Лукашэнка штучна малюе апакаліптычную карціну сьвету. «Плянэта скочваецца ў прорву». І на гэтым тле адзіная выспа стабільнасьці — Беларусь. Нічога новага. Старая прапагандысцкая схема, якая заклікана апраўдаць усе унутраныя праблемы.
Расея памяняла братэрскія адносіны на партнэрскія
Лукашэнка акцэнтаваўся на геапалітычных рэаліях. ЗША ўступілі ў працэс пастаяннай турбулентнасьці, у Кітаі выбухнуў Ганконг, заіскрыла на мяжы Індыі і Пакістану, ачагі нестабільнасьці ў Паўночнай Афрыцы. Дый на постсавецкай прасторы — Прыднястроўе, армяна-азэрбайджанскі канфлікт, а цяпер яшчэ і Ўкраіна. І на гэтым разломе апынулася Беларусь — адзінае зьвяно, якое жыве сваім розумам.
«Беларусь не сябруе з кімсьці супраць кагосьці. Мы за шматвэктарную прадказальную палітку. Расея будзе саюзьнікам, хто б ня быў ва ўладзе ў Менску і Маскве. Хоць Расея і памяняла братэрскія адносіны на партнэрскія», — сказаў Лукашэнка.
2500 чалавек слухаюць Лукашэнку
Пачалося пасланьне Лукашэнкі да народу і парлямэнту. У залі прысутнічаюць чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі. Сярод прысутных заўважаны Віктар Лукашэнка, дэпутат Ігар Марзалюк, давераная асоба Лукашэнкі на гэтых выбарах і дэпутат Алег Гайдукевіч, экс-кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Генадзь Давыдзька.
На сцэне за Аляксандрам Лукашэнка ўсталявалі экран, дзе трансьлюецца сэнсавы відэашэраг выступу: калі Лукашэнка кажа пра ваенныя канфлікты, паказваюць вайсковую тэхніку.
«Плянэта скочваецца ў бездань»
Сваё пасланьне да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка пачаў з заявы, што ў жыцьці кожнай дзяржавы і ўсяго сьвету адбываюцца падзеі, якія ўплываюць на ход гісторыі.
Прызнаў, што сотні тысяч жыцьцяў па ўсім сьвеце забрала пандэмія, пачаў трашчаць па швах Эўрапейскі зьвяз. Таму сёньняшнюю сытуацыю трэба разглядаць у кантэксьце міжнародных падзеяў.
«Трасе ўсю плянэту! — адзначыў ён. Увесь сьвет апусьціўся ў хаос гандлёвых войнаў і інфармацыйнага супрацьстаяньня. Расьце напружанасьць у вайсковай сфэры, больш за траціну дзяржаваў так ці інакш уцягнутыя ва ўзброеныя канфлікты. Плянэта скочваецца ў бездань». Пандэмія стала фактычна прыкрыцьцём для бесцырымоннай рэалізацыі асноўнымі сусьветнымі гульцамі сваіх замежнапалітычных і гандлёва-эканамічных амбіцыяў, прычым мэтадамі рознымі, ня грэбуюць нічым.
Трансьляцыя на дзяржаўнай тэлевізіі распачалася, Лукашэнка выйшаў на сцэну. Перад пачаткам звароту грае дзяржаўны гімн
Праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты
Толькі ў дзень пасланьня дзяржаўныя газэты апублікавалі праграмы ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Аляксандар Лукашэнка абяцае падвоіць сярэдні заробак за «пяцігодку». Што абяцаюць іншыя кандыдаты, чытайце тут >>