Дырэктар Парку высокіх тэхналёгій Усевалад Янчэўскі ў інтэрвію тэлеканалу АНТ сказаў, што некалі прасіў Аляксандра Лукашэнку «перагарнуць старонку», калі ранейшы кіраўнік ПВТ Валеры Цапкала мог стаць фігурантам крымінальнай справы.
Янчэўскі пракамэнтаваў словы вядучага аб тым, што Цапкала, які паспрабаваў стаць кандыдатам у прэзыдэнты, у свой час «стаяў на парозе турэмнай камэры».
«Гэта праўда, але там, дарэчы, гаворка ішла ня толькі пра Цапкалу. Гэта была вельмі буйная справа адной з фірмаў. Там былі вельмі сур’ёзныя падатковыя парушэньні, якія, дарэчы, яны потым самі прызналі і кампэнсавалі. Былі тады матэрыялы і па Цапкалу. Я тады непасрэдна прасіў кіраўніка дзяржавы ад імя IT-супольнасьці, вобразна кажучы, „перагарнуць старонку“. Я сам прасіў проста для таго, каб нейкае другое дыханьне атрымала гэтая галіна. Для таго, каб інвэстары глядзелі і бачылі, што тут усё спакойна, стабільна, што тут вельмі добрае стаўленьне, каб хлопцы новыя нічога не баяліся і не апасаліся. І прэзыдэнт гэта падтрымаў. Прэзыдэнт заўсёды вельмі ўважліва глядзеў на тое, што ПВТ дасьць не толькі айцішнікам, але ўсёй краіне», — дае цытату Янчэўскага «Наша Ніва».
Раніцай 24 ліпеня стала вядома, што Валер Цапкала разам зь дзецьмі зьехаў зь Беларусі. Ён патлумачыў такое рашэньне тым, што яго сябры ў праваахоўных органах папярэдзілі, што рыхтуецца яго арышт. Ягоная жонка Вераніка засталася ў Беларусі і ўдзельнічае ў кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. 2 жніўня зьявілася паведамленьне, што Цапкала зьехаў з Масквы і цяпер знаходзіцца ў Кіеве.