Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаго са стваральнікаў плятформы для альтэрнатыўнага падліку галасоў «Голас» трымаюць у СІЗА КДБ


Камітэт дзяржбясьпікеі Беларусі, ілюстрацыйнае фота
Камітэт дзяржбясьпікеі Беларусі, ілюстрацыйнае фота

4 жніўня ў Менску затрымалі Ільлю Шапаткоўскага, аднаго са стваральнікаў плятформы «Голас». Цяпер ён у сьледчым ізалятары КДБ. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці Ільлі Алена.

Яна расказала, што супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, у якім Ільля ехаў у Менск. Яго затрымалі і адвезьлі дадому ў Ратамку, дзе восем чалавек правялі вобшук.

«Зразумела, што за ім сачылі, бо ад раніцы ў нас тут кругом стаяла ДАІ, сядзелі нейкія людзі».

Пасьля вобшуку, які праводзілі васьмёра супрацоўнікаў, Ільлю Шапаткоўскага зьвезьлі. Пакуль абвінавачаньне яму не прад’яўлена. Учора Ільлю доўга дапытвалі, але адвакатка не расказала ніякіх падрабязнасьцяў, бо «пакуль ня можа гаварыць».

«Мы людзі адкрытыя, усё навідавоку, нічога не хаваем. Але ў нас чалавека можна абвінавачваць у чым заўгодна. Усё будзе залежаць ад сытуацыі, як будзе выгадна ўладам.

Пакуль нібыта нейкія фінансавыя парушэньні, ён у фірме працаваў. А заўтра, можа, яшчэ ў нечым абвінавацяць, — кажа маці. — Цяпер вось заявілі, што трэба з плятформай „Голас“ разьбірацца, што гэта незаконна. І, магчыма, ужо заўтра будзе інакш. Закон што дышаль, куды паверне, туды і выйшла».

Спадарыня Алена сказала, што з болем у сэрцы, з горыччу ставіцца да затрыманьня сына.

«Мой сын сумленны, разумны хлопец, і мне за яго ня сорамна. Проста такая сытуацыя, у такой краіне жывём», — сказала яна.

Жонку Маю разам з трыма дзецьмі Ільля раней вывез за межы Беларусі ў бясьпечнае месца. Яна кажа, што ў бізнэсе Ільлі «усё было чыста, без сумневаў».

«Ільля не рабіў нічога супрацьзаконнага, ён сумленна, аддана днём і ноччу працаваў над тым, каб сёлета сытуацыя ў краіне памянялася. Вакол „закрывалі“ многа такіх жа сумленных, шчырых і сьмелых людзей, таму мы ведалі, што тэарэтычна так можа адбыцца. У глыбіні душы я, канечне, спадзявалася на пазытыўны сцэнар. Мы не здаёмся! Нас не раздушыць! Нас вельмі многа, і разам мы пераможам!» — сказала Свабодзе Мая.

Раней Tut.by паведаміў, што Ільлю затрымалі ў рамках справы «Белгазпрамбанку».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG