Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта сутычка Давіда з Галіятам», — польскі палітоляг пра беларускія выбары


Размова пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі з палітолягам Адамам Бальцэрам, праграмным дырэктарам Калегіюму Ўсходняй Эўропы ва Ўроцлаве.

Сьцісла

  • Лукашэнка яшчэ ніколі ня быў сьведкам такога грамадзкага супраціву.
  • У Беларусі адбываецца народнае абуджэньне.
  • Беларусы прайшлі свой Рубікон.
  • Эўразьвязу варта прапанаваць пакет падтрымкі для грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі ў Беларусі.
  • Падтрымка для грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі ў Беларусі важнейшая, чым санкцыі супраць Лукашэнкі.

— Ці чакалі вы тры месяцы таму, калі прэзыдэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі яшчэ не пачалася, што яна можа выклікаць ажно такую палітычную актыўнасьць беларусаў?

— Я думаю, гэта для ўсіх была нечаканасьць. Ну, калі Віктару Бабарыку ўдалося сабраць 360 тысяч подпісаў у 9,5-мільённай краіне з моцна аўтарытарным рэжымам, дык гэта сапраўды ўражальнае дасягненьне. І ніхто не чакаў, што Сьвятлана Ціханоўская зможа сабраць на выбарчы мітынг у сталіцы пад 60 тысяч чалавек. Па-мойму, Лукашэнка з часу ўступленьня на прэзыдэнцкую пасаду яшчэ ніколі ня быў сьведкам такой грамадзкай мабілізацыі і грамадзкага супраціву, як цяпер.

— Як бы вы назвалі тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі — абуджэньне народу, выбарчая рэвалюцыя, канец страху перад рэжымам? Ці, можа, гэта яшчэ нешта іншае?

— Я пачакаў бы з дакладным адказам да 9 жніўня, каб пабачыць, што будзе ў гэты дзень і што здарыцца ў наступныя дні. Толькі тады, як мне здаецца, можна будзе адэкватна ацаніць тое, што адбываецца. Цяпер, назіраючы за гэтай вялікай грамадзкай мабілізацыяй, можна сказаць, што адбываецца народнае абуджэньне — таму што маштаб гэтай зьявы сапраўды імпануе.

Магчыма, можна гаварыць і пра рэвалюцыю, хоць застаецца пытаньне, чым яна скончыцца — перамогай ці паразай? Бо з даволі вялікай доляй імавернасьці можна дапусьціць, што цяперашні прэзыдэнт сфальсыфікуе выбары, і гэта, у сваю чаргу, выкліча маштабныя пратэсты — таму што цяпер бачым вялікую мабілізацыю, ну, і летні час пратэстам спрыяе, у адрозьненьне ад сьнежня 2010-га…

На жаль, таксама вялікая імавернасьць таго, што гэтыя пратэсты будуць жорстка здушаныя. Я не выключаю і такога сцэнару, у якім могуць быць і сьмяротныя ахвяры, а шмат людзей будзе зьбітых і трапіць у вязьніцы.

Па-мойму, нечаканасьцю для ўсіх было ня толькі тое, як актыўна беларусы ўключыліся ў выбарчую кампанію, але яшчэ большай нечаканасьцю стаў факт, што тварам і сымбалем пратэстаў супраць далейшага панаваньня Аляксандра Лукашэнкі стала жанчына. Як вы гледзіце на гэтую сытуацыю і як ацэньваеце выбарчыя шанцы Сьвятланы Ціханоўскай?

— Я думаю, што і сама Сьвятлана Ціханоўская зьдзіўленая гэтай сытуацыяй, у якой яна апынулася. Я ня бачыў яе ў твар, але, паглядзеўшы мітынгі, на якіх яна выступала, магу сказаць, што ў яе напэўна ёсьць тое, што акрэсьліваюць сёньня ўжо сьцертым словам «харызма». І яна напэўна нечаканасьць для рэжыму, моцна патрыярхальнага рэжыму з архаічным правадыром, які за «хакей, трактар, гарэлку, лазьню» і гэтак далей. Па-мойму, яны яе недаацанілі, і тут дзейнічае фактар нечаканасьці.

Думаю, што і беларусы, якія яе падтрымліваюць, не чакалі такога. Маштаб падтрымкі Ціханоўскай — скажам, 60 тысяч чалавек на мітынгу ў сталіцы — паказвае, што беларусы прайшлі пэўную мяжу, прайшлі рубікон. І цяпер мы маем эфэкт сьнежнага камяка. Можна, напрыклад, супаставіць яе перадвыбарчыя сустрэчы з дэманстрацыямі некалькіх апошніх гадоў у Польшчы, і тады мы ўбачым, што гэтая лічба для Беларусі — 60 тысяч — сапраўды ўражальная. І мы тут гаворым пра краіну, якую Freedom House залічвае да несвабодных.

Жанчын, якія ўваходзяць у палітыку, часта недаацэньваюць, — гэта шырэйшая зьява. Жанчыны ў палітыцы часта маюць пачуцьцё місіі. У Ціханоўскай гэтае пачуцьцё напэўна зьвязанае з мужам, які сядзіць у турме. Народная падтрымка, якая рухае такімі жанчынамі, плюс некаторыя рысы характару дазваляюць ім станавіцца палітыкамі ў ходзе кампаніі. У выпадку Ціханоўскай, думаю, адбываецца падобны працэс.

