На чым грунтуе свае прагнозы Калесьнікаў? Пра гэта яго распытала карэспандэнт «Настоящего времени» Ірына Рамалійская.

11:56 12.8.2020

Затрыманай Крысьціне Вітушцы не даюць жыцьцёва неабходных лекаў

Крысьціне, якая мае цукровы дыябэт, дагэтуль не перадалі жыцьцёва неабходных лекаў. Адваката не пускаюць. Вядомы дзіцячы доктар-рэаніматоляг Андрэй Вітушка і ягоная жонка, маркетоляг і бізнэс-аналітык Крысьціна Вітушка, перасталі выходзіць на сувязь 10 жніўня ўвечары.

11:50 12.8.2020

Жанчыны сталі ў «ланцуг салідарнасьці» на Камароўскім рынку ў Менску

11:42 12.8.2020

11:37 12.8.2020

Былы прэм’ер-міністар Украіны Яцанюк: «Трэба паапладаваць беларускаму народу»

Пра тое, што адбываецца ў Беларусі і як гэта адрозьніваецца ад падзей Эўрамайдану ва Ўкраіне, вядоўца жывога відэаэфіру тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі пагутарыў з былым украінскім прэмʼер-міністрам Арсеніем Яцанюком.

11:29 12.8.2020

Супрацоўнікі Інстытуту фізыкі заявілі пра «італьянскі страйк»

Пра гэта Свабодзе паведаміў старшы навуковы супрацоўнік Іван Сіўцоў. Раніцай 12 жніўня больш за дзясятак супрацоўнікаў Інстытуту фізыкі занялі месца ў фае ўстановы. Перад сабой паставілі плякат з патрабаваньнямі да ўладаў:

— на падставе масавых фальсыфікацый не прызнаваць вынікаў галасаваньня на выбарах прэзыдэнта;

— выпусьціць палітзьняволеных і затрыманых падчас акцый пратэсту ў дзень і пасьля выбараў;

— падключыць інтэрнэт, безь якога праца ў цяперашніх умовах робіцца немагчымай.

11:26 12.8.2020

Тэлеканал «Настоящее время» штодня робіць жывую відэатрансьляцыю, прысьвечанаю падзеям у Беларусі.

10:07 12.8.2020

Затрыманы ў Менску ўначы 10 жніўня спэцыяльны карэспандэнт выданьня «Медуза» вярнуўся ў Расею. Яго па беларускай тэрыторыі суправаджалі два супрацоўнікі пасольства РФ.

10:05 12.8.2020

У Беларусі забаранілі продаж піратэхнікі

Такую пастанову прыняў Савет Міністраў 11 жніўня. Салюты і пэтарды выкарыстоўвалі пратэстоўцы падчас акцый супраць фальсыфікацыі выбараў. Пратэсты трываюць ужо тры дні. Прадстаўнікі сілавых структураў для разгону пратэстаў кідалі сьвятлашумавыя гранаты і стралялі гумовымі кулямі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG