17 найцікавейшых цытатаў, фотагалерэя
У першы дзень датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка зачытаў пасланьне да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Фармальна пасланьне не зьвязана з выбарамі — такое ладзяць штогод, але звычайна вясной. Сёлета пасланьне пераносілі двойчы: спачатку з красавіка на 3 жніўня, пасьля на яшчэ адзін дзень пазьней. Перанос першы раз зьвязалі з эпідэміяй каранавірусу (які, як пазьней заявіў Лукашэнка, ён «перанёс на нагах»), другі раз заявілі, што пераносу няма. Пасланьне адбылося не ў парлямэнцкай залі Дому ўраду, як звычайна, а ў Палацы Рэспублікі ў Менску, на яго запрасілі каля 2500 чалавек.
Падчас пасланьня Лукашэнка, сярод іншага, заявіў аб умяшальніцтве ў беларускую выбарчую кампанію з-за мяжы, расказаў пра «ПВК Вагнэра» і новы атрад «баевікоў», які прыбыў на поўдзень Беларусі: «Пакуль гарачай вайны няма, не страляюць. Яшчэ кручок не націснулі. Але спроба арганізаваць бойню ў цэнтры Менску відавочная».