Таму для ўсіх гэта выглядае як шок. Ну бо трэба сказаць адкрыта: Ціханоўская — чалавек зь ніадкуль. «Жонка вядомага блогера», якая раптам становіцца сымбалем супраціву аўтарытарнаму рэжыму. Думаю, яна паказвае нам, як выглядае сутычка Давіда з Галіятам. І шмат хто з гэтай прычыны можа ідэнтыфікаваць сябе зь ёю.

Калі б гэтыя выбары праводзіліся ў нармальных або хоць квазі-нармальных умовах, і калі б галасы на іх лічылі, то можна дапусьціць, што Сьвятлана Ціханоўская атрымала б падтрымку большую ня толькі за трох іншых альтэрнатыўных кандыдатаў, але і за падтрымку для цяперашняга рэжыму. Гэта, паўтару, маё дапушчэньне. Але ж галасоў лічыць ня будуць.

— Дапусьцім, кіраўніца ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына на наступным тыдні абвяшчае чарговую «элегантную перамогу» Аляксандра Лукашэнкі з 75-працэнтнай падтрымкай электарату. Якую параду вы далі б польскім уладам — ураду або прэзыдэнту — калі б яны запыталіся ў вас, як ім рэагаваць на такі вынік выбараў у Беларусі?

— Шкада, што Варшава цяпер такая пасіўная. На жаль, калі мы паглядзім на паводзіны Польшчы, то на фоне, напрыклад, Літвы, якая гучна выказваецца аб несумленных выбарах у Беларусі, Польшча выглядае занадта пасіўнай. Мая падказка — Польшча яшчэ перад днём галасаваньня 9 жніўня павінна ясна даць зразумець, якая будзе наша рэакцыя.

Больш імаверны сцэнар разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі пасьля выбараў такі, што беларусы не пагодзяцца з «элегантнай перамогай» і будзе грамадзкая рэакцыя. Таму я раіў бы, каб Польшча гучна гаварыла пра беларускую сытуацыю на эўразьвязаўскім форуме, каб рабіла гэта супольна з тымі чальцамі Эўразьвязу, для якіх Беларусь — важная краіна. Як мне здаецца, акрамя Польшчы насамрэч толькі дзьве краіны выказваюць больш заўважную зацікаўленасьць і ангажаванасьць у беларускім пытаньні: Літва і Нямеччына. Але гэта хутчэй маё wishful thinking, бо хоць Польшча мае цяпер вельмі добрыя адносіны зь Літвой, то зь Нямеччынай яны выглядаюць па-рознаму. Аднак я дапускаю, што ў беларускай справе можна было б нешта выпрацаваць разам і зь Нямеччынай.

Поле манэўру і Польшчы ў прыватнасьці, і Эўразьвязу агулам у адносінах да Беларусі абмежаванае. Бо Беларусь найбольш з усіх былых савецкіх рэспублік залежыць ад Расеі, і эканамічна, і вайскова, і зь іншых бакоў, зь якога ні глянь. Можна, вядома, паспрабаваць пагаварыць з Лукашэнкам, хоць, па-мойму, такая размова загадзя асуджаная на паразу Эўразьвязу. Але ў такой магчымай размове трэба было б выразна давесьці да яго ведама, што ў выпадку выкарыстаньня ім гвалту ў шырокім маштабе будуць уведзеныя моцныя санкцыі.

І адначасова Эўразьвязу варта прапанаваць нейкі цэласны пакет падтрымкі для грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі ў Беларусі. Я тут не адкрываю Амэрыкі, але калі глянем на так званую official development assistance з боку краінаў Эўразьвязу для Беларусі, то яна акажацца невялікай. Гэтую дапамогу можна было б выдаткоўваць у краінах Эўразьвязу, бо напэўна людзі зь Беларусі будуць туды ўцякаць. Трэба падтрымліваць незалежныя мэдыя, трэба падтрымліваць тых, каго ў Беларусі перасьледуюць. Прыкладам, у Польшчы замерла праграма Каліноўскага, і, пэўна, трэба будзе яе ажывіць.

Карацей, калі б я мог даваць парады ўладам у Польшчы, то прапанаваў бы нешта такое — санкцыі супраць рэжыму і падтрымка для людзей, якіх гэты рэжым перасьледуе. Каб рабіць гэта разам з інстытуцыямі Эўразьвязу і краінамі, для якіх Беларусь мае значэньне і якія маюць значэньне ў Беларусі.

— Эўразьвяз увёў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі пасьля выбараў 2010 году. Як вы лічыце, яны далі нейкі вынік ці не?

Адам Бальцэр
Адам Бальцэр


— Я не глядзеў бы на санкцыі выключна як на нешта, што мае даць канкрэтныя вынікі. Санкцыі — гэта пакараньне. Гэта рэакцыя на тое, што адбываецца нешта недапушчальнае. Прытым дзеяньне санкцый шмат у чым залежыць ад кантэксту. Усім зразумела, што Эўразьвяз ня можа ўплываць на Беларусь у такой ступені, як Расея. Усе таксама разумеюць, што санкцыі супраць Лукашэнкі толькі мацней штурхаюць Беларусь у бок Расеі. Таму, па-мойму, важнейшай за санкцыі будзе тая «другая нага» — падтрымка для беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Раней чуваць былі аргумэнты, што, маўляў, няма сэнсу дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці, бо яна вельмі слабая. Беларусы пасіўныя, апазыцыя падзеленая, перасвараная, слабая і без значэньня. Усе гэтыя аргумэнты, як выглядае, цяпер ня маюць пад сабой моцнай падставы. Рэч у тым, каб не растраціць таго, што сталася ў Беларусі за некалькі апошніх месяцаў. Як для мяне, у Беларусі за гэтыя некалькі месяцаў наступіла якасная зьмена.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG