5 жніўня Яўген Шчур пайшоў назіраць за выбарамі на ўчастак, разьмешчаны ў будынку вясковай школы ў Жыткавіцкім раёне. Спачатку ён апынуўся ў міліцыі, потым — у ізалятары часовага ўтрыманьня, потым — у судзе.
Яўгена Шчура абвінавацілі ў дробным хуліганстве. У пратаколе міліцыя напісала склад правапарушэньня: «наўмысна, з хуліганскіх памкненьняў, ня маючы прычын наведваньня школы, ігнараваў патрабаваньні дырэктара школы пакінуць рэжымны аб’ект. Сваімі дзеяньнямі парушыў грамадзкі парадак і дзейнасьць арганізацыі, якія выявіліся ў яўнай непавазе да грамадзтва».
Яўген не пагадзіўся з абвінавачаньнямі. Але суд аштрафаваў яго на 81 рубель.
«Я акрэдытаваўся назіральнікам на ўчастак, дзе ніколі не было назіральнікаў. Як толькі я зьявіўся, аднекуль прыйшлі і „свае“ назіральнікі. Мне не хапіла месца. Я застаўся ў калідоры выконваць сваю місію. Дырэктар школы Галіна Блоцкая патрабавала ў няветлівай форме, каб я сышоў, бо гэта рэжымны аб’ект. Я спытаўся ў міліцыянта, які сядзеў на ўчастку, ці парушаю я нешта. Той адказаў, што не. Але дырэктар выклікала на мяне міліцыю. Мяне завезьлі ў РАУС, потым — на ІЧУ», — кажа назіральнік.
Ён зьвяртае ўвагу, што да ўчастку прыпісаныя толькі 150 выбарцаў.
«І ўсё роўна камісія нечага баіцца, нешта хочуць зрабіць сваё, калі мяне прыбралі з участку. Але сёньня я зноў тут і назіраю за выбарчым працэсам», — дадаў Яўген.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